(Сёмуха)
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа,
і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык
усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!" (Двойчы)
Рознымі мовамі надзяліў Ты, Хрысьце, сваіх вучняў, каб на іх
яны прапаведавалі Цябе – Несьмяротнае Слова і Бога, які дае душам нашым багацьце
зьмілаваньня.
Усё дае Дух Сьвяты, прароцтвы крынічыць, сьвятароў
дасканалымі чыніць, нявучаных навучае мудрасьці, рыбакоў багасловамі робіць, і
яднае ўсю царкоўную супольнасьць. Адзінасутны і роўны славаю з Айцом і Сынам
Суцяшальніку, слава Табе!
(Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі
Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо
Яна нас збавіла. (Двойчы)
Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз
апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і
на вякі Ты – Бог наш.
У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе
і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і
ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.
У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і
ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і
спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.
Тройцу сьвятую ў песьнях уславім, Айца і Сына разам з Духам
Сьвятым, бо так прапаведавалі ўсе прарокі і апосталы разам з мучанікамі.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох
асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і
раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла,
адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё
творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз
якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад
Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.
Чытаньне кнігі Лікаў
Сказаў Госпад Майсею: Пакліч мне семдзесят мужоў спасярод
старэйшых Ізраіля, якіх ты ведаеш, што яны – старэйшыя і праваднікі народу; і
прывядзі іх да Шатра Сустрэчы, хай яны там стануць разам з табою. Тады Я прыйду
і буду гутарыць з табою; і вазьму ад Духа, што ў табе, і дам ім, і яны разам з
табою будуць насіць цяжкасьці народу, а ты сам ня будзеш болып насіць іх. Майсей
сабраў семдзесят старэйшых народу і паставіў іх вакол шатра. I Госпад у хмары
зышоў і гутарыў з ім. Пасьля ўзяў ад Духа, што быў у ім, і даў Яго гэтым
сямідзесяці старэйшым. Як толькі спачыў на іх Дух, яны ўвайшлі ў той час у
захапленьне і прарочылі. Два мужы засталіся ў стане, адзін з іх называўся
Эльдад, а другі Мадад. На іх тасама зышоў Дух, бо яны былі ў ліку пакліканых,
толькі не прыйшлі да шатра. I яны таксама пачалі прарочыць у стане. Прыбег юнак
і сказаў Майсею: "Эльдад і Мадад увайшлі ў захапленьне прароцкае". Ісус, сын
Навін, які з маладых гадоў быў на службе ў Майсея, узяў голас і сказаў: "Майсею,
гаспадару мой, забарані ім!" Але Майсей адказаў: "Ці не зайздросны ты за мяне?
О, каб усе ў народзе Гасподнім былі прарокамі, каб Госпад даў ім Духа свайго!"
(11:16-17; 24-29)
Чытаньне кнігі прарока Яэля
Так кажа Госпад: "Радуйцеся, сыны Сыёну, цешцеся ў Богу
Госпадзе вашым, бо Ён учыніў вам згодна са справядлівасьцю. Дождж асеньні і
дождж веснавы Ён выліў на вас шчодра, як і раней. Гумны вашыя напоўняцца
збожжам, і прэсы вашыя вінаградным сокам і аліваю. У такі спосаб Я ўзнагароджу
вас за гады, калі ўсё паела шаранча, чэрві, жукі і вусені, якіх Я паслаў на вас
у вялікім мностве. Тады сапраўды будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць
імя Госпада Бога вашага, які ўчыніў вам дзіўныя рэчы, і народ мой ня будзе
пасаромлены давеку. У той час пазнаеце, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і што Я –
Госпад Бог ваш, а іншага няма. Мой народ ня будзе пасаромлены давеку. Пасьля
гэтага вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а
юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью
Духа майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы
дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні,
дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены".
(2:23-3:5)
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля
Так кажа Госпад: "Забяру вас спасярод народаў, зьбяру з усіх
краінаў і прывяду зноў у вашу краіну. Акраплю вас чыстай вадою, каб вы
ачысьціліся ад усякай нячыстасьці, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам
новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў
вашых, а дам вам сэрцы цялесныя. Духа Майго хачу ўдыхнуць у вас і зрабіць, каб
вы жылі паводле Маіх запаветаў, захоўвалі мае прыказаньні і чынілі згодна з імі.
Тады будзеце жыць у краіне, якую Я даў айцом вашым, і будзеце маім народам, а Я
буду вашым Богам". (36:24-28)
Ліцьця
Песьні з “Госпадзе, цябе клічу”:
(Тон 2). Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях
збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты –
Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш.
У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе
і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і
ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.
У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і
ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і
спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Калі Ты, Госпадзе, паслаў Духа Твайго
сабраным апосталам, тады сыны ізраільскія здумеліся, бо чулі, як тыя гаварылі
рознымі мовамі, як Дух ім падказваў. Нявучаныя, яны сталіся мудрымі і прывялі
народы да веры, прапаведуючы Бога. Дзеля гэтага і мы Табе пяём: "Госпадзе, што
зьявіўся на зямлі і ад маны выбавіў нас, слава Табе!"
Вершапесьні
(Тон 6). Народы, Госпадзе, не зразумелі сілы
Ўсесьвятога Духа, які спачыў на Тваіх апосталах, і прынялі іхнюю здольнасьць
гаварыць рознымі мовамі за пахмельле. Мы ж, умацаваныя імі, няспынна клічам:
"Духа Твайго Сьвятога не адымі ад нас, молімся Табе, Чалавекалюбча!"
Верш: Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух
правы абнаві ў нутры маім.
Дух Твой Сьвяты, Госпадзе, прыйшоў і напоўніў апосталаў
Тваіх, і навучыў іх гаварыць рознымі мовамі. Для няверных гэты цуд выдаўся
пахмельлем, а для верных ён стаўся крыніцай збаўленьня. Дык і нас зрабі годнымі
Ягонага прасьвятленьня, молімся Табе, Чалавекалюбча.
Верш: Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа
Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.
Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны
і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і
ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Некалі, у адказ на дзёрзкі намер будовы
вежы, Госпад зьмяшаў мовы. Цяпер у разнастайнасьці моваў Ён даў пазнаць славу
сваю. Тады Бог асудзіў нязбожных за грэх, а цяпер прасьвятліў рыбакоў Духам.
Тады шматмоўе было пакараньнем, а цяпер сугучнасьць моваў была адноўленая для
збаўленьня душ нашых.
Адпушчальны трапар
(Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што
рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь
сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)
Водпуст. Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ў
выглядзе вогненных языкоў паслаў з неба Ўсесьвятога Духа на сьвятых сваіх вучняў
і апосталаў, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і ўсяхвальных
апосталаў, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і
Чалавекалюбец. |