На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 5): Прыйдзіце, верныя, будзем рабіць у
сьвятле справы Божыя, будзем хадзіць сумленна як у дзень, адкінем няправедныя
абмовы бліжняга, не даючы прычыны спатыкнуцца яму на шляху. Адхілім усе цялесныя
асалоды, памножым духоўныя дараваньні. Дамо хлеб тым, хто ў патрэбе, і прыступім
да Хрыста, каючыся і ўсклікаючы: "Божа наш, зьмілуйся над намі"
(Двойчы)
Чатыры мучанічныя песьні з актойха належага тону. Пасьля:
(Тон 2): Прыйдзіце ўсе мучанікалюбцы, будзем
радавацца духоўна і сьвяткаваць. Бо вось сёньня мучанік Тодар запрашае нас на
тайнае застольле, што цешыць усіх сьвяталюбцаў. Дык усклікнем яму: "Радуйся,
непераможны пакутнік, які разбурыў пагрозы мучыцеляў; радуйся ты, што аддаў на
мукі тваё тленнае цела за Хрыста; радуйся, што ў розных бедах паказаўся
дасьведчаным воем нябеснага войска. Дзеля гэтага просім цябе, мучанікаў краса,
маліцца за душы нашыя".
Богам дадзеную ласку цудаў, ты, мучанік Тодар, даеш усім, хто
з вераю прыходзіць да цябе. Дзеля гэтага славім цябе і ўсклікаем: "Ты выбаўляеш
палонных, ацаляеш нядужых, узбагачваеш убогіх, ахоўваеш тых, што на моры;
устрымліваеш слугаў ад бескарысных уцёкаў; паказваеш злодзеям кару, якая чакае
іх, навучаеш жаўнераў устрымлівацца ад рабунку; даруеш міласьціва спаўнене
просьбаў дзетак, і зьяўляешся непахісным заступнікам тых, што спраўляюць тваю
сьветлую памяць". З імі разам і нам, якія славім твае, сьвяты пакутніку, мукі,
выпрасі ў Хрыста велічы зьмілаваньня.
Мучанік Тодар, ты – вялікі дар Божы, бо і пасьля сьмерці,
быццам жывы, спаўняеш просьбы тых, што прыходзяць да цябе. Калі бедная ўдава
прыйшла ў сьвятыню тваю са сьлязьмі, просячы за сына свайго, якога паланілі
іншаверныя жаўнеры, ты, як міласэрны, прыехаў на белым кані і, нябачна прысутны,
юнака вызваліў. І цяпер, як тады, не перастаеш рабіць цуды. Дык малі Хрыста Бога
за збаўленьне душаў нашых.
Шануем цябе, блаславёны Тодар, аднайменны з Боскімі дарамі.
Ты, незаходная зорка Боскага сьвятла, прасьвятліў усё стварэньне мукамі тваімі;
Ты явіўся мацнейшым за агонь, патушыўшы полымя і скрышыўшы галаву лісьлівага
ворага. Дзеля гэтага падчас мучэньняў тваіх, вялікі пакутніку, Хрыстос
прыхіліўся да цябе і ўсклаў вянец на галаву тваю. Цяпер, маючы сьмеласьць у
Бога, маліся няспынна за душы нашыя.
Слава ...
(Тон 6): Вораг задумаў хітрую пастку і зрабіў
прыладай сваёй цара–адступніка: ежаю, апаганенаю ідалапрынашэньнем, ён хацеў
апаганіць народ Божы, ачышчаны пастом. Але ты абярнуў у нішто ягоны подступ,
зьявіўшыся ў сьне біскупу і аб'явіўшы яму гэты злосны намер. Дзеля гэтага мы
прыносім табе ахвяру падзякі, шануючы цябе, як нашага абаронцу і ўспамінаючы
кожны год тое, што ты ўчыніў. Заступніцтвам тваім захавай нас бясьпечнымі ад
подступаў нячыстага, просім цябе, мучаніча Тодару.
Цяпер ...
Дагматык належнага тону.
Пракімен (Пс. 19): Хай Госпад пачуе цябе ў
дзень суму.
Верш: Хай імя Бога Якубавага будзе табе абаронаю.
Чытаньне кнігі Роду
Чалавек даў імёны ўсім жывёлам, і ўсім птушкам нябесным, і
ўсім зьвярам польным; але для чалавека не знайшлося памочніка, падобнага яму. І
напусьціў Госпад сон на мужчыну, і той заснуў. І ўзяў ад яго адно з рэбраў, а
месца тое запоўніў целам. І зрабіў Бог з рэбра, якое ўзяў у мужчыны, жанчыну. І
калі Ён прывёў яе да мужчыны, мужчына сказаў: "Гэта косьць з маёй косьці і цела
з майго цела. Будзе яна звацца жанчынай, бо была ўзятая з мужчынчы. Дзеля гэтага
мужчына пакіне бацьку свайго і маці сваю і прыстане да сваёй жонкі так, што яны
будуць адным целам". І былі яны абое, мужчына і ягоная жонка, голыя, але не
адчувалі сораму. А вуж быў найхітрэйшым з усіх зьвяроў на зямлі, якіх Бог
стварыў. І кажа вуж жанчыне: "Ці праўда, што Бог сказаў: ня ешце ад ніякага
райскага дрэва?" Жанчына адказала вужу: "Ад кожнага райскага дрэва можам есьці,
толькі пра плод дрэва, што ў сярэдзіне саду, Госпад загадаў: «Ня ешце яго, і не
дакранайцеся да яго, каб не памерлі»". І кажа вуж жанчыне: "Не памрэце! Бог
ведае, што ў хвіліну, калі пакаштуеце плоду ад гэтага дрэва, вочы вашы адчыняцца
і будзеце як Бог ведаць дабро і зло". Жанчына бачыла, што дрэва мае добрыя для
ежы плады, і выгляд яго прывабны, а плады яго прыгодныя да пазнаньня. І, узяўшы
плод, пакаштавала і дала мужу свайму, які быў з ёю, і ён еў. І вось адчыніліся
іхнія вочы і яны ўбачылі, што былі голыя. Тады сплялі яны сабе з фігавых лістоў
паясы. І вось пачулі яны голас Госпада Бога, які хадзіў па раі ў поўдзень; і
схаваліся Адам і ягоная жонка ад твару Госпада Бога сярод дрэваў саду. І
паклікаў Госпад Бог мужчыну, кажучы: "Дзе ты?" А той адказаў Яму: "Я чуў, як Ты
хадзіў па садзе і спалохаўся, бо быў голы, і схаваўся". Бог кажа яму: "Хто
сказаў табе, што ты голы? Ці часам ты ня еў плоду ад дрэва, ад якога Я табе
забараніў есьці?" І кажа мужчына: "Жанчына, якую ты мне даў, тая мне дала ад
таго дрэва, і я еў". І кажа Госпад Бог жанчыне: "Што гэта ты зрабіла?" Жанчына
кажа: "Вуж спакусіў мяне і я ела". Кажа Госпад Бог вужу: "Паколькі ты гэта
ўчыніў, пракляты ты сярод усіх зьвяроў польных: на грудзях тваіх і жываце будзеш
поўзаць і есьці зямлю праз усе дні жыцьця твайго. І пакладу варажнечу між табою
і між жанчынаю, і між семем тваім і семем яе: яно сатрэ галаву тваю, а ты сатрэш
пяту яго". А жанчыне кажа: "Памножу бязьмерна цяжкасьці цяжарнасьці тваёй, у
болях будзеш радзіць дзяцей, будзеш накіроўваць жаданьні твае да мужа твайго, і
ён будзе панаваць над табою". А мужчыне сказаў: "Паколькі ты паслухаўся жонкі
тваёй і еў з дрэва, з якога Я забараніў, кажучы: «Нельга табе з яго есьці»,
праклятая хай будзе зямля праз цябе; з цяжкасьцю будзеш здабываць пражыцьцё з яе
праз усе дні жыцьця твайго. Церне і асот будзе яна радзіць, а тваёй стравай
будуць польныя расьліны. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб твой, аж пакуль
не вернешся ў зямлю, з якой быў узяты: бо зямля ты і ў зямлю вернешся". І даў
мужчына імя жонцы сваёй "Эва" (Жыцьцё), бо яна сталася маці ўсіх жывых.
(2:20–3:20)
Пракімен (Пс.20):
Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй, будзем пяяць хвалу магутнасьці Тваёй.
Верш: Цар узрадуецца ў сіле Тваёй, Госпадзе.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Бог мудрасьцю заснаваў зямлю, розумам нябёсы ўмацаваў. За
Ягоным веданьнем бездані адчыніліся, хмары расу пралілі. Сыне, беражы розум і
разважлівасьць: няхай не зьнікаюць яны з вачэй тваіх, і яны будуць жыцьцём душы
тваёй, аздобаю каштоўнаю на шыі тваёй. Тады будзеш хадзіць бясьпечна дарогаю
тваёю і нага твая не спатыкнецца. Калі сядзеш спачыць, ня будзеш баяцца нічога;
калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. Ня будзеш знаць раптоўнага страху, ані
напасьці, што на крывадушных находзіць. Бо Госпад будзе тваёй надзеяй, і Ён
зьберажэ нагу тваю ад пасткі. Не затрымлівай дабра таму, каму яно належыць, калі
рука твая здолее тое зрабіць. Не кажы бліжняму: "Ідзі сабе, прыйдзі пасьля,
заўтра дам" – калі можаш даць зараз. Ня кнуй зла на твайго бліжняга, калі ён з
табою прабывае ў давер'і. Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён табе зла
не ўчыніў. Не зайздросьць крыўдзіцелю і не пераймай ягоных паводзінаў, бо Госпад
брыдзіцца двудушным, а з верным дружыць. Праклён Гасподні на доме злога, а
жыльлё праведніка Ён бласлаўляе. З насьмешнікаў Госпад сьмяецца, пакорным дае
ласку. (3:19–34)
Далей Літургія Раней Асьвячанах Дароў.
|