Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Аўторак пасьля Сёмухі ўвечары


 

 

Аўторак пасьля Сёмухі ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 1). Як прыродна і ўласьціва духоўнаму небу палымянымі языкамі абвяшчаць народам славу Бога Айца, які разам з Сынам і Духам агнём упрыгожыў нябёсы і прасьвятліў створаны сусьвет.

Калі вучні Хрыстовыя былі сабраныя на Сыёне, Дух Сьвяты, згодна з абяцаньнем, зышоў на іх у выглядзе вогненных языкоў і напоўніў іх духоўным агнём, каб абвяшчаць тайніцу Тройцы.

Сьвяты Дух сваім прыйсьцем зрабіў сьвятых вучняў мячамі, у небе каванымі: яны асьвяцілі зямлю Богу Айцу, калі пасеклі ўсё нязбожнае і зьнішчылі зброю хітрага ворага, для збаўленьня душ нашых.

Тры песьні з мінеі.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую, пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.


Вершапесьні

(Тон 4). Сёньня, Госпадзе, зышло на Тваіх апосталаў дзеяньне Сьвятога Духа Твайго і зрабіла іх мудрымі ў богапазнаньні, напоўніўшы іх блаславёным вучэньнем Тваім. Дзеля гэтага славім Твой збавенны провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.

Верш. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Сёньня Дух усемагутны Твой, Уладару, адзінасутны з Табою, пасылаецца Айцом у выглядзе вогненных языкоў, каб даць апосталам Тваім сілу прапаведаваць Веліч Тваю. Дзеля гэтага славім Твой збавенны провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.

Верш. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Сёньня Ты, Збавіцелю, паслаў дары Суцяшальніка Твайго, каб людзкая прырода магла прарочыць, згодна з Тваім, Слова, абяцаньнем і наказам, і пакланяцца неразьдзельнай Тройцы. Дзеля гэтага славім Твой збавенны провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.

Слава... цяпер...

(Тон 6). Дух Твой Сьвяты, Госпадзе, прыйшоў і напоўніў апосталаў Тваіх, і навучыў іх гаварыць рознымі мовамі. Для няверных гэты цуд выдаўся пахмельлем, а для верных ён стаўся крыніцаю збаўленьня. Дык і нас зрабі годнымі Ягонага прасьвятленьня, молімся Табе, Чалавекалюбча.


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога дня.

Слава... цяпер...

Трапар сьвята (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст