Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля Сьлепанароджанага ўвечары


 

 

Нядзеля Сьлепанароджанага ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 5). Сьвятло людзкой прыроды і вока гэтага сьвету, Ты, Божа і Слова, Творца ўсіх і Ўладару, невыказна вылечыў вочы сьляпога, зьмяшаўшы балота пальцамі, што твораць і балота, і зрок. І вось той, хто быў вядомы людзям як сьляпы ад нараджэньня і ня бачыў ніколі сонца, убачыў Цябе – Сонца любові, вобраз Таго, хто дзеля нас у вялікай міласэрнасьці сонца стварыў.

Абдараны ўсімі патрэбнымі членамі і складам людзкога цела, сьлепанароджаны, ня маючы зроку, ня мог гэтага ацаніць; ногі яго і ўсё цела цярпелі ад частага спатыканьня аб каменьне. Пасьля ж таго, як ён атрымаў ад Цябе той вялікі скарб, ён зірнуў на Сьвятло сьвету і вызнаў Цябе як Бога і Ўладара стварэньня, і Творцу сусьвету.

Той, хто быў раней сьляпым, вызнаў вуснамі, душою і розумам як Уладара сусьвету і Тварца ўсяго стварэньня Таго, хто творчаю рукою адчыніў зрэнкі вачэй яго і вярнуў яму зрок. Ён сьмела прапаведаваў Ісуса, усемагутнага Бога, які ў міласэрнасьці сваёй стаўся чалавекам. Зайздросныя кніжнікі не маглі цярпець ягоных размоваў і ў засьляпленьні сваім выгналі яго, асудзіўшы і Таго, хто вярнуў яму зрок душэўны і цялесны.

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Сьлепанароджаны падумаў у сабе і сказаў: "Ці не за грэх бацькоў маіх нарадзіўся я без вачэй? А можа за няверства людзей – як перасьцярога, – я такі? Ня ведаю, калі ноч, а калі дзень, і не магу ўстаяць на нагах маіх, спатыкаючыся аб камяні. Ня бачыў я сонечнага сьвятла, ані вобразу Творцы майго. Дык малюся Табе, Хрысьце Божа: "Глянь на мяне спагадліва і зьлітуйся нада мною".


Вершапесьні

(Тон 5). Пачэсным крыжом Тваім, Хрысьце, Ты д'ябла пасароміў, і ўваскрасеньнем Тваім джала сьмерці прытупіў, і выбавіў нас ад варотаў сьмерці. Слава Табе, Адзінародны.

Госпадзе, не перастаю грашыць, і не хачу зразумець Тваёй спагадлівасьці да мяне. Разьвей маё неразуменьне, Адзіны Добры, і зьмілуйся нада мною.

Ня дбаючы пра дачаснае і наважыўшыся мужна на мукі, вы, слаўныя мучанікі, ня страцілі надзеі блаславёных і атрымалі ў спадчыну нябеснае валадарства. Маючы сьмеласьць у чалавекалюбнага Бога, выпрасіце сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Ідучы са сьвятыні, Ісус сустрэў чалавека сьляпога ад нараджэньня і, зьлітаваўшыся над ім, памазаў вочы ягоныя гразьзю і сказаў: "Ідзі, памыйся ў Сілааме". Ён памыўся і пачаў бачыць, і аддаў славу Богу. Ягоныя суседзі пыталіся ў яго: "Хто адчыніў твае зрэнкі, якіх ніхто аздаравіць ня мог?". А ён усклікнуў, кажучы: "Чалавек на імя Ісус сказаў мне: Памыйся ў Сілааме, і я пачаў бачыць. Гэта сапраўды той, пра якога Майсей сказаў у Законе, што Ён Хрыстос-Мэсія і Збавіцель душ нашых".


Адпушчальныя трапары

Сьвятога дня

Слава... цяпер...

Уваскросны (тон 5). Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам, ад Дзевы народжанае для збаўленьня нашага, усхвалім, верныя, і паклонімся Яму. Бо Ён захацеў дабравольна целам узысьці на крыж і сьмерць пацярпець, і ўваскрасіць памёрлых слаўным уваскрасеньнем сваім.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст