На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Вось настаў дзень радасьці і вясельля:
Дух Сьвяты зьявіўся вучням у агні з вышыні і прасьвятліў усіх. Ён зрабіў рыбакоў
мудрымі прапаведнікамі, як напісаў боганатхнёны Лука, і духам патрэбным напоўніў
усё. Дзеля гэтага дзівімся ў веры таму, што здарылася, і славім вялікую
міласэрнасьць і спагадлівасьць Хрыста Бога нашага.
Сьвяткуем сьвятую Сёмуху і сілу Духа, і сапраўдную радасьць,
спаўненьне Боскай надзеі і спрадвечнае тайны. Дзеля гэтага ўсклікнем: "Творча
ўсіх і Слова! Не адымі ад нас, Збавіцелю, Духа Твайго, але малітвамі сьвятых і
ўсяхвальных апосталаў пашлі Яго нам з неба і дай супакой душам нашым".
Адухаўлёныя нябёсы абвяшчаюць сёньня веліч Збавіцеля і па
ўсім сьвеце яўна прапаведуюць сілу Боскую Суцяшальніка, прасьвятляюць усё
стварэньне вучэньнем сваім і навучаюць славіць адзіную і неразьдзельную ў трох
асобах Тройцу.
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 7). Маючы Суцяшальніка Хрыста Бога ў Айца,
іншаму Суцяшальніку, які прыйшоў сёньня да нас на зямлю, у веры паклонімся.
Вершапесьні
(Тон 1). Духа Сьвятога, які ад Айца паходзіць і ў
Сыне праслаўляецца, якім усё трымаецца, існуе, жыве і збаўляецца, бласлаўляем і
клічам: "Недасяжны Суцяшальніку, даруй супакой сьвету Твайму!"
Верш. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух
правы абнаві ў нутры маім.
Дух Сьвяты, крыніца ўсяго дабра, прыходзіць, каб праз
апосталаў напоўніць усю зямлю нябеснай сілаю і Боскай дабрынёю. Дык усклікнем
Яму: "Невыказны Суцяшальніку, даруй супакой сьвету Твайму!"
Верш. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа
Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.
Усхвалім Духа Сьвятога, Бога, роўнага прыродаю і славаю з
Айцом і Сынам, Сьвятло дасканалае, што ад Сьвятла – спрадвечнага і дасканалага
Айца, – праз Сына зазьзяла. Усклікнем Яму: "Жыцьцядаўча-Суцяшальніку, даруй
сьвету Твайму супакой!"
Слава... цяпер...
(Тон 8). Калі Ты, Госпадзе, паслаў Духа Твайго
апосталам, што сядзелі разам, тады сыны гэбрэйскія жахнуліся, бо чулі як тыя
прамаўлялі рознымі мовамі, як Дух ім даў. Невукі, атрымаўшы дар моваў, сталіся
вучонымі і абвяшчалі боскія рэчы. Дзеля гэтага і мы ўсклікаем Табе: "Госпадзе,
які зьявіўся на зямлі і выбавіў нас ад спакусы, слава Табе!"
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня.
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа
наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў
увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. |