Пасьля "Госпад – Бог...":
Трапар нядзельны (тон 8). Ты зышоў з вышыні,
Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў:
Жыцьцё наша і Ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе.
Слава...
Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і
кужаль...
Цяпер...
Багародзічны адпушчальны (тон 4). Тайна спрадвеку
ўкрытая і анёлам невядомая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі,
сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве
прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім
першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Далей служба нядзельная 8 тону. Евангельле нядзельнае 1.
Канон нядзельны 8 тону і ўсіх сьвятых.
Катавасія "Адчыню вусны мае..."
Пасьля трэцяй песьні:
Сядальная песьня (тон 8).
Сьвяткуем памяць усіх сьвятых праайцоў, айцоў і патрыярхаў, апосталаў, мучанікаў
і біскупаў, прарокаў, праведнікаў і блаславёных, і ўсіх, чые імёны запісаныя ў
кнізе жыцьця, і просім іх заступіцца за нас. Малітвамі іх, Хрысьце Божа наш, дай
супакой усяму сьвету, каб нам усім пяяць Табе: "Ты, Чалавекалюбча, існы Госпадзе
і Божа, праслаўлены ў мностве сьвятых, якіх Ты праславіў".
(Двойчы)
Слава... цяпер...
Уславім нябесную браму і ківот, сьвятую гару і сьветлую
хмару, лесьвіцу да неба і духоўны рай, вызваленьне Эвы і вялікі сусьветны скарб.
Праз Яе збаўленьне прыйшло ўсяму сьвету і сплачаны стары доўг. Дык усклікнем Ёй:
"Малі Сына Твайго, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў тым, што пабожна
пакланяюцца ўсесьвятому сынараджэньню Твайму".
Пасьля шостай песьні:
Кандак (тон 8). Як першыя плады стварэньня,
сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх, баганосных мучанікаў: малітвамі
іх і Багародзіцы захавай у глыбокім супакоі Царкву Тваю і людзей Тваіх,
Шматміласэрны.
Ікас. Тыя, што былі сьведкамі па ўсёй зямлі,
сталіся жыхарамі неба; пераймальнікі цярпеньняў Хрыстовых вызваляюць нас ад
нашых цярпеньняў. Сёньня яны ўсе, сабраныя разам, паказваюць Царкву
першанароджаных як вобраз Царквы нябеснай, і кажуць Хрысту: "Ты – Бог мой.
Малітвамі Багародзіцы захавай мяне, Шматміласэрны".
Пасьля 8 песьні сьпяваецца "Больш годную пашаны..."
Песьня 9 (тон 8).
Ірмас. Неба жахнулася, усе канцы зямлі дзіву даліся: Бог зьявіўся
людзям у целе, і ўлоньне Тваё сталася больш прасторным за нябёсы. Дзеля гэтага
Цябе, Багародзіца, хоры анёлаў і людзей узьвялічваюць.
Песьні нядзельныя і наступныя сьвятым (тон той самы):
Прысьпеў. Усе сьвятыя, маліце Бога за нас.
Узброеныя ў надзею і любоў, апранутыя ў панцыр веры, хоры
выбраных першамучанікаў не збаяліся пагрозаў мучыцеляў, радасна пацярпелі мукі і
раны, і ўзбагаціліся Хрыстом, які ў пакутах зрабіў іх пераможцамі ў праўдзе.
Прысьпеў. Усе сьвятыя, маліце Бога за нас.
Усхвалім годна сёньня нашых памочнікаў збаўленьня:
Хрысьціцеля, прарокаў і мучанікаў, Боскіх настаўнікаў і посьнікаў, хоры
сьвятароў і патрыярхаў, дабраслаўных сьвятамучанікаў, багалюбных і праведных
жанчынаў.
Слава...: Слаўныя хоры сьвятых, выпрабаваныя агнём
спакусаў, не паддаліся іх асалодам, і сёньня цешацца перад светлым пасадам
Уладара на нябёсах у зьзяньні сапраўднага сьвятла.
Цяпер...: Багародзіца Дзева, што зьбіраеш расьцярушаных,
праз Цябе людзі сталіся спаўжыхарамі анёлаў, з якімі сёньня хоры сьвятых
вызнаюць і славяць няспынна Тваё сынараджэньне.
Экзапастыляр: Першы
нядзельны.
Слава...: Хрысьціцеля і прадвесьніка, прарокаў,
апосталаў, мучанікаў, сьвятаначальнікаў, посьнікаў, блаславёных і
сьвятамучанікаў, а з ім і багалюбных жанчынаў і ўсіх праведных разам з
анельскімі хорамі належнымі песьнямі ўзьвялічваем, і молімся, каб нам стацца
годнымі іхняй славы ў Хрыста Збаўцы.
Цяпер...: Найсьвяцейшая Дзева, Той, каго анельскія сілы
славяць як Бога, не пакідаючы ўлоньня Айца, зышоў з неба і зьяднаўся з намі. Ты
сталася хадайніцаю нашага збаўленьня, калі, вышэй за ўсякі розум, Ён прыняў цела
ў чыстым улоньні Тваім. Малі Яго, каб Ён даў слугам Тваім адпушчэньне грахоў.
Пахвальныя псалмы
Пяць нядзельных 8 тону і 3 наступныя:
(Тон 4). Госпад праславіў сьвятых на зямлі, бо яны
прынялі на сваё цела Ягоныя раны і цярпеньні і прасьвятліліся Боскаю красою.
Таму славім іх у песьнях як неўвядальныя кветкі, як незьмяркальныя зоркі Царквы,
і як дабравольныя ахвярапрынашэньні.
Верш. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх.
Хай будуць праслаўленыя прарокі і апосталы, сьвятыя айцы і
настаўнікі, сьвятамучанікі і праведныя жанчыны, – уся безьліч сьвятых і хоры
праведнікаў, – што дзеля любові змагаліся і цярпелі, а цяпер сталіся
спадкаемцамі вышняга валадарства і жыхарамі раю.
Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Хай будуць праслаўленыя мучанікі, што па ўсім сьвеце
аднадушна і адважна цярпелі. Як пераймальнікі сьмерці Хрыстовае яны сьветласьцю
дабрадзейнасьцяў сваіх зрабілі зямлю падобнай да неба і, ачысьціўшы людзкія
пажаданьні сілаю ласкі, пайшлі ўпэўненымі крокамі па шляху несьмяротнасьці.
Слава...: сьціхіра нядзельная
Евангельская першая.
Цяпер...: Найблаславёная Ты... |