Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » І тыдзень посту - панядзелак - увечары


 

 

І тыдзень посту - панядзелак - увечары

На “Госпадзе, Цябе клічу...”:

(Тон 6): Я ўчыніў усякі грэх, усіх пераўзышоў у блудзе, і ня маю крыніцы сьлёзаў, каб пакаяцца; калі ж буду жыць далей у ленасьці, буду асуджаны. Але Ты, адзіны добры Божа, дай мне паправу і зьмілуйся нада мною.

Дай мне, Збавіцелю, сьлёзы жалю, каб у гэты час посту абмыць агіду маіх бясчынстваў і стаць перад Табою чыстым, калі Ты, Госпадзе, прыйдзеш з неба судзіць людзей, як адзіны і праведны Судзьдзя.

(Тон 5): Узяўшы за шчыт посную зброю, прыйдзіце ўсе, каб адхіліць напады і спакусы ворага, не апаліцца слодычамі пажаданьняў і не збаяцца выпрабаваньня агнём; і Хрыстос Чалавекалюбец узнагародзіць нас вянцом за нашу цярплівасьць і паўстрымлівасьць. Дык у малітве будзем сьмела клікаць Яго і прасіць супакою і велічы зьмілаваньня душам нашым.

Тры песьні і багародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс 3:9,2): У Цябе, Госпадзе, збаўленьне і на людзях Тваіх блаславеньне Тваё.

Верш: Госпадзе, як размножыліся, тыя што, нападаюць на мяне.


Чытаньне кнігі Роду

Спачатку Бог стварыў неба і зямлю. Зямля была неўпарадкаваная і пустая, цемра была над безданьню, і дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: "Хай будзе сьвятло!" І сталася сьвятло. І Бог убачыў, што сьвятло добрае і аддзяліў яго ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І настаў вечар і раніца – дзень першы. А потым Бог сказаў: "Хай паўстане скляпеньне сярод водаў і хай разьдзеліць назаўжды адны воды ад другіх!" І ўчыніўшы скляпеньне, Бог аддзяліў воды пад скляпеньнем ад водаў над скляпеньнем. І назваў Бог скляпеньне небам. І быў вечар, а за ім раніца – дзень другі.Тады Бог сказаў: "Хай зьбяруцца воды пад скляпеньнем у адно месца і хай пакажацца суша!" І калі так сталася, Бог назваў сушу зямлёю, а збор водаў – морам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І сказаў Бог: "Хай зямля праросьціць зялёныя расьліны: травы, што расьсяваюць насеньне; фруктовыя дрэвы, што прыносяць плады з сямёнамі ў іх, кожнае паводле свайго роду на зямлі!" І сталася так. Зямля вывела з сябе расьліны: траву, што расьсявае насеньне, і фруктовыя дрэвы, што родзяць плады з сямёнамі паводле свайго роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І настаў вечар і раніца – дзень трэці. (1:1–13)


Пракімен (Пс.4:4,2): Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.

Верш: Пачуй мяне, Госпадзе, што справядлівасьць мне чыніш.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Прыповесьці Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага (напісаныя, каб) асягнуць мудрасьць і разважнасьць, і зразумець словы разумныя; засвоіць асьвячальную навуку – справядлівасьць, правасудзьдзе і правату, каб даць прастадушным разсуднасьць, юнаком пазнаньне і абачлівасьць; каб мудры, слухаючы, памнажаў веду сваю, каб разумны прыдбаў здаровыя асновы, каб разумеў прыповесьці і іхняе схованае значэньне, словы і згадкі мудрых. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні; неразумныя адкідаюць мудрасьць і навучаньне. Слухай, сыне мой, настаўленьні бацькі твайго; не адкідай павучаньняў маці тваёй, бо гэта пышны вянец на галаве тваёй, каштоўны нашыйнік на шыі тваёй. Сыне мой! Калі цябе будуць спакушаць грэшнікі, ты не паддавайся; не ідзі з імі, калі будуць казаць: "Хадзі з намі, зробім засаду на нявінную кроў, схаваем неправедна ў зямлю мужа праведнага; праглынем яго, быццам апраметная, жывым, і памяць яго зьнішчым з зямлі; Забярэм ягонае багацьце, напоўнім нашы дамы здабычаю. Кінь жэрабя тваё разам з намі, хай мех наш будзе супольны". Сыне мой, не хадзі з імі па іхнім шляху, накіруй ногі твае ад іхняй сьцежкі; бо ногі іх ідуць да благога, да крывапраліцьця. Але дарма расстаўляюць яны пасткі на вачах усякага птаства: яны зрабілі засаду на ўласную кроў, самі сябе запутваюць у сеці. Такі канец усіх ласых на зьдзерства; яно забівае іхняе ўласнае жыцьцё. Мудрасьць па дарозе кліча, перад домам узьнімае голас свой. (1:1–20)


Вершапесьні

(Тон 3): Будзем пасьціцца добрым пастом, прыемным Госпаду; Сапраўдны пост – адвярненьне ад злога, устрымлівасьць языка, адмаўленьне ад злосьці, адлучэньне ад пажаданьняў, намоваў, маны і ламаньня прысягі. Адмовіўшыся ад гэтага ўсяго, пост будзе сапраўдным пастом. (Двойчы)

Вялікая мучанікаў Тваіх, Госпадзе, сіла: лежачы ў магілах, яны праганяюць духаў нячыстых і нішчаць варожую ўладу, змагаючыся за дабрадзейнасьці вераю ў Сьвятую Тройцу.

Багародзічны: Багародзіца, Ты – заступніца ўсіх, што моляцца Табе: у Табе маем сьмеласьць, Табою хвалімся, на Цябе спадзяемся. Дык малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе, за нягодных слугаў Тваіх.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст