Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Літургія


 

 

Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Літургія

Першы антыфан (Пс 46: 2,3,5)

Чытальнік: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў).

Чытальнік: Бо Госпад Усявышні страшны: Ён – вялікі Ўладар над усёй зямлёй.

– Ён скарае нам людзей і кладзе народы пад ногі нашыя.

– Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад – пад гучаньне трубаў.

– Слава... цяпер...

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.


Другі антыфан (Пс 47: 2,3,4,5)

Чытальнік: Вялікі Госпад і годны ўсякай хвалы ў месьце Бога нашага, на гары сьвятой Яго.

Людзі: Сыне Божы, што ўзьнёсься ў славе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля наступных вершаў).

Чытальнік: Пышнае ўзвышша, радасьць усяе зямлі: на ягоным паўночным канцы – гара Сыён, горад Караля вялікага.

– Бог у харомах ягоных явіўся надзейным абаронцам.

– Вось усе ўладары зямныя сышліся, сабраліся разам.

Людзі: Сыне Божы...

Слава... цяпер... Адзінародны Сыне...


Трэці Антыфан (Пс 48:2,3,4,5)

Чытальнік: Пачуйце гэта, усе людзі, слухайце ўважліва, усе жыхары зямлі.

Людзі: (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Простыя людзі і вяльможы, багатыя разам з беднымі.

– Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго.

– Нахілю да прыповесьцяў вуха маё, пад гучаньне гусьляў дам разгадку маю.

Людзі: Узьнёсься Ты...

Сьвятар (Уваходны верш). Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад – пад гучаньне трубаў.

Людзі: Сыне Божы, што ўзьнёсься ў славе, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.


Трапары

Трапар сьвята (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету.

Слава... цяпер...

Кандак (тон 6). Споўніўшы справу нашага збаўленьня і зьяднаўшы зямное з нябесным, Ты ўзьнёсься ў славе, Хрысьце Божа наш, не адлучыўшыся ад нас, але неразлучна прабываючы з намі і кажучы тым, што любяць Цябе: "Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога супраць вас".


Пракімен (Пс 56:5,7). Узьнясіся на неба, Божа, і хай па ўсёй зямлі разыдзецца слава Твая.

Верш: Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: пад гукі гусьляў пяяць буду славу Тваю.


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

Першую кнігу напісаў я, Тэафілю, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаго навучаў ад пачатку аж да дня, у які ўзьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога настаўленьні апосталам, якіх выбраў і якім даў мноства доказаў, што Ён жывы, зьяўляючыся ім на працягу сарака дзён пасьля сваіх мукаў і гаворачы аб Валадарстве Божым. I вось, калі быў з імі, загадаў ім не адыходзіць ад Ерусаліму, але чакаць абяцаньня Айца, "Аб якім вы чулі ад Мяне. Бо Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаныя Духам Сьвятым". Яны, зышоўшыся разам, пыталіся ў Яго: "Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш валадарства Ізраіля?" А Ён адказаў ім: "Ня вам ведаць час і пару, якія Айцец устанавіў сваёй уладаю, але, калі зыдзе на вас Дух Сьвяты, атрымаеце Ягоную сілу і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ва ўсёй Юдэі, і Самарыі, і аж да краю зямлі". Пасьля гэтых словаў Ён узьнёсься ў іхняй прысутнасьці, і хмара закрыла Яго ад іхніх вачэй. Калі яны ўсё яшчэ ўзіразліся ў Яго, як Ён узьнімаўся да неба, прыступіліся да іх два мужы ў белых вопратках і сказалі: "Мужы галілейскія, чаго стаіце і глядзіце на неба? Той Ісус, які быў узяты ад вас на неба, прыйдзе зноў гэтаксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узьнімаўся на неба". Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, што называлася Аліўнаю і была недалёка ад Ерусаліму, у адлегласьці суботняй хады. (1:1-12)


Алілуя (Пс. 46:5,2). Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад – пад гучаньне трубаў.

Верш: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Ісус уваскрос з мёртвых і стаў сярод вучняў сваіх, кажучы ім: "Мір вам". А яны сумеліся і спалохаліся, думаючы, што бачаць здань. Але Ён сказаў ім: "Чаго вы сумеліся і чаму ўсумніліся ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух ня мае цела і касьцей, а Я, як бачыце, маю". Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім свае рукі і ногі. Калі ж ад радасьці яны ўсё яшчэ ня верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: "Ці маеце што есьці?" Яны далі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах. Ён узяў і еў перад імі. Потым сказаў ім: "Вось тое, што Я вам казаў, калі яшчэ быў з вамі: што трэба было, каб спраўдзілася ўсё, што напісана пра Мяне ў Майсеевым Законе, у Прарокаў і ў Псалмах". Тады адкрыў ім розум для разуменьня Пісаньняў. I сказаў: "Так напісана: трэба, каб Хрыстос пацярпеў і ўваскрос з мёртвых на трэці дзень; і каб у Імя Ягонае было абвешчана пакаяньне дзеля адпушчэньня грахоў для ўсіх народаў, пачынаючы ад Ёрусаліму. Вы сьведкі гэтаму. I вось пасылаю вам абяцанае Айцом Маім. Вы ж заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў сілу з вышыні". Тады вывеў іх з гораду ў Бэтанію і, узьняўшы рукі, блаславіў іх. I вось, калі бласлаўляў, Ён аддаліўся ад іх і быў узьняты на неба. А яны пакланіліся Яму і з вялікай радасьцю вярнуліся ў Ерусалім, дзе ўвесь час прабывалі ў сьвятыні, славячы Бога. (24:36-53)


Задастойнік. Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, які ўзьнёсься ад зямлі на неба.

Цябе, Маці Божую, што, вышэй за ўсякія словы і розум, у невыказны спосаб нарадзіла ў часе Спрадвечнага, мы, верныя, аднадушна ўзьвялічваем.


Прычасьнік. Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, Госпад – пад гучаньне трубаў.

Замест "Мы бачылі...": Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст