Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля Сьлепанароджанага - субота ўвечары


 

 

Нядзеля Сьлепанароджанага - субота ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу": песьні нядзельныя 5 тону, пасьля наступныя:

(Тон 2). Сьлепанароджаны, у думках сваіх, казаў: "Ці не за грэх бацькоў маіх нарадзіўся я без вачэй? А можа за няверства людзей – як перасьцярога, – я такі? Ня ведаю, калі ноч, а калі дзень, і не магу ўстаяць на нагах маіх, спатыкаючыся аб каменьне. Ня бачыў я ні сонечнага сьвятла, ані вобразу Тварца майго. Дык малюся Табе, Хрысьце Божа: Глянь на мяне спагадліва і зьлітуйся нада мною". (Двойчы)

Ідучы са сьвятыні, Ісус сустрэў чалавека, сьляпога ад нараджэньня і, зьлітаваўшыся над ім, памазаў вочы ягоныя гразьзю і сказаў: "Ідзі, памыйся ў Сілааме". Ён, памыўшыся, пачаў бачыць, і аддаў славу Богу. Ягоныя ж суседзі пыталіся ў яго: "Хто адчыніў табе зрэнкі, якіх ніхто аздаравіць ня мог?" А ён усклікнуў: "Чалавек, званы Ісусам, сказаў мне: Памыйся ў Сілааме, і я пачаў бачыць. Гэта сапраўды Той, пра якога Майсей сказаў у Законе, што Ён Хрыстос-Мэсыя і Збавіцель душ нашых".

Слава...: (тон 5). Ідучы дарогаю, Ты, Госпадзе, сустрэў слепанароджанага чалавека. Вучні, зьдзіўленыя, пыталіся ў Цябе: "Настаўнік, хто зграшыў – ён ці бацькі ягоныя, – што сьляпым нарадзіўся?" А Ты, Збавіцелю мой, адказаў ім: "Ні ён, ані бацькі яго не зграшылі, але таму ёсьць так, каб сіла Божая аб'явілся на ім. Мне трэба рабіць справу Таго, хто паслаў мяне, учынкі, якіх ніхто іншы ня можа рабіць". Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю і, зьмяшаўшы гразь, памазаў вочы сьляпому і сказаў: "Ідзі і памыйся ў Сілаамскай сажалцы". І ён, памыўшыся, выздаравеў і ўсклікнуў "Веру, Госпадзе!" і пакланіўся Табе. Дзеля гэтага і мы клічам: "Зьмілуйся над намі!"

Цяпер...: Дагматык пятага тону


Вершапесьні

(Тон 5). Цябе, Збавіцелю Хрысьце, што аб'явіўся ў целе, не адлучыўшыся ад неба, песьнямі звонкімі ўзьвялічваем, бо Ты крыж і сьмерць пацярпеў за род наш і, як чалавекалюбны Госпад разбурыў браму пякельную і на трэці дзень уваскрос, даючы збаўленьне душам нашым.

Верш. Хай уваскрэсьне Бог... і г.д. (Велікодныя песьні)

Слава...: (тон 8). Ты, Хрысьце Божа, духоўнае Сонца справядлівасьці, падвойна прасьвятліў Тваім усячыстым дотыкам таго, хто ад нараджэньня быў пазбаўлены сьвятла. Дык асьвятлі і нашыя душэўныя вочы, і зрабі нас дзецьмі дня, каб нам з вераю ўсклікаць: "Вялікая і невыказная спагадлівасьць Твая да нас, Чалавекалюбча. Слава Табе!"

Цяпер...: Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; скажам "Браты" і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны (тон 5). Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам, ад Дзевы народжанае для збаўленьня нашага, усхвалім, верныя, і паклонімся Яму. Бо Ён захацеў дабравольна целам узысьці на крыж і сьмерць пацярпець, і ўваскрасіць памёрлых слаўным уваскрасеньнем сваім.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 5). Радуйся, брама Гасподняя непраходная! Радуйся, ахова і апякунка тых, што прыходзяць да Цябе! Радуйся, ціхае прыстанішча! Радуйся Ты, што без мужа нарадзіла ў целе Творцу і Бога Твайго! Не пераставай маліцца за тых, што славяць Народжанага ад Цябе і пакланяюцца Яму.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст