На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 8). Пачэсныя і багамудрыя айцы, вы сьляпым
вяртаеце зрок, нядужых лечыце, калек ацаляеце, схіляючыся спагадліва да тых, што
з вераю прыходзяць да вашай сьвятасьці і просяць дапамогі. Славім вас, бо мы
знайшлі ў вас верных заступнікаў і хадайнікаў.
Сьвятыя і пачэсныя айцы, вашымі дабрадзейнасьцямі вы ўзышлі
на калясьніцу і ўзьняліся да Бога, дзе атрымалі вянец перамогі, а нам пакінулі,
быццам накідку, у грабніцах целы вашыя, каб давалі ацаленьні і адганялі нячыстых
духаў. Дзеля гэтага, усяхвальныя айцы, славім вас.
Вы, блаславёныя, разам з хорамі посьнікаў, упрыгожылі сябе
цьвярозым жыцьцём. Цяпер, асьветленыя Боскім зьзяньнем, жывеце ў радасьці ў
нябесных сялібах разам з анёламі. Памятайце пра тых, што шануюць вас і
сьвяткуюць вашую памяць тут на зямлі.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 8). Думкі нячыстыя мае і вусны
лісьлівыя, учынкі мае ўсе благія: што мне рабіць, як сустрэць Судзьдзю майго?
Уладарная Дзева, малі Сына Твайго, Творцу і Госпада, каб Ён, адзіны Міласэрны,
прыняў душу маю ў пакаяньні.
Крыжабагародзічны (тон 8). Чыстая Дзева, убачыўшы
Сына, дабравольна прыбітага да крыжа, жаласна заплакала і казала: “Дзіця любае!
Вось як няўдзячныя людзі адплацілі Табе, і пазбавілі мяне Цябе, Наймілейшы мой”.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з
Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым да нас, але
малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
|