На "Госпадзе, Цябе клічу...": пяць
наступных песьняў, паўтараючы кожную:
(Тон 6). Госпад узьнёсься на неба, каб паслаць
сьвету Суцяшальніка. Неба падрыхтавала Яму пасад, хмары – Ягоны ўзыход. Анёлы
здумеліся, убачыўшы Чалавека вышэй за іх. Айцец прымае Таго, хто быў ва ўлоньні
Яго спрадвеку; Дух Сьвяты загадвае ўсім анёлам: "Адчыніце, князі, брамы вашыя!"
Усе народы, пляскайце ў далоні, бо Хрыстос узышоў туды, дзе быў перш.
Хэрувімы зьдзівіліся ўзьнясеньню Твайму, Госпадзе, калі
ўбачылі, як Ты, седзячы на хмарах, уздымаешся; мы ж славім Цябе, бо вялікая
міласэрнасьць Твая. Слава Табе!
Убачыўшы Тваё ўзьнясеньне на сьвятой гары, Хрысьце, Зьзяньне
славы Айца, славім у песьнях сьвятло аблічча Твайго, пакланяемся Тваім мукам,
узьвялічваем уваскрасеньне і аддаем хвалу слаўнаму ўзьнясеньню Твайму. Слава
Табе!
Калі апосталы ўгледзелі, як Ты, Госпадзе, Жыцьцядаўча
Хрысьце, узносіўся на хмарах, яны заліліся сьлязьмі і, поўныя суму, з плачам
казалі: "Не пакідай, Уладару, сіротамі слуг Тваіх, якіх Ты палюбіў у
міласэрнасьці і дабрасардэчнасьці Тваёй, але пашлі нам, як абяцаў, Усесьвятога
Духа Твайго, каб Ён прасьвятліў душы нашыя".
Споўніўшы тайну Твайго провіду, Ты, Госпадзе, які дзеля мяне
стаўся ўбогім, узяў вучняў Тваіх на Аліўную гару і там, узьнёсшыся, прайшоў праз
неба і ўвайшоў туды, адкуль ніколі не адлучаўся. Пашлі нам Усесьвятога Твайго
Духа, каб Ён прасьвятліў душы нашыя.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Не адлучыўшыся ад улоньня Айца, Ты,
наймілейшы Ісусе, жыў на зямлі як чалавек, а сёньня на Аліўнай гары ўзьнёсься ў
славе, і заняпалую нашую прыроду з сабой міласэрна ўзьняў і пасадзіў поруч з
Айцом. Нябесныя хоры анёлаў, убачыўшы цуд, здумеліся і з трапятаньнем
узьвялічылі Тваё чалавекалюбства. 3 імі і мы, зямныя, славім Тваё дзеля нас
паніжэньне і ад нас узьнясеньне, і молімся, кажучы: "Ты, што ва ўзьнясеньні
сваім напоўніў радасьцю вучняў Тваіх і Багародзіцу, якая нарадзіла Цябе,
малітвамі іх зрабі і нас годнымі радасьці абраных Тваіх у велічы міласэрнасьці
Тваёй".
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "У апошнія дні дом Гасподні будзе пастаўлены
на вяршыні гары, і ўзьнімецца вышэй за ўсе ўзгоркі, і прыйдуць да яго ўсе
народы. Усе народы пойдуць сьпешна да яго, безьліч людзей пойдзе туды, кажучы:
Хадзеце, узыдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якубавага, хай Ён нам пакажа свой
шлях, і мы пойдзем па Ім". (2:1-3)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "Праходзьце, праходзьце ў браму! Рыхтуйце
шлях мой, рыхтуйце дарогу людзям Маім, зьбярыце каменьне з дарогі, уздыміце
сьцяг для народаў". Вось што Госпад абвяшчае ўсім канцом зямлі: "Скажыце дачцы
Сыёну, вось прыходзіць Збавіцель твой, а з Ім ідзе Ягоная ўзнагарода, і заплата
Ягоная перад Ім. Называць іх будуць «сьвятым народам», збаўленым Госпадам. Цябе
ж назавуць жаданым горадам, непакінутым". Хто гэта, што прыходзіць з Эдому, ідзе
з Босры ў пурпуровай вопратцы, прыгожы наўзьдзіў у сваім адзеньні? Ён ідзе ў
паўнаце сілы сваёй і кажа: "Я той, які кажа праўду, моцны выбаўляць". "Чаму
крывавая вопратка Твая, і адзеньне Тваё, як у таго, хто цісьне вінаград у
прэсе?" "Я сам ціснуў яго ў вінапрэсе, і з людзей нікога не было са мною".
Прыгадаю літасьці Госпада, усе дабрадзействы Ягоныя, якія Ён
нам учыніў, і вялікую спагадлівасьць Ягоную да дому Ізраіля, якую Ён паказаў у
міласэрнасьці сваёй і ў велічы дабротаў сваіх. Ён сказаў: "Сапраўды яны – народ
Мой, дзеці Мае, якія ня схлусяць Мне!" I быў Ён ім збаўцам у кожнай бядзе. Не
вястун і не анёл, але сам Госпад выратаваў іх. У сваёй літасьці і ласкавасьці Ён
сам выкупіў іх, і ўзьняў, і насіў праз усе дні мінулыя.
(62:10-12; 63:1-2,7-9)
Чытаньне кнігі прарока Захара
Так кажа Госпад: "Вось надыходзіць дзень Гасподні, і стануць
ногі Ягоныя ў той дзень на гары Аліўнай, насупраць Ерусаліму, з усходу. У той
дзень вада жывая пацячэ з Ерусаліму, палова яе ў мора ўсходняе, а другая палова
ў заходняе. Летам і зімою так будзе. I будзе Госпад Уладаром над усёй зямлёй, у
той дзень будзе Госпад адзіным, і адзіным будзе імя Яго. I краіна вакол
зьменіцца і станецца шырокай раўнінаю, ад Гавы аж да Рамону, на поўдзень ад
Ерусаліму. I ён (Ерусалім), будзе ўзвышаны і ўстаіць на сваім месцы ад варот
Бэніямінавых аж да месца Даўніх варот, да варот Кутніх, і ад вежы Хананеля да
скляпоў каралеўскіх. I будуць жыць у ім, і праклёну на ім больш ня будзе, і
Ерусалім будзе жыць бясьпечна". (14:4,8-11)
Ліцьця
(Тон 1). Ты ўзьнёсься на неба, Госпадзе, адкуль Ты
і зышоў. Не пакінь нас сіротамі, хай прыйдзе Дух Твой і прынясе сьвету супакой.
Пакажы сыном людзкім сілу Тваю, Госпадзе Чалавекалюбча.
Ты, Хрысьце, узьнёсься да спрадвечнага Айца Твайго, з
невыказным боствам Якога ніколі не разлучаўся. Сілы нябесныя, нічога не дадаючы
да тройчы сьвятой хвалы Тваёй, вызналі Цябе і пасьля ўцелаўленьня як Адзінага
Сына Айца. У багацьці ласкі Тваёй зьмілуйся над намі.
Анёлы Твае, Госпадзе, казалі апосталам: "Мужы галілейскія,
чаго стаіце, гледзячы на неба? Той, хто ўзьнёсься ад вас – Хрыстос Бог. Ён у
такі самы спосаб, як вы бачылі, мае прыйсьці зноў. Дык паслужыце Яму ў
набожнасьці і праведнасьці".
(Тон 4). Калі Ты, Хрысьце, прыйшоў на Аліўную
гару, каб выканаць провід Айца, анёлы здумеліся, і тыя, што ў апраметнай,
жахнуліся. Вучні Твае стаялі зьбянтэжаныя і радасныя, калі Ты загаварыў з імі;
перад іхнімі вачыма пасад рыхтаваўся на хмарах у чаканьні Цябе; і неба,
адчыніўшы брамы, паказала ўсю красу сваю; зямля адкрыла свае таемныя сховішчы,
каб паказаць Адамаў упадак і ўзвышэньне. I вось ногі Твае пачалі ўзьнімацца, і
было чуваць, як вусны Твае бласлаўлялі голасна. Ты ўзьняўся на хмары, і неба
прыняла Цябе. Так, Госпадзе, Ты споўніў гэтую вялікую справу для збаўленьня душ
нашых.
Прыроду Адама, якая ўпала ў зямную бездань, Ты, Божа, аднавіў
у сабе і сёньня ўзьнёс вышэй за ўсе сілы і пачаткі. Палюбіўшы яе, Ты ў
міласэрнасьці сваёй зьяднаў яе з сабою; і, зьяднаўшы, пацярпеў разам з ёю;
пацярпеўшы ж – хоць Ты і непадуладны цярпеньням, – Ты ўславіў яе. Бесьцялесныя
сілы казалі між сабою: "Хто гэты дзівосны чалавек? Дый Ён ня толькі чалавек, Ён
Бог і чалавек, які зьяднаў у сабе дзьве прыроды". Анёлы ў сьветлых вопратках
лёталі вакол вучняў і ўсклікалі: "Мужы галілейскія, Той, хто адышоў ад вас,
Чалавек-Бог Ісус, як Бог-Чалавек прыйдзе зноў судзіць жывых і мёртвых, і даць
верным адпушчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня".
Калі Ты, Хрысьце Божа, узьнёсься ў славе, вучні бачылі, як
хмары цялесна падымалі Цябе. Брамы нябесныя адчыніліся, хор анельскі радаваўся,
і ўсе сілы нябесныя ўсклікалі: "Адчыніце, князі, брамы вашыя, каб увайшоў Уладар
славы". Вучні здумеліся і казалі: "Не адлучайся ад нас, добры Пастыру, але пашлі
нам Духа Твайго ўсесьвятога, каб ён навучыў і ўмацаваў нас, і прасьвятліў і
асьвяціў душы нашыя".
Слава... цяпер...
(Тон 4). Споўніўшы тайну любові, схаваную
спрадвеку ад людзей, Ты, Госпадзе, прыйшоў на Аліўную гару разам з Тваімі
вучнямі і з Тою, што нарадзіла Цябе, Творцу і Ўладара ўсіх. Бо выпадала, каб
Тая, якая больш за ўсіх па-матчынаму цярпела, бачыўшы мукі Твае, усьцешылася,
убачыўшы вялікую славу цела Твайго. З Ёю і мы, што сталіся саўдзельнікамі
радасьці, гледзячы на Твой, Уладару, узыход на неба, славім Тваю вялікую
спагадлівасьць да нас.
Вершапесьні
(Тон 2). Нарадзіўся Ты, Божа наш, як захацеў,
зьявіўся нам з уласнай волі Тваёй; пацярпеў цялесна і з мёртвых уваскрос,
перамогшы сьмерць. Споўніўшы ўсё, Ты ўзьнёсься ў славе і паслаў нам Духа
Боскага, каб нам хваліць і ў песьнях славіць Боства Тваё.
Верш: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце
Богу радасным голасам.
Убачыўшы, як Ты, Хрысьце, узьносіўся на Аліўнай гары, сілы
нябесныя пыталіся адно ў аднаго: "Хто гэта?" I пачулі адказ: "Гэта Ўладар славы,
велічны і магутны, непераможны ў барацьбе". "I чаму ў Яго пурпуровая вопратка?"
– "Бо Ён прыходзіць з Басоры, што значыць з цела чалавечага". А сам Ты, як Бог,
сеўшы па правай руцэ Велічы, паслаў нам Духа Сьвятога, каб навучаў нас і збаўляў
душы нашыя.
Верш: Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад –
пад гучаньне трубаў.
Ты, Хрысьце Божа, узьнёсься ў славе на Аліўнай гары ў
прысутнасьці вучняў Тваіх, і сеў па правай руцэ Айца, напоўніўшы ўсё Боствам, і
паслаў нам Духа Сьвятога, які прасьвятляе, умацоўвае і асьвячае душы нашыя.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Бог узьнесься пад радасныя воклікі,
Госпад – пад гучаньне трубаў, каб падняць заняпалы Адамаў вобраз і паслаць
Суцяшальніка Духа для асьвячэньня душаў нашых.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш,
узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім
блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету.
(Тройчы) |