Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Панядзелак Сьвятога Духа - нядзеля ўвечары


 

 

Панядзелак Сьвятога Духа - нядзеля ўвечары

Пачатак звычайны.

На мірнай літаніі, пасьля "За падарожнікаў...." дадаюцца наступныя просьбы:

– За прысутных тут людзей, якія чакаюць ласкі Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– За тых, што перад Госпадам схіляюць сэрцы свае і калені, Госпаду памолімся.

– Каб ім умацавацца ў намеры рабіць прыемнае Богу, Госпаду памолімся.

– Каб ім атрымаць багацьце ласкаў, Госпаду памолімся.

– Каб Ён прыняў іхняе кленчаньне, быццам кадзіла духмянае, Госпаду памолімся.

– За тых, што патрабуюць Ягонай дапамогі, Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу... і г.д.


На "Госпадзе, Цябе клічу..." наступныя песьні з пахвальных песьняў ютрані Пяцідзесятніцы, паўтараючы кожную:

(Тон 4). Слаўныя рэчы бачылі сёньня ўсе народы ў месьце Давідавым, калі Дух Сьвяты зышоў у выглядзе вогненных языкоў, як расказвае Богам натхнёны Лука: "Калі вучні Хрыстовыя сабраліся, пачуўся шум, быццам подых буры, і напоўніў дом, дзе яны сядзелі; і ўсе пачалі гаварыць чужымі мовамі дзіўныя навукі, дзівосную хвалу Ўсесьвятой Тройцы". (Двойчы)

Дух Сьвяты заўсёды быў, і ёсьць, і будзе: Ён ня мае ні пачатку ні канца, але заўжды з Айцом і Сынам зьяднаны і адзінасутны. Ён – Жыцьцё і Творца жыцьця; Ён Сьвятло і Падаўца сьвятла, сам Добры і Крыніца дабра. Праз Яго мы пазнаем Айца, і Сына праслаўляем, і вызнаем адзіную сілу, адзіную годнасьць, адзіную хвалу Сьвятой Тройцы. (Двойчы)

Дух Сьвяты – Сьвятло і Жыцьцё. Ён жыве і крынічыць жыцьцё; Дух разважнасьці, Дух розуму; добры, правы, мудры; Ён усім кіруе і ачышчае правіны. Ён Бог і Той, хто абагаўляе; Агонь, што ад Агню паходзіць; Ён прамаўляе, дае і разьдзяляе дараваньні. Прарокі ўсе праславіліся Ім, разам з боскімі апосталамі і мучанікамі. Дзіўныя рэчы чуем, дзівосныя рэчы бачым: агонь разьдзяляецца, каб раздаваць дары. (Двойчы)

Слава... цяпер....

(Тон 6). Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя.


Пракімен вялікі (Пс.76:14,15,11,12). Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты Бог, што чыніш цуды.

Верш 1: Ты паказаў сярод людзей сілу Тваю.

Верш 2: Я сказаў: цяпер зразумеў я, што гэта зьмена волі Ўсявышняга.

Верш 3: Я прыгадаў усё, што Бог учыніў, ад пачатку прыгадаў цуды Твае.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ, укленчыўшы, Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Усе становяцца на калені і сьвятар чытае першую малітву:

Сьвятар: Усячысты, беззаганны, спрадвечны, нябачны, недасяжны, недасьледны, нязьменны, непераможны, невымерны, доўгацярплівы Госпадзе! Ты, адзіны несьмяротны, прабываеш у недасяжным сьвятле; Ты стварыў неба і зямлю, і ўсе стварэньні, што жывуць там: Ты ведаеш і спаўняеш просьбы нашыя перад тым, як мы папросім. Молімся Табе і просім Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, Ойча Госпада, Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба і прыняў цела ад Духа Сьвятога і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсяслаўнае Багародзіцы; які навучаў нас перш словамі, а пасьля на справе, пацярпеўшы збавенныя мукі; і пакінуўшы нам, пакорным, грэшным і нягодным слугам Тваім, прыклад як, схіліўшы галовы і стаўшы на калені, прыносіць Табе маленьні за свае грахі і за няведаньне людзей. Дык, міласэрны Чалавекалюбча, пачуй нас, калі мы Цябе клічам, асабліва ў гэты дзень Сёмухі, калі – пасьля таго, як Госпад наш Ісус Хрыстос узышоў на неба і сеў па правай руцэ Цябе, Бога і Айца, – Ты паслаў сьвятым Яго вучням і апосталам Духа Твайго Сьвятога, які спачыў на кожным з іх, і ўсе яны напоўніліся невычэрпнай ласкай Ягонай, і пачалі выслаўляць рознымі мовамі веліч Тваю і прарочыць. Сёньня выслухай нас, якія молімся Табе, і ўспомні нас, пакорлівых і асуджаных, і ў Тваёй міласэрнасьці вярні душы нашыя з палону граху. Прымі нас, якія прыходзім да Цябе і клічам: Зграшылі мы! Ад першай хвіліны нашай ва ўлоньні маці Ты быў нашым Богам. Але мы змарнавалі дні нашыя ў базьдзейнасьці, і таму страцілі права на дапамогу Тваю і пазбавілі сябе ўсякай абароны. Спадзеючыся аднак на Тваю дабрыню, клічам: Ня ўспомні грахоў і няведаньня маладосьці нашай, ачысьці нас ад тайных правінаў, не пакінь нас у старасьці нашай, калі сілы нашыя саслабнуць; зрабі нас годнымі вярнуцца да Цябе перад тым, як нам вярнуцца ў зямлю; і будзь уважлівы да нас у Тваёй дабрыні і спагадлівасьці. Мерай грахі нашыя мераю Тваёй міласэрнасьці, і супрацьстаў веліч дабрыні Тваёй безьлічы правінаў нашых. 3 вышыні жыльля Твайго глянь ласкава на людзей Тваіх, якія чакаюць Твайго вялікага зьмілаваньня. Наведай нас дабрынёю Тваёю, вызваль нас ад напасьцяў д'ябла; умацуй жыцьцё нашае Тваімі сьвятымі запаветамі і прыказаньнямі; дай кожнаму з нас анёла апекуна, зьбяры ўсіх у адно валадарства Тваё. Даруй прабачэньне тым, што спадзяюцца на Цябе, адпусьці ім і нам грахі. Ачысьці нас дзеяньнем Духа Сьвятога Твайго, зьнішчы напасьці варожыя супраць нас.

(Іншая малітва). Блаславёны Ты, Госпадзе Ўладару ўсемагутны, які прасьвятліў сонечным сьвятлом дзень і праясьніў цемру начную вогненнымі зоркамі; Ты даў нам пражыць гэты дзень і наблізіцца да пачатку ночы. Пачуй малітвы нашыя і ўсіх людзей Тваіх, і прабач нам усе нашыя правіны вольныя і міжвольныя. Прымі нашыя вячэрнія малітвы, і пашлі багацьце міласэрнасьці Тваёй і даброты Твае на набытак Твой. Дай нам ахову анёлаў Тваіх, узброй нас у зброю справядлівасьці Тваёй, агарні нас праўдаю Тваёю, захавай нас сілаю Тваёю, выбаў нас ад усялякай нягоды і варожай напасьці. Дай, каб гэты вечар і ноч, што надыходзіць, і ўсе дні жыцьця нашага, былі дасканалымі, сьвятымі, спакойнымі, бязгрэшнымі, вольнымі ад спакусаў і нячыстых думак, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых, якія ад веку дагадзілі Табе.

Усе ўстаюць.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты, Госпадзе Божа наш, той, які мілуе і збаўляе нас, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Скажам усе разам... I далей уся літанія.

Пасьля воклік: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог...

Людзі: Амін.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ, укленчыўшы, Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Усе становяцца зноў на калені і сьвятар чытае другую малітву:

Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты, будучы яшчэ тут з намі, даў людзям супакой, і цяпер пасылаеш верным як неад'емную спадчыну дар Сьвятога Духа. Сёньня ж асабліва, бачным спосабам Ты паслаў гэтую ласку вучням Тваім і апосталам, і ўмацаваў вусны іх вогненнымі языкамі. Праз іх мы і ўвесь род людзкі самі пачулі Боскае навучаньне, кожны на сваёй роднай мове, былі прасьветленыя зьзяньнем Духа і адкінулі цемру спакусы. Праз разьдзяленьне бачных вогненнных языкоў і праз іх тайнае дзеяньне мы навучыліся верыць у Цябе, і бласлаўляць Цябе разам з Айцом і Сьвятым Духам, адзінае Боства і сілу, чыя магутнасьць нас азарыла. Ты – зьзяньне Айца, нязьменны і непарушны вобраз Ягонае існасьці і прыроды, крыніца мудрасьці і ласкі. Адчыні мае грэшныя вусны, і навучы мяне, як трэба маліцца і чаго прасіць. Ты ведаеш безьліч грахоў маіх, але дабрасардэчнасьць Твая пераможа іхняе мноства. Вось я стаю са страхам перад Табою, у глыбіню Тваёй міласэрнасьці кінуўшы беспрасьветнасьць душы маёй: кіруй маім жыцьцём, Ты, які словам Тваім кіруеш у невыказнай мудрасьці і сіле ўсім стварэньнем. Спакойны прыстанак для кіданых бураю, настаў мяне на шлях, па якім мне ісьці. Дай думкам маім духа мудрасьці; духа розуму даруй майму неразуменьню; духам страху Твайго пакрый мае ўчынкі, духа справядлівасьці абнаві ва ўлоньні маім, і духам уладарным умацуй хістаньне думак маіх, каб я, кожны дзень кіраваны Тваім добрым духам, рабіў добрае і карыснае, захоўваў Твае запаветы і памятаў заўсёды пра Тваё слаўнае другое прыйсьце і суд над учынкамі нашымі. I ня дай мне спакусіцца пераходнай красою гэтага сьвету, але ўмацуй мяне ў жаданьні атрымаць будучыя скарбы. Бо Ты, Уладару, сказаў, што кожны, хто просіць нешта ў імя Тваё, неадменна атрымае ад Твайго спрадвечнага Бога і Айца. Дзеля гэтага і я, грэшны, у гэты дзень прыйсьця Сьвятога Твайго Духа, малю Тваю дабрыню даць мне ўсё патрэбнае для майго збаўленьня. Так, Госпадзе, усялякай дабрадзейнасьці шчодры і добры Падаўца, які даеш багата ўсё, чаго просім: у велічы Тваёй спагадлівасьці і міласэрнасьці Ты стаўся ўдзельнікам нашай прыроды і, як Добрасардэчны, схіляешся да тых, што схіляюцца перад Табою і, сам бязгрэшны, зрабіўся ачышчэньнем грахоў нашых. Дай, Госпадзе, людзям Тваім даброты Твае: пачуй нас з нябеснага жыльля сьвятога Твайго; асьвяці нас сілаю збавеннае рукі Тваёй; пакрый нас покрывам крылаў Тваіх і не пагардзі творамі рук Тваіх. Перад Табою адзіным мы зграшылі, і Табе адзінаму служым. Ня ведаем іншага бога і не пакланяемся яму, і не працягваем рук нашых, Уладару, да чужога бога. Адпусьці нам нашыя правіны і прымі нашыя малітвы, якія мы, укленчыўшы, прыносім Табе; працягні ўсім руку дапамогі, прымі малітву ўсіх нас, быццам кадзіла духмянае, што ўздымаецца да Твайго блаславёнага пасаду.

(Іншая малітва). Госпадзе, Госпадзе, Ты выбаўляеш нас ад усякае стралы, што ляціць удзень. Выбаў нас ад усякае рэчы, што крыецца ў цемры; прымі ўздыманьне рук нашых, быццам вячэрнюю ахвяру. Дай нам час начны беззаганна пражыць, неспакушанымі нічым благім; выбаў нас ад усякага замяшаньня і страху, што д'ябал пасылае нам. Даруй душам нашым расчуленасьць, і думкам нашым клопат аб выпрабаваньнях на Тваім страшным і справядлівым судзе. Прыбі да страху Твайго нашыя целы, і ўмярцьві нашыя зямныя члены, каб мы, лежачы бязмоўна ў сьне, прасьвятліліся бачаньнем судоў Тваіх. Адымі ад нас усякія непрыстойныя мары і шкодныя пажаданьні. Узьнімі нас у час на малітву, умацаваных у веры і цьвёрдых у выкананьні запаветаў Тваіх.

Усе ўстаюць.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Добразычлівасьцю і дабрынёю адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху... і г. д.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ, укленчыўшы, Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Усе становяцца зноў на калені і сьвятар чытае трэцюю малітву:

Сьвятар: Вечная невычэрпная Крыніца жыцьця і сьвятла, роўнавечная Айцу творчая Сіла! Ты, Хрысьце Божа наш, споўніў дасканала ўвесь провід збаўленьня людзей, разарваў неразрыўныя путы сьмерці і разьбіў замкі пякельныя, і перамог безьліч злых духаў. Ты прынёс сябе за нас, як бязьвінную ахвяру, аддаў на мукі ўсячыстае цела Тваё, вольнае ад усякага граху і непадуладнае яму, і гэтым страшным і невыказным сьвятым учынкам дараваў нам вечнае жыцьцё. Зышоўшы ў пекла, Ты скрышыў вечныя кайданы, і тым, што сядзелі ў цемры, паказаў выхад. А пачынальніка зла, зьмея, што сядзеў у бездані, Ты паланіў багамудрай прынадаю і, спутаўшы пякельнымі ланцугамі, у бездані, у нязгасным агні і ў цемры беспрасьветнай прымацаваў бязьмернай сілаю Тваёю. Ты, вялікая мудрасьць Айца, зьявіўся памочнікам для ўсіх, што ў напасьцях, і прасьвятліў тых, што сядзелі ў цемры і ценю сьмерці. Ты, вечнай славы Госпадзе і Айца найвышэйшага любы Сыне, спрадвечнае Сьвятло ад спрадвечнага Сьвятла, Сонца справядлівасьці, пачуй нас, якія молімся Табе, і супакой душы слугаў Тваіх, раней заснуўшых айцоў і братоў нашых і ўсіх сваякоў паводле цела, і ўсіх верных, якіх сёньня ўспамінаем, бо Ты маеш уладу над усімі, і ў руцэ Тваёй трымаеш усе канцы зямлі. Уладару ўсемагутны, Божа айцоў нашых і Госпадзе міласэрны, Творча ўсяго сьмяротнага і несьмяротнага і ўсякай людзкой прыроды; усяго, што паўстае і разбураецца; жыцьця і сьмерці; прабываньня ў гэтым жыцьці і пераходу да наступнага: Ты адмерваеш гады жывым і ўстанаўляеш час сьмерці; пасылаеш у пекла і зноў узносіш; зьвязваеш у немачы і развязваеш у сіле; уладкоўваеш цяперашняе паводле патрэбы, і вызначаеш будучае на карысьць; і параненых джалам сьмерці суцяшаеш надзеяю ўваскрасеньня. Уладару ўсіх, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры, Ты ў гэты апошні, вялікі і збавенны дзень сьвята Сёмухі паказаў нам тайну сьвятое, адзінасутнае і спрадвечнае, і неразьдзельнае, і нязьлітнае Тройцы, праз зыход Твайго Сьвятога і Жыватворчага Духа, якога Ты паслаў у выглядзе вогненных языкоў на сьвятых Тваіх вучняў і апосталаў, і ўчыніў іх вестунамі і вызнаўцамі нашае сьвятое веры, і прапаведнікамі сапраўднага багаслоўя. У гэтае дасканалае і збавеннае сьвята Ты захацеў ласкава прыняць ачышчальныя малітвы за зьняволеных у апраметнай, даючы нам вялікую надзею на палягчэньне лёсу тых, што там знаходзяцца, і на Тваё для іх суцяшэньне. Пачуй малітвы нас, пакорных слугаў Тваіх, і супакой душы слугаў Тваіх, што раней адышлі, у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы прахалоды, дзе няма болып ні болю, ні суму, ні плачу; пасялі іх у сялібах праведных і зрабі іх годнымі супакою і палёгкі. Бо ня мёртвыя будуць хваліць Цябе, і ня тыя, што ў пекле, асьмеляцца вызнаваць Цябе, але мы, жывыя, бласлаўляем Цябе і молім, і ачышчальныя малітвы і ахвяры прыносім за іхнія душы.

(Іншая малітва). Божа вялікі і вечны, сьвяты, чалавекалюбны, Ты ўдастоіў нас у гэтую хвіліну стаць перад Тваёю недаступнаю славаю, каб славіць у песьнях і хваліць цуды Твае: ачысьці нас, нягодных слугаў Тваіх, і дай нам ласку з сэрцам скрушлівым у пакоры прыносіць Табе тройчы сьвятое ўсхваленьне і падзяку за ўсе Твае дабрадзействы, якія Ты ўчыніў і ўвесь час чыніш для нас. Памятай пра нашыя слабасьці і ня дай нам згінуць разам з нашымі беззаконьнямі; але ўчыні нам, пакорным, вялікую ласку, каб нам вызваліцца ад грахоўнай цемры і хадзіць у сьвятле праведнасьці і, апрануўшыся ў зброю сьвятла, захавацца ад усялякай хітрасьці злога ворага, і адважна славіць за ўсё Цябе, адзінага сапраўднага і чалавекалюбнага Бога. Сапраўды, Уладару і Творча ўсіх, вялікая тайна часовага распаду Тваіх стварэньняў і іхняга паўторнага ўзнаўленьня, і вечнага іх супакаеньня. Мы вызнаем ласку Тваю ва ўсім: у нашым прыйсьці на гэты сьвет і ў адыходзе; у нашай надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, якое, згодна з Тваім непарушным абяцаньнем, маем атрымаць у час Твайго другога прыйсьця. Бо Ты – Пачатак нашага ўваскрасеньня, і бесстароньні і чалавекалюбны Судзьдзя тых, што памерлі, Госпад і Ўладар узнагароды, які стаўся ўдзельнікам нашай прыроды дзеля сваёй бязьмежнай прыхільнасьці да нас. Ты дабравольна, у Тваёй вялікай міласэрнасьці ўзяў на сябе ўласьцівыя нашай прыродзе пажаданьні, выставіў сябе на спакусу і пацярпеў, каб быць здольным спагадаць нам і быць памочнікам у нашых спакусах, і ўзьняць нас да ўласьцівага Табе стану непадуладнасьці спакусам. Прымі, Уладару, нашыя малітвы і просьбы, і супакой душы ўсіх айцоў і матак нашых, і дзетак, родных братоў і сёстраў, і сваякоў, і ўсіх раней памёрлых: запішы імёны іх у кнізе жыцьця, і дай душам іх супакой, у надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, ва ўлоньні Абрагама, і Ісаака, і Якуба, у краіне жывых, у валадарстве нябесным, у раю асалоды; і нас усіх накіроўвай праз Тваіх прамяністых анёлаў да сьвятога жыльля Твайго; і, згодна з Тваім абяцаньнем, узьнімі нашыя целы ў назначаны Табою час. Бо для слугаў Тваіх, Госпадзе, калі яны з целам растаюцца і прыходзяць да Цябе, нашага Бога, няма сьмерці, а толькі пераход ад сумнага існаваньня да салодкага і сьветлага, да супакою і радасьці. Калі ж мы правініліся перад Табою, Ты будзь міласэрны да нас як і да іх, бо ніхто без заганы перад Табою нават праз адзін дзень жыцьця, апрача Цябе, які аб'явіўся нам на зямлі як адзіны бязгрэшны Госпад наш Ісус Хрыстос, праз якога мы ўсе спадзяемся атрымаць міласэрнасьць і адпушчэньне грахоў. Дзеля гэтага, нам як і ім, як добры і чалавекалюбны Бог, разьвяжы, адпусьці і прабач нашыя грахі вольныя і міжвольныя, зробленыя намі сьведама і нясьведама, учынкам, думкаю і словам, і ўсім нашым жыцьцём і дзейнасьцю, вядомыя нам і даўно забытыя. А тым, што ўжо адышлі, даруй вызваленьне і адпушчэньне. Блаславі ўсіх тут прысутных, дай добры і спакойны канец нам і ўсім людзям Тваім, раскрый нам веліч Тваёй міласэрнасьці і чалавекалюбства ў час Твайго страшнага і жахлівага прыйсьця, і зрабі нас годнымі Твайго валадарства.

(Іншая малітва). Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб кіравала днём, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам у духу пакоры і прыносіць Табе вячэрняе хваленьне. Учыні, Чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты даў нам на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольны ад д'ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўца ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя навучаньнем запаветаў Тваіх, з радаснай душою ўсталі, каб славіць Тваю дабрату, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашыя правіны, і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй.

Усе ўстаюць.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – супакой душ і целаў нашых, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду...

І ўвесь далейшы парадак вялікай вячэрні.


Вершапесьні

(Тон 3). Сёньня вогненныя языкі явілі знак для ўсіх. Бо гэбрэі, з якіх паводле цела Хрыстос, занядужалі бязьверствам і адпалі ад ласкі Божай; а мы, што паходзім ад паганаў, узмоцненыя словам вучняў, якія прапаведавалі славу Дабранчынца ўсіх Бога, сталіся годнымі Боскага сьвятла. Дык, укленчыўшы і з пакорным сэрцам, умацаваныя Духам Сьвятым, з вераю паклонімся Збавіцелю душ нашых.

Верш: Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Сёньня Дух Суцяшальнік зышоў на кожнае цела, пачаўшы ад збору Апосталаў, і праз іх пашырыў ласку на ўсіх верных. Ён явіў вогненныя языкі як доказ свайго ўладарнага прыйсьця і раздаў вучням розныя мовы, каб на іх хвалілі і праслаўлялі веліч Божую. Дзеля гэтага мы, з прасьветленымі сэрцамі і ўмацаваныя ў веры Духам Сьвятым, молімся за збаўленьне душ нашых.

Верш: Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Сёньня апосталы Хрыстовыя апранаюцца ўладаю з вышыні. Суцяшальнік напаўняе іх і тайна абнаўляе розум. I вось яны дзіўнымі мовамі і высокімі словамі навучаюць пакланяцца спрадвечнай і простай існасьці ў трох асобах адзінага Бога і Дабрачынца ўсіх. Дзеля гэтага і мы, прасьветленыя іх навучаньнем, пакланяемся Айцу разам з Сынам і Духам і молімся за збаўленьне душ нашых.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.


Адпушчальны трапар

(Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)


Водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які з улоньня Бога і Айца панізіў сябе, зышоўшы з неба на зямлю; прыняў усю нашу прыроду і абагавіў яе; а пасьля зноў узышоў на неба і сеў па правай руцэ Бога і Айца; і адтуль паслаў вучням і апосталам сваім Боскага сьвятога, адзінасутнага і роўнасільнага, спрадвечнага і роўнаслаўнага Духа, якім прасьвятліў іх, а праз іх увесь сусьвет, малітвамі ўсячыстае і бязьвіннае сьвятое Маці свае, сьвятых, слаўных, годных пахвалы богапрапаведнікаў і духаносных апосталаў, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст