Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля ўсіх сьвятых - у суботу ўвечары


 

 

Нядзеля ўсіх сьвятых - у суботу ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу": шэсьць песьняў нядзельных 8 тону і чатыры наступныя сьвятым:

(Тон 6). Духоўныя вестуны, вучні Збавіцеля, праз веру сталіся прыладамі Духа і разышліся па ўсёй зямлі, сеючы прапаведаваньне богапрымнае і праведнае. Сваімі намаганьнямі і ласкаю яны прарасьцілі мноствы мучанікаў, якія ў розных цярпеньнях – чвартаваньні, ранах і агні, – сталіся пераймальнікамі збавенных мукаў і цяпер няспынна моляцца за душы нашыя.

Агорнутыя полымем Гасподняе любові, пачэсныя Хрыстовыя мучанікі не збаяліся агню і, загарэўшыся, быццам Боскія вугалі, папалілі быльлё падступнай дзёрзкасьці і загарадзілі пашчы зьвяроў набожнай малітваю. Прыняўшы сьмяротны прысуд, яны пасеклі варожыя сілы і струменямі крыві сваёй напаілі Царкву і прасьвятлілі яе вераю.

Мучанікі ўсяслаўныя змагаліся са зьвярамі, прымалі сьмерць ад мяча, капцюроў і агню; іх душылі, прабівалі і секлі на часткі. Яны мужна перанесьлі ўсё ў прадбачаньні будучай узнагароды, нятленных вянцоў і славы, і сёньня няспынна моляцца Хрысту за душы нашыя.

Апосталаў, мучанікаў і багамудрых сьвятароў, пачэсных жанчынаў сьвятую грамаду, што ва ўсіх краінах цярпелі верна, сьвятымі песьнямі сёньня належна ўсхвалім. Бо ў іх зьядналася нябеснае з зямным, і за свае мукі ласкаю Хрыстоваю яны атрымалі бясстраснасьць. Сёньня, быццам ясныя зоркі, яны прасьвятляюць нас і моляцца за душы нашыя.

Слава...

(Тон 6). Боскія хоры мучанікаў, аснова Царквы, спаўненьне Евангельля! Вы на справе зьдзейсьнілі навучаньне Збавіцеля. Вашым намаганьнем вароты пякельныя, што расчыніліся, каб праглынуць Царкву, былі зачыненыя зноў; праліцьцём вашай крыві вы высушылі ідальскія ахвярапрынашэньні. Вашая ахвяра нарадзіла паўсюдную Царкву; вы задзівілі анёлаў, і цяпер як пераможцы стаіце перад Богам. Маліце Яго за душы нашыя.

Цяпер...

Дагматык 8 тону.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Хай зьбяруцца разам усе народы, і хай зыдуцца ўсе начальнікі іх. Хто з іх можа абвясьціць гэта, расказаць, што было ад пачатку? Хай прывядуць сьведкаў сваіх для апраўданьня, каб іх маглі пачуць і сказаць: Сапраўды гэта так. Вы – Мае сьведкі, кажа Госпад, – і слугі Мае, якіх Я выбраў, каб усе пазналі і паверылі Мне, і зразумелі, што толькі Я адзін ёсьць. Ніякага бога ня было перада Мною, і пасьля Мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я ёсьць, і апрача Мяне няма іншага Збаўцы. Гэта Я абвясьціў, выбавіў і прадказаў, а не нехта іншы сярод вас. Вы Мне сьведкі, што Я Госпад Бог ваш. Спрадвеку Я ёсьць, і ніхто з рук Маіх не ўцячэ. Хто можа адмяніць тое, што Я ўчыніў?" Так кажа Госпад, Збаўца ваш, Сьвяты Ізраіля. (43:9-14)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і пакута не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх выпрабаваў і знайшоў годнымі Сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне, і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе Ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Ўсявышні будзе клапаціцца аб іх. Дзеля гэтага атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукой сваёю, і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме раўнівую любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці, і шоламам ягоным будзе суд бесстаронні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць, і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Палятуць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх канцоў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)


Ліцьця

(Тон 1). У еднасьці веры будзем сьвяткаваць памяць усіх, што спрадвеку знайшлі ласку ў Бога. Успомнім пачэсных патрыярхаў, прарокаў, апосталаў Хрыстовых, мучанікаў і посьнікаў, якія няспынна моляцца за ўвесь сьвет і збаўленьне душаў нашых.

