Трапар (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе,
Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і
ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету.
(Тройчы)
Першая сядальная песьня
(тон 1). Анёлы дзівіліся цуду ўзьнясеньня Твайго, вучні дрыжэлі,
гледзячы на Тваё страшнае ўзвышэньне. Ты ўзышоў у славе як Бог, і брамы нябесныя
адчыніліся перад Табою, а ўсе анельскія хоры ў зьдзіўленьні ўсклікнулі: "Слава
паніжэньню Твайму, слава валадарству Твайму, слава ўзьнясеньню Твайму, адзіны
Чалавекалюбча!" (Двойчы)
Другая сядальная песьня (тон 3). Спрадвечны
і беспачатны Бог, які ўспрыняў людзкую прыроду і абагавіў яе, сёньня ўзьняў яе з
сабою. Анёлы ішлі перад Ім і паказвалі апосталам, як Ён узносіцца ў вялікай
славе. I тыя пакланіліся Яму, усклікаючы: "Слава Богу, што ўзьнёсься на неба!"
(Двойчы)
Узьвялічваньне пасьля паліелею. Узьвялічваем Цябе,
Жыцьцядаўча Хрысьце, і славім Тваё з усячыстым целам Тваім Боскае ўзьнясеньне на
неба.
Верш 1: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце
Богу радасным голасам.
Верш 2: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па
правай руцэ маёй, пакуль не пакладу ворагаў тваіх пад ногі Табе.
Верш 3: Узьнясіся на нябёсы, Божа, і хай па ўсёй
зямлі разыдзецца слава Твая.
Верш 4: Узьнясіся, Госпадзе, сілаю сваёю! Будзем
пяяць і славіць магутнасьць Тваю.
Слава... цяпер...
Алілуя, алілуя, Алілуя: Слава Табе, Божа!
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 5).
Ты зышоў з неба на зямлю і як Бог вызваліў Адамаў род, што ляжаў у пякельнай
няволі, узьняў яго з сабою на нябёсы і пасадзіў на пасадзе Айца Твайго ў
міласэрнасьці і Чалавекалюбстве Тваім.
Узыходныя песьні: першы
антыфан 4 тону.
Пракімен: Бог узьнёсься пад радасныя воклікі,
Госпад – пад гучаньне трубаў.
Верш: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце
Госпаду радасным голасам.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка
У той час Ісус уваскрос рана ў першы дзень тыдня. Ён
паказаўся сьпярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем бесаў. Яна, пайшоўшы,
абвясьціла тым, што былі з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі. Але тыя, пачуўшы, што
Ён жыве і што яна бачыла Яго, не паверылі. Пасьля гэтага Ён паказаўся двум з іх
у іншым выглядзе, калі яны ішлі ў вёску. А тыя, пайшоўшы, абвясьцілі астатнім,
але і ім не паверылі. Пазьней Ён паказаўся і самім Адзінаццацём, калі яны
засядалі за сталом, і дакараў іх за іхняе няверства і нячуласьць сэрца, што яны
не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослым. I казаў ім: "Ідзеце па ўсім сьвеце і
абвяшчайце Евангельле ўсякаму стварэньню. Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе
збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны. А вось знакі, якія будуць
суправаджаць тых, якія ўверылі: Маім імем будуць выганяць злых духаў, будуць
гаварыць новымі мовамі, будуць браць у рукі гадзюкаў, і калі б выпілі нешта
атрутнае, не пашкодзіць ім. На хворых ускладуць рукі, і тыя ацалеюць". I вось,
пасьля размовы з імі, Госпад быў узьняты на неба і сеў па правай руцэ Бога. А
яны пайшлі і абвяшчалі ўсюды Евангельле, а Госпад дапамагаў ім і пацьвярджаў
іхнія словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амін.
(16:9-20)
Уваскрасеньне Хрыстова...
Пс 50.
Слава...: Малітвамі апосталаў...
Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы...
Зьмілуйся нада мною, Божа...:
(тон 6). Анельскія хоры, убачыўшы сёньня на нябёсах нашую прыроду,
зьдзівіліся невыказнаму ўзьнясеньню і казалі адзін аднаму: "Хто гэта Той, што
прыходзіць?" Пазнаўшы свайго Ўладара, яны загадалі адчыніць нябесныя брамы.
Разам з імі і мы славім няспынна Цябе, што маеш прыйсьці зноў у целе, як
Судзьдзя ўсіх і Бог усемагутны.
|