На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2): Выгнаныя з раю за спажываньне горкай ежы,
пастараемся сёньня зноў увайсьці туды ўстрыманасьцю, клічучы да Бога нашага:
"Ты, што распасьцёр на крыжы рукі Твае, піў воцат і пакаштаваў жоўці, і цярпліва
пераносіў боль ад цьвікоў, горкія слодычы гэтым з нашых душ выкараніўшы, у
дабрасардэчнасьці і шчодрасьці Тваёй збаў слуг Тваіх".
Пакаштаваўшы некалі плоду з дрэва і будучы выгнанымі з раю,
Крыжом Тваім мы зноў там пасяліліся і ў малітве прыносім яго Табе,
Шматміласэрны, і шчыра просім: "Пашлі нам сёньня, у гэты час устрыманасьці,
крыніцы сьлёз, каб абмыць брыдоту правінаў нашых, і каб нам усім горача
ўсклікнуць: Госпадзе, слава Табе!"
Паўстрыманасьці асалоду даруй і мне, Слова, як некалі ў раі
Адаму, каб мне захоўваць усе Твае прыказаньні, і назаўсёды паўстрымацца ад
граху, і каб у супакоі дажыць да жыцьцядайных мукаў Тваіх.
Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 7): Госпадзе Божа мой, на Цябе
спадзяюся: збаў мяне.
Верш: Выбаў мяне ад усіх, што перасьледуюць мяне.
Чытаньне кнігі Роду
Тады сказаў Бог: "Хай будуць сьветачы на скляпеньні нябесным,
каб аддзеляць дзень ад ночы, і няхай яны будуць знакамі для пораў (году), для
днёў і гадоў. Хай сьвецяць на скляпеньні нябесным і асьвятляюць зямлю". І
сталася так. Бог стварыў два вялікія сьветачы: большы сьветач, каб кіраваў днём;
і меншы сьветач, каб кіраваў ноччу; а таксама зоркі. І паклаў іх Бог на
скляпеньні нябесным, каб асьвятлялі зямлю, кіравалі днём і ноччу і разлучалі
сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што так добра. І быў вечар, і была раніца – дзень
чацьверты. І сказаў Бог: "Хай воды напоўняцца стварэньнямі і хай птушкі лятаюць
над зямлёю пад скляпеньнем нябесным". І сталася так. Бог стварыў кітоў вялікіх,
і ўсякія жывыя стварэньні, што жывуць у вадзе, кожнае паводле яго роду; і ўсякіх
птушак крылатых, кожную паводле яе роду. І бачыў Бог, што так добра. І
паблаславіў іх Бог, кажучы: "Расьціце і размнажайцеся, і напаўняйце воды ў
морах; і птушкі хай размножацца на зямлі". І быў вечар і была раніца – дзень
пяты. (1:14–23)
Пракімен (Пс. 8): Госпадзе, Госпадзе наш,
як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Верш: Ты веліч сваю ўзьняў вышэй за неба.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Мудрасьць перад хатай кліча, узьнімае голас свой на вуліцах,
напамінае на гаманлівых ростанях, гаворыць ля гарадзкой брамы: "Як доўга,
прыдуркі, будзеце любіць дурасьць, насьмешнікі кахацца ў кпінах, неразумныя
пагарджаць навукаю? Вярніцеся на мой шлях. Вось я вылью на вас мой дух і аб'яўлю
вам мае словы. Бо я клікала вас, але вы ня дбалі; працягвала рукі мае, але ніхто
не хацеў зважаць. За тое, што вы пагардзілі маімі радамі і ня прынялі маіх
дакораў, я буду сьмяяцца з вашага няшчасьця, кпіць, калі вас агорне страх, калі
боязь найдзе на вас быццам бура; калі наляцяць на вас няшчасьці, быццам віхор,
калі сум і гнёт агорне вас. Тады будуць клікаць мяне, але я не адгукнуся; будуць
пільна шукаць мяне і ня знойдуць. За тое, што яны ўзьненавідзелі навуку, страху
Гасподняга не прынялі, рады маёй не жадалі, дакорамі маімі пагардзілі, будуць
есьці плады ўчынкаў сваіх, насыцяцца задумамі сваімі. Бо адступніцтва простых
забівае іх; бестурботнасьць дурняў губіць іх. Хто слухае мяне, будзе жыць
бясьпечна, будзе мець супакой, не збаіцца няшчасьця".
(1:20–33)
Вершапесьні
(Тон 8): Будзем пасьціць ня толькі паўстрыманьнем
ад ежы, але станемся чужымі для ўсіх цялесных пажаданьняў, каб нам, што былі
паднявольнымі тыраніі цела, стацца дастойнымі прыняць Ягнё, – Сына Божага, які
дабравольна быў забіты за сьвет, – і духоўна сьвяткаваць уваскрасеньне з мёртвых
Збавіцеля. Узьняўшыся на вышыню дабрадзейнасьцяў, справядлівымі ўчынкамі
прынясем радасьць Чалавекалюбцу. (Двойчы)
Мучанікі Твае, Госпадзе, забыліся пра жыцьцёвыя клопаты, не
зважалі на мукі дзеля будучага жыцьця і, стаўшыся яго спадкаемцамі, радуюцца
разам з анёламі. Малітвамі іх дай людзям Тваім веліч зьмілаваньня.
Крыжабагародзічны: Слаўны цуд! Дзіўная тайна!
Страшнае дзеяньне! Дзева, бачыўшы на крыжы сярод двух разбойнікаў павешанага
Цябе, якога Яна бяз болю невыказна нарадзіла, з плачам казала: "Гора мне, Дзіця
любае, як гэта лютыя і няўдзячныя людзі прыбілі Цябе да крыжа?" |