Хадзіце, верныя, усхвалім у псалмах і песьнях духоўных слаўную памяць усіх сьвятых: Збавіцелевага Хрысьціцеля, апосталаў, прарокаў і мучанікаў, біскупаў, настаўнікаў царкоўных, посьнікаў і блаславёных, і ўвесь хор сьвятых жанчынаў. Аддаючы пашану ім, аднадушна ўсклікнем: "Усядобры Хрысьце Божа наш, малітвамі іх дай супакой Царкве Тваёй і перамогу над усімі нягодамі, і душам нашым веліч зьмілаваньня".

Хадзіце, будзем сьвяткаваць у радасьці Сьвятога Духа памяць сьвятых, бо вось прыйшло іхняе сьвята, і напаўняе нас Боскімі дарамі. З чыстым сумленьнем усклікнем радасна і запяём у іхні гонар: "Радуйцеся, усе прарокі, якія прадказалі прыйсьце Хрыста і прадбачылі ясна, што мела стацца. Радуйцеся, апосталы Гасподнія, рыбакі, што сецямі вашымі ловіце ўвесь сусьвет. Радуйцеся, хоры мучанікаў, сабраныя з усяго сьвету і зьяднаныя ў вызнаньні веры, за якую вы пацярпелі і атрымалі вянцы перамогі. Радуйцеся, сьвятыя айцы, што высілкамі сваімі ўтаймавалі пажаданьні цялесныя. Вы былі ўзьнесеныя ў духу на крылах Божай любові да неба, дзе атрымалі вечныя даброты разам са сьвятымі анёламі. Дзеля гэтага, прарокі, апосталы, і мучанікі, маліце Таго, хто вянчаў вас у небе, каб Ён захаваў ад нападаў ворага ўсіх, што з вераю і любоўю спраўляюць вашую памяць.

Слава...

(Тон 5). Хадзіце, верныя, пасьпяшым на радаснае сьвята, бо вось прыгатаванае для нас духоўнае застольле. Таемная чаша напоўненая салодкім напіткам – дабрадзейнасцямі мучанікаў, якія прынесьлі сябе ў ахвяру Богу, аддаўшы свае целы на раны і мучэньні. Яны сталіся ўдзельнікамі цярпеньняў Хрыстовых і атрымалі за гэта вянцы перамогі. Зрабі нас, Госпадзе, годнымі быць пераймальнікамі іхніх дабрадзейнасьцяў.

Цяпер...

Ты, усячыстая Дзева – хорам і брама, палац і пасад Уладара. Праз Цябе Збаўца мой, Госпад Хрыстос, Сонца праведнасьці, зазьзяў у цемры, жадаючы прасьвятліць тых, каго Ён стварыў сваёю рукою на вобраз свой. Дзеля гэтага, Усяслаўная, маючы матчыную сьмеласьць у Яго, малі Яго няспынна за збаўленьне душ нашых.


Вершапесьні: нядзельныя, тон 8.

Слава...

(Тон 6). Прыйдзіце, верныя, суладным хорам сёньня будзем урачыста адзначаць сьветлую і слаўную памяць усіх сьвятых. Усклікнем усе: радуйцеся, слаўныя прарокі і апосталы, мучанікі і сьвятаначальнікі, уся грамада блаславёных і праведнікаў; радуйцеся, хоры сьвятых жанчынаў! Маліце Хрыста за супакой на ўсім сьвеце, за перамогу Царквы над усімі нягодамі, і за зьмілаваньне душаў нашых.

Цяпер...

(Тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, заступніца, абарона і збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальныя трапары

1. Калі ёсьць ліцьця

Трапар Багародзіцы. Багародзіца Дзева, радуйся. (Двойчы)

Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і кужаль, Царква Твая аздобілася крывёю тых, што ва ўсім сьвеце былі сьведкамі Табе, Хрысьце Божа, і праз іх моліць Цябе: Даброты Твае людзям Тваім зышлі, даруй супакой усяму сьвету, і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня.


2. Калі няма ліцьці

Трапар нядзельны (тон 8). Ты зышоў з вышыні, Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў: Жыцьцё наша і Ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе.

Слава...

Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і кужаль...

Цяпер...

Багародзічны адпушчальны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам невядомая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст