На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1): Будзем пасьціць, браты, духоўным пастом,
устрымаем язык ад лісьлівых слоў, і не дамо прычыны і спакусы спатыкнуцца брату
нашаму; але з каяньня і сьлязьмі прасьвятлім душы і ўсклікнем Хрысту: "Адпусьці
нам грахі нашыя ў чалавекалюбстве Тваім".
Усяхвальныя мучанікі, вас зямля не змагла ўтрымаць, а неба,
адчыніўшы райскія дзьверы, прыняла вас, і вы, увайшоўшы, спажываеце ў асалоду з
дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.
(Тон 3): Боскіх апосталаў малітвамі, добрасардэчны
Госпадзе, у міласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй дай нам час посту добра
правесьці і зрабі нашы думкі пакорнымі, каб, будучы збаўленымі, нам вечна
славіць Цябе.
Вялікае і страшнае Тваё прыйсьце, Госпадзе, калі, сеўшы на
пасадзе, будзеш чыніць справядлівы суд. Не асудзі мяне за грахі мае, але, як
Бог, пашкадуй, добрапрыемнымі малітвамі апосталаў Тваіх.
(Тон 6): Хрыстовыя апосталы, сьветачы людзей,
скарбніцы багатыя ўсямудрага розуму Бога нашага: выбаўце ад спакусаў і зрабіце
спакойным жыцьцё тых, што славяць вас і, сьвятымі вашымі малітвамі, дайце нам
час посту правесьці з юнацкім запалам, каб нам дасьцігнуць мукаў Хрыстовых, і са
сьмