ПАНЯДЗЕЛАК
Служба сьвятым анёлам
Трапар (тон 4). Нябесных сіл
ваяводы, мы, нягодныя, няспынна молім вас, каб вы ахінулі нас вашымі малітвамі
і, пакрыўшы ценем крылаў духоўнае вашае славы, ахоўвалі нас, якія прыбягаем да
вас і клічам: "Ад бедаў выбаўце нас, начальнікі вышніх сіл!"
Кандак (тон 2). Ваяводы Божыя, слугі Божае
славы, анёлаў зьверхнікі і людзей настаўнікі, карыснага для нас прасіце і велічы
спагады, бо вы – князі нябесных сіл
Пракімен (Пс 103:4,1).
Ён робіць вятры пасланцамі сваімі, і слугамі сваімі – полымя агню.
Верш. Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе Божа
мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Алілуя (Пс.148:2; 32:9). Хваліце Госпада,
усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго.
Верш. Бо Ён сказаў, і сталася; загадаў, і ўсё
прыйшло да быцьця.
Прычасьнік. Ён робіць вятры пасланцамі сваімі, і
слугамі сваімі – полымя агню. Алілуя, алілуя, алілуя.
Апостал: Гэб 2:2-11
Евангельле: Мц 13:24-30,36-43
АЎТОРАК
Служба сьвятому Яну Хрысьціцелю
Трапар (тон 2). Праведніка ўспамінаем з
пахвалою: табе ж, прадвесьнік, даволі сьведчаньня Гасподняга, што ты больш
пачэсны за прарокаў, аказаўшыся дастойным хрысьціць у вадзе Прадказанага. Ты і
пацярпеў за праўду з радасьцю, і абвясьціў тым, што ў пекле, Бога, які аб'явіўся
ў целе, узяў на сябе грахі сьвету і дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня.
Кандак (тон 2). Прарок Божы і прадвесьнік
ласкі, знайшоўшы ў зямлі, быццам шыпшыну, сьвятую галаву тваю, атрымліваем
аздараўленьні, бо, як і раней, ты зноў прапаведуеш сьвету пакаяньне.
Пракімен (Пс 63:11,2).
Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прытулак у Яго.
Верш. Госпадзе, пачуй голас малітвы маёй.
Алілуя (Пс 91:13,14). Праведнік як
пальма зацьвіце, як кедр лібанскі разрасьцецца.
Верш. Пасаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіце на
панадворку Бога нашага.
Прычасьнік (Пс 111:6-7). Памяць праведніка
жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.
Апостал: Дз 13:25-32
Евангельле: Ян 1:29-34
СЕРАДА
Служба Найсьвятой Багародзіцы і Крыжу
Трапар (тон 1). Збаў, Госпадзе,
людзей Тваіх і блаславі набытак Твой; даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і
перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.
Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі
сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, што носяць імя
Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на ўсякую
добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.
Пракімен (Лк 1:46-47). Душа мая абвяшчае
веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.
Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад
гэтага часу шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні.
Алілуя (Пс 44:11,13). Слухай, дачка, глянь
і прыхілі вуха тваё.
Верш. Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Прычасьнік (Пс 115:4). Чашу збаўленьня
прыму, буду клікаць імя Гасподняе. Алілуя, алілуя, алілуя.
Апостал: Флп 2:5-11
Евангельле: Лк 10: 38-42; 11:27-28
ЧАЦЬВЕР
Служба Апосталам і сьвятому Міколу
Трапар Апосталаў (тон 3).
Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым
адпушчэньне грахоў.
Трапар Міколы (тон 4).
Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на
справе для статку твайго. Дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў
багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Мікола, малі Хрыста Бога, каб Ён
збавіў душы нашы.
Кандак Апосталаў (тон 2). Непахісных і
Богам натхнёных прапаведнікаў, вярхі вучняў Тваіх, Ты, Госпадзе, узяў да сябе,
даючы ім у асалоду даброты Твае і супакой; цярпеньні і сьмерць іх Ты прыняў лепш
за цэлапаленьні, адзіны Сэрцазнаўча.
Кандак Міколы (тон 3). У Мірах ты, сьвяты,
паказаў сябе слугою спраў Божых: выпаўніўшы Евангельле Хрыстовае, ты,
блаславёны, душу паклаў за людзей тваіх і нявінных ад сьмерці выбавіў. Дзеля
гэтага ты і асьвяціў сябе, стаўшыся вялікім тайнікам Божае ласкі.
Пракімен (Пс 18:5,2).
Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.
Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук
Ягоных расказвае небасхіл.
Алілуя (Пс 88:6,8). Нябёсы славяць цуды
Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.
Верш. Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Прычасьнік (Пс 18:5,2). Па ўсёй
зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Алілуя, алілуя,
алілуя.
Апостал: 1 Кар 4:9-16
Евангельле: Мц 10:5-8
ПЯТНІЦА
Служба Крыжу Гасподняму
Трапар і кандак як у сераду.
Пракімен (Пс 98:5,1).
Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён
сьвяты.
Верш. Госпад пануе – хай дрыжаць людзі; Ён сядзіць
на херувімах – хай ускалыхнецца зямля.
Алілуя (Пс 73:2,12). Успомні народ
Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.
Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў
збаўленьне пасярод зямлі.
Прычасьнік. Ты, Божа, учыніў збаўленьне пасярод
зямлі. Алілуя, алілуя, алілуя.
Апостал: 1 Кар 1:18-24
Евангельле: Ян 3:13-17
СУБОТА
Служба ўсім сьвятым і памерлым
Трапар сьвятых (тон 2). Апосталы, мучанікі
і прарокі, сьвятыя біскупы, блаславёныя і праведнікі, што добра змагаліся і веру
захавалі, маючы ласку ў добрага Збавіцеля, маліце Яго, просім вас, каб Ён збавіў
душы нашыя.
Трапар за супакой (тон
2). Успомні, Госпадзе, у дабрыні Тваёй слугаў Тваіх, і даруй ім
усякую правіну, зробленую пры жыцьці: бо ніхто без граху апроч Цябе, які і
памерлым можаш даць супакой.
Кандак за супакой (тон
8). Са сьвятымі супакой, Хрысьце, душы заснулых слугаў Тваіх, дзе
няма ні болю, ні суму, ні плачу, але жыцьцё бясконцае.
Кандак мучанікаў (тон 8).
Як першыя плады тварэньня, сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх,
баганосных мучанікаў. Малітвамі іх і Багародзіцы захавай у глыбокім спакоі
Царкву Тваю і люзей Тваіх, Шматміласэрны.
Пракімен (Пс. 31:11,1).
Весяліцеся ў Госпадзе і радуйцеся, праведныя.
Верш. Шчасьлівыя, каму адпушчаныя бясчынствы і чые
грахі пакрытыя.
І памёрлым (Пс 24:13).
Душы іх у шчасьці жыць будуць.
Алілуя (Пс 33:18,20). Усклікнулі праведнікі
і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.
Верш. Шмат бедаў прыйшлося зазнаць праведнікам і
ад усіх іх выбавіў іх Госпад.
І памёрлым (Пс.64:5). Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і
прыняў, Госпадзе: памяць іх будзе жыць з пакаленьня ў пакаленьне.
Прычасьнік (Пс.32:1). Усклікніце,
праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным.
І памёрлым (Пс.64:5). Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і
прыняў, Госпадзе: памяць іх будзе жыць з пакаленьня ў пакаленьне. Алілуя,
алілуя, алілуя.
Апостал: І Сал 4:13-17
Евангельле: Ян 5:24-30
|