Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Зыход сьвятога Духа - Літургія


 

 

Зыход сьвятога Духа - Літургія

Першы антыфан (Пс 18:2,3,5)

Чытальнік: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Дзень дню кажа слова, ноч ночы вестку перадае.

– Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

– Слава... цяпер...

Людзі: Малітвамі Багародзіцы...


Другі антыфан (Пс 19:2,3,5)

Чытальнік: Хай пачуе цябе Госпад у дзень суму, хай імя Бога Якубавага будзе Табе абаронаю.

Людзі: Суцяшальніку добры, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля кожнага наступнага верша)

Чытальнік: Хай пашле табе дапамогу са сьвятыні сваёй, хай дасьць падтрымку табе з Сыёну.

– Хай споўніць Госпад жаданьне сэрца твайго, хай зьдзейсьніць усе задумы твае.

Людзі: Суцяшальніку добры...

Слава... цяпер...: Адзінародны Сыне і Слова Бога...


Трэці антыфан (Пс. 20:2,3,4)

Чытальнік: Госпадзе, сілаю Тваёю цешыцца ўладар, і дапамога Твая напаўняе яго радасьцю.

Людзі (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Ты споўніў жаданьне сэрца яго і не адмовіў просьбе вуснаў ягоных.

– Ты выйшаў яму насустрач са шчодрым блаславеньнем і ўсклаў на галаву ягоную вянец з чыстага золата.

Сьвятар (уваходны верш). Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: будзем пяяць і славіць магутнасьць Тваю.

Людзі: Суцяшальніку добры, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.


Трапар (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе.

Слава... цяпер...

Кандак (тон 8). Калі Ўсявышні, зышоўшы, мовы зьмяшаў, Ён разьдзяліў між сабой народы; калі ж паслаў вогненныя языкі, да еднасьці ўсіх паклікаў. Дзеля гэтага мы ўсе згодна славім Усесьвятога Духа.


Замест "Сьвяты Божа...": Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя. (Тройчы)


Пракімен (Пс 18:5,2). Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.


Чытаньне Апостальскіх Дэеяньняў

У той час, калі дзень Сёмухі набліжаўся да канца, апосталы былі сабраныя разам. I вось раптам пачуўся вялікі шум з неба, быццам ад моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, у якім яны былі. Зьявіліся ім таксама языкі, быццам вогненныя, якія разьдзяліліся і супачылі па адным на кожным з іх. I напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі размаўляць на іншых мовах, як Дух даваў ім гаварыць. Былі тады ў Ерусаліме пабожныя гэбрэі ад усіх народаў пад сонцам. Калі пачуўся той шум, яны зьбегліся ў вялікай колькасьці і здумеліся, бо кожны з іх чуў, як (апосталы) гаварылі на ягонай мове. "Ці ж гэтыя ўсе, якія гавораць, не галілейцы? – казалі яны адзін аднаму, дзівячыся. – Дык як гэта кожны з нас чуе сваю родную мову? Парты, міды і эляміты, і жыхары Мэзапатаміі, гэбрэі і тыя, што з Кападокіі, Понту і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Ягіпту і частак Лібіі, што недалёка ад Кірынэі, і прыхадні з Рыму, гэбрэі і наверненыя, крыцяне і арабы – усе чуем, як яны абвяшчаюць на нашых мовах веліч Божую". (2:1-11)


Алілуя (Пс 32:6,13). Словам Гасподнім створаныя нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных – уся краса іх.

Верш: Госпад з нябёсаў глядзіць, бачыць усіх дзяцей людзкіх.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна

У апошні, вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і клікаў моцным голасам: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е. Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, рэкі жывой вады пацякуць з ягонага ўлоньня". Гэта Ён казаў пра Духа, якога павінны былі атрымаць тыя, што ўверылі ў Яго. Бо Дух яшчэ ня быў (дадзены), таму што Ісус ня быў яшчэ праслаўлены. Сярод натоўпу, што слухаў Яго, пачуліся галасы: "Гэта сапраўды Прарок". А іншыя казалі: "Гэта Хрыстос". Яшчэ іншыя гаварылі: "Ці ж Хрыстос прыйдзе з Галілеі? Ці ж Пісаньне не кажа, што Мэсыя прыйдзе з патомства Давідавага, з мястэчка Бэтлеему, адкуль быў сам Давід?" I пачаўся разлад у натоўпе праз Яго. Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не пасьмеў падняць на Яго рукі.

Слугі сьвятароў і фарысэяў вярнуліся, а тыя сказалі ім: "Чаму вы не схапілі Яго?" Адказалі слугі: "Ніхто яшчэ ніколі не гаварыў так, як гэты Чалавек". Адказалі ім фарысэі: "Няўжо ж і вас падманулі? Хіба хто з начальнікаў або фарысэяў уверыў у Яго? А гэты натоўп ня ведае Закону, пракляты ён". Адазваўся тады адзін з іх, Мікодым, той, што раней прыходзіў да Яго: "Хіба наш Закон асуджае чалавека, не выслухаўшы яго перш і не даведаўшыся, што ён робіць?" Адказалі яму: "Ці і ты не з Галілеі? Правер і пабач, што ніякі прарок з Галілеі не прыходзіць".

А Ісус зноў прамовіў да іх: "Я – Сьвятло сьвету. Хто ідзе ўсьлед за Мною, ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця". (7:37-52; 8:12)


Задастойнік: Апосталы, угледзеўшы зыход Пацяшыцеля, зьдзівіліся, як гэта ў выглядзе вогненных языкоў зьявіўся Дух Сьвяты.

Радуйся, Уладарка, пахвала матак і дзеваў: ніякія красамоўныя вусны ня здольныя дастойна ўславіць Цябе, і розум бясьсільны зразумець Тваё мацярынства. Дзеля гэтага мы аднадушна Цябе ўзьвялічваем.

Прычасьнік (Пс 142:10). Хай Дух Твой добры вядзе мяне па правым шляху. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст