На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Сёньня, Госпадзе, зышла сіла ўсесьвятога
Духа Твайго на апосталаў Тваіх і зрабіла іх мудрымі ў богапазнаньні, напоўніўшы
іх боскім вучэньнем Тваім. Дзеля гэтага славім Твой провід, Ісусе ўсемагутны,
Збавіцелю душ нашых.
Сёньня Дух Твой усемагутны, Уладару, адзінасутны з Табою,
пасылаецца ад Айца ў выглядзе вогненных языкоў, і дае апосталам Тваім сілу
абвяшчаць веліч Тваю. Дзеля гэтага славім Твой збавенны провід, Ісусе
ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.
Сёньня Ты, Збавіцелю, паслаў Суцяшальніка Твайго Духа, даючы
людзкой прыродзе дар прароцтва, як Ты, Слова, некалі прадказаў, і наказаў
пакланяцца неразьдзельнай Тройцы. Дзеля гэтага славім Твой збавенны провід,
Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.
Тры песьні з мінеі
Слава... цяпер...
(Тон 2). Славім у песьнях Тройцу адзінасутную –
Айца і Сына разам з Духам Сьвятым, – якую прапаведавалі прарокі, апосталы і
мучанікі.
Вершапесьні
(Тон 1). Майсей некалі бачыў Таго, хто ёсьць, у
агні; а сёньня Дух зыходзіць у агні на сьведкаў Божых і мудрых апосталаў,
прасьвятляючы іх: Бог адзіны, той самы тады і цяпер.
Верш. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух
правы абнаві ў нутры маім.
Апосталы, прасьветленыя вогненнымі языкамі, сталіся
багамудрымі і клікалі ўсіх да вады боскага хрышчэньня, папаліўшы агнём Духа
нязбожныя выдумкі краснамоўцаў. Прасьвятлі, Суцяшальніку, і нас, якія верна
славім Цябе.
Верш. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа
Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.
Грубасьць рэчыўную тых, што ў целе служылі Табе, Божа мой, Ты
невымоўна напоўніў нярэчыўным полымем Духа. Дзіўны Ты ва ўсіх творах Тваіх і
годны ўсялякай хвалы, Чалавекалюбча!
Слава... цяпер...
(Тон 6). Маючы пацяшыцеля Хрыста Бога ў Айца,
іншаму Суцяшальніку, які прыйшоў сёньня да нас на зямлю, у веры паклонімся.
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога дня.
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа
наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў
увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. |