Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вячэрня агульная - апосталам


 

 

Вячэрня агульная - апосталам

На “Госпадзе, Цябе клічу...”:

(Тон 4). Шчасьлівыя вы, пачэсныя вучні, бо вы былі сьведкамі Слова, што аб'явілася ў целе. Як бліскучыя маланкі, вы паказаліся сьвету і, быццам духоўныя горы, струменіце слодыч. Быццам райскія рэкі, вы, разышоўшыся, поіце Цэрквы ўсіх народаў боскімі водамі.

Быццам сьветлыя маланкі, вы былі пасланыя ў сьвет прынесьці духоўнае сьвятло. Як слугі тайнаў Хрыстовых, вы ўславіліся шматлікімі цудамі. Вы – табліцы пісаньняў сьвятых: ласка Божая і закон, якому Бог навучыў, напісаны ў вас, пачэсныя тайнікі сьвятых справаў.

Рыбацкімі восьцямі мудрасьць вучоных і струмені пустога красамоўства вы перамаглі, мудрасьці Божай сьветачы, настаўнікі догмаў, евангельскіх тайнаў прапаведнікі. Сёньня вы сталіся ўдзельнікамі нябесных дабротаў і подзівам для анёлаў, з якімі жывеце вечна ў славе.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 4). Радуйся, Сонца сьветлае, Сонца незаходнага носьбітка; розум, што прасьвятляе ўсіх Боскім зьзяньнем; прамень ясны, што асьвятляе ўсе куткі зямлі. Радуйся, Маці вечнага Сьвятла, уся сьветлая, уся добрая і беззаганная.

Крыжабагародзічны (тон 4). Калі Усячыстая ўбачыла ўкрыжаванага і ў бок кап'ём прабітага Хрыста Чалавекалюбца, Яна з плачам усклікнула: “Вось як Табе няўдзячныя людзі адплацілі за ўсё добрае, якое Ты ім учыніў. Чаму сьпяшыш пакінуць мяне бязьдзетнаю, любае Дзіця маё? Дзіўлюся, Добрасардэчны, Твайму дабравольнаму ўкрыжаваньню”.

-------------------------------

Калі ёсьць “Слава”:

Слава...

(Тон 8). Вучні Збавіцелевы, вы, абышоўшы сьвет, прасьвятлілі ўсё стварэньне і, спаліўшы, быццам хвораст, ідальскую ману, вучэньнямі вашымі прывялі народы ад бездані неразуменьня да Боскага пазнаньня. Цяпер маліце Хрыста, каб Ён быў міласэрным для нас у судны дзень.

Цяпер...

Багародзічны (тон 8). Пачуй, Багародзіца Дзева, голас малельнікаў Тваіх і прасі няспынна Госпада дараваць нам адпушчэньне правін.

Крыжабагародзічны (тон 8). Убачыўшы Цябе, Госпадзе, Сонца праведнасьці, павешанага на дрэве, сонца промні свае схавала, месяц сьвятло на цемру перамяніў, і нясьцерпны боль працяў душу ўсебеззаганнае Маці Тваёй.

------------------------------


Вершапесьні

(Тон 6). Вучні і сьведкі Гасподнія, вы былі слугамі і прапаведнікамі тайнаў Божых і, атрымаўшы дар аздараўленьняў, лечыце немачы ўсіх людзей.

Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх.

Вы зьяўляецеся вялікім прыстанішчам і надзейнымі ахоўнікамі душ нашых, і абаронцамі ад злых духаў, апосталы і сьведкі Гасподнія: дзеля гэтага вас належна славім.

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Тваю, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.

Сьвятыя і блаславёныя апосталы Гасподнія, ад усякай небясьпекі, подступаў бесаўскіх, правінаў і няволі граху выбаўляйце тых, што славяць вас.

Слава...

(Тон 4). Арганы добра настроеныя, Божыя апосталы, вы былі пакліканыя навучаць усе народы, словам і прыкладам, прыводзячы іх да пазнаньня Хрыста і да прызнаньня, што Ён – Бог і Збавіцель душ нашых.

Цяпер...

Багародзічны (тон 4). Маючы ў Табе, Багародзіца, надзейную заступніцу, не баімся нападаў ворага, бо Ты збаўляеш душы нашы.

Крыжабагародзічны (тон 4). Меч, як сказаў некалі Сямён, параніў сэрца Тваё, усесьвятая Уладарка, калі Ты ўбачыла як Той, хто невыказна нарадзіўся ад Цябе, быў асуджаны беззаконнымі людзьмі, узьнесены на крыж з прыбітымі да яго рукамі і нагамі, пакаштаваў воцту і жоўці і быў прабіты кап'ём у бок. Заплакаўшы па-матчынаму, Ты ўсклікнула: “Што гэта за новая тайніца, Дзіця любае маё?”


Адпушчальны трапар

(Тон 3). Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст