Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Панядзелак пасьля Сьлепанароджанага ўвечары


 

 

Панядзелак пасьля Сьлепанароджанага ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 5). Творца і Ўладар усяго стварэньня стаўся чалавекам дзеля любові да твораў сваіх; узяўшы зямлю і плюнуўшы на яе, Ён вярнуў зрок сьляпому, які вуснамі, душою і розумам вызнаў Яго і прапаведаваў як усемагутнага Бога. Кніжнікі ж і тыя, што былі з імі, асьлепленыя зайздрасьцю і ня могучы глядзець на цуд, адлучаюць ранейшага сьляпога ад грамады і асуджаюць Таго, хто даў яму зрок душэўны і цялесны.

Сьляпы атрымаў перамогу над тымі, што мелі добры зрок: ён убачыў Творцу і Госпада, які вярнуў сьвятло вачам яго, і, убачыўшы, вызнаў Яго, як Сьвятло ўсіх, Сына Божага і Ўладара сусьвету. Тыя ж, асьлепленыя злоснай зайздрасьцю, глядзелі і нічога ня бачылі і, змовіўшыся, не захацелі прызнаць цуду.

Падазроным здаўся кніжнікам сьляпы, якому адчыніліся вочы, і яны не паверылі, што ён раней ня бачыў, але абвінавацілі яго, што ён за намоваю Збавіцеля ўдаваў сьляпога. Для іх, асьлепленых душою, цёмнымі былі сьвятыя пісаньні, з якіх зьзяе сапраўднае Сонца, што абнаўляе суботняе дзеяньне, асьвятляе ўсе стварэньні, здымае покрыва з вачэй іх і вяртае зрок раней сьляпым, каб, прасьветліўшыся, яны прапаведавалі сьвету Сьветладаўца.

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Ты, Хрысьце Божа, духоўнае Сонца праўды, падвойна прасьвятліў Тваім усячыстым дотыкам таго, хто ад нараджэньня быў пазбаўлены сьвятла. Дык апрамень і нашыя душэўныя вочы, і зрабі нас дзецьмі дня, каб нам з вераю клікаць: "Вялікая і невыказная спагадлівасьць Твая да нас, Чалавекалюбча. Слава Табе."


Вершапесьні

(Тон 5). Той, хто дае ўваскрасеньне роду людзкому, быў ведзены на ахвяру, быцам ягнё. Уладары пякельныя сумеліся і адчыніліся вароты плачу, бо ўвайшоў Уладар славы Хрыстос, кажучы вязьням: "Выходзьце!", і тым што ў цемры: "Хадзіце да сьвятла!"

Госпадзе, я ў страху перад Табою і не пакідаю рабіць зло. Хто на судзе не баіцца судзьдзі? Або, хочучы аздараўленьня, гнявіць лекара, як я Цябе? Доўгацярплівы Госпадзе, будзь спагадлівы да маёй слабасьці і зьмілуйся нада мною.

Засланіўшыся шчытом веры і ўмацаваўшы сябе знакам крыжа, сьвятыя Твае, Госпадзе, адважна выйшлі на змаганьне і перамаглі д'ябальскую гордасьць і ману; малітвамі іх, Божа ўсемагутны, даруй сьвету супакой і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Дзеля вялікай любові Ты, Хрысьце Божа, прыняў цела і ў невыказнай міласэрнасьці Тваёй зжаліўся над тым, хто ад нараджэньня ня бачыў сьвятла. Дакрануўшыся да ягоных зрэнак Тваімі творчымі пальцамі,Ты ўдастоіў яго Боскага зьзяньня. Цяпер, адзіны Добры Сьветладаўца, прасьвятлі і нашыя душэўныя пачуцьці.


Адпушчальныя трапары

Сьвятога дня

Слава... цяпер...

Уваскросны (тон 5). Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам, ад Дзевы народжанае для збаўленьня нашага, усхвалім, верныя, і паклонімся Яму. Бо Ён захацеў дабравольна целам узысьці на крыж і сьмерць пацярпець, і ўваскрасіць памёрлых слаўным уваскрасеньнем сваім.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст