Антыфаны, уваходны верш, трапар і кандак як у дзень Сёмухі.
"Сьвяты Божа..."
Пракімен (Пс 27:9,1). Збаў, Божа, людзей
Тваіх і блаславі набытак Твой.
Верш: Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не
адмоўчвайся ад мяне.
Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўлы да Эфэсцаў
Браты, паступайце, як дзеці сьвятла. Плод Духа ёсьць усякая
дабрыня, і праведнасьць, і праўда. Выпрабоўвайце, што мілае Госпаду. Не бярыце
ўдзелу ў бясплодных учынках цемры, а лепш выкрывайце іх. Аб тым, што яны робяць
таемна, сорамна нават гаварыць; але, выкрытае, яно робіцца бачным у сьвятле. А
ўсё яўнае ёсьць сьвятло. Таму і кажацца: "Прачніся ты, што сьпіш, устань з
мёртвых, і Хрыстос прасьветліць цябе". Дык уважайце, як паводзіцеся – не як
бязглуздыя, але як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. Таму ня будзьце
неразважнымі, але старайцеся зразумець, што ёсьць воля Гасподняя. Не ўпівайцеся
віном, бо ад яго распуста, але поўніцеся Духам, размаўляючы між сабою псалмамі і
гімнамі, і духоўнымі песьнямі, пяючы і праслаўляючы Госпада ў вашых сэрцах.
(5:8б-19)
Алілуя (Пс 50:3,13). Зьмілуйся нада мною,
Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх
ачасьці беззаконьне маё.
Верш: Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа
Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея
Сказаў Госпад: Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых
маленькіх, бо кажу вам, што ў небе іхнія анёлы заўсёды бачаць аблічча Айца
Майго, што ў небе. Бо Сын Чалавечы прыйшоў каб ратаваць тое, што згінула. Як вам
здаецца? Калі нехта мае сто авечак і адна з іх заблудзіць: ці не пакіне ён
дзевяцьдзсят дзевяць у горах і ня пойдзе шукаць адну, што заблудзіла? I калі яму
ўдасца знайсьці яе, сапраўды кажу вам, ён цешыцца з яе больш як з дзевяцьдзесят
дзевяці, што не заблудзілі. Такім чынам няма волі Айца вашага, што ў небе, каб
згінуў адзін з гэтых малых. Калі брат твой зграшыць супраць цябе, ідзі і выкажы
яму аднаму віну ягоную. Калі паслухаецца цябе, дык ты прыдбаў брата твайго. Калі
ж не паслухаецца, дык вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або
трох сьведкаў пацьвердзіць кожнае слова. А калі не паслухаецца іх, скажы царкве.
Калі ж і царквы не паслухаецца, хай табе будзе як паганін ці мытнік. Сапраўды
кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязанае ў небе, а што разьвяжаце
на зямлі, будзе разьвязанае ў небе. Зноў кажу вам: калі двое з вас на зямлі
будуць згодна прасіць аб нечым, дык усё дасьць ім Айцец Мой, што ў небе. Бо дзе
двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там і Я сярод іх.
(18:10-20)
Усё іншае, як у дзень Сёмухі. |