Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вячэрня ў Вербніцу ўвечары


 

 

Вячэрня ў Вербніцу ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8): Радуйся і цешся, горад Сыён; красуйся і весяліся, царква Божая, бо вось Уладар Твой прыходзіць у справядлівасьці, седзячы на асьляці, і прымае хвалу ад дзетак, якія клічуць: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, Крыніца міласэрнасьці! Зьмілуйся над намі". (Двойчы)

Прыходзіць сёньня Збавіцель у Ерусалім, каб споўніць напісанае пра Яго, і ўсе, узяўшы ў рукі вербныя галінкі, вопраткі свае пасьцілаюць Яму, бо ведаюць, што Ён – Бог наш, якога безупынку славяць хэрувімы, усклікаючы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, Крыніца міласэрнасьці! Зьмілуйся над намі". (Двойчы)

Ты, ласкавы Госпадзе, якога носяць хэрувімы і славяць сэрафімы, сёньня, як Давід, сеў на асьля, і дзеткі аддалі Табе хвалу, належную Богу, а гэбрэі нязбожна абмаўлялі Цябе; Твой уезд на асьляці прадвяшчаў навяртаньне ўсіх народаў да веры. Слава Табе, Хрысьце Божа, адзіны міласэрны і чалавекалюбны. (Двойчы)

Слава ...: Радуйся і цешся...

Цяпер ...: Ты, ласкавы Госпадзе...

Уваход.

Пракімен звычайны.

Вершапесьні

(Тон 2): Адсьвяткаваўшы боскае сьвята вербаў і пальмаў, пяройдзем, верныя, да наступнага – збавеннай тайны пачэсных мукаў Хрыстовых. Глянем, як Ён дабравольна прымае мукі за нас і прынясем Яму дастойныя песьні хвалы, і ўсклікнем ад усяго сэрца: "Крыніца міласэрнасьці, прыстанішча збаўленьня, Госпадзе, слава Табе!".

Верш: Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды ўчыніў.

Страшна трапіць у рукі Бога жывога: Ён – судзьдзя намераў і думак сардэчных. Дык хай ніхто з нас ня сьмее спакушаць вернасьць Ягоную беззаганную; але ў пакоры сэрца прыпадзем да Хрыста, каб атрымаць міласэрнасьць і прыняць ласку ў час патрэбы.

Верш: Усе канцы зямлі бачылі збаўленьне Бога нашага.

Зборышча нязбожных і вераломных, чаму не датрымалі веры Госпаду свайму? Чаму захоўваеце запавет, спадкаемцамі якога не зьяўляецеся? Чаго хваліцеся Айцом, адкінуўшы Сына? Прарокаў, якія прадвясьцілі Сына, вы ня прынялі. Пасаромцеся вашых дзетак, якія гукаюць: "Гасанна Сыну Давідаваму; блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".

Слава ...: Адсьвяткаваўшы ...

Цяпер ...: Страшна трапіць ...

"Цяпер адпускаеш...” і ўсё далейшае, як у нядзелю Вялікага Посту вечарам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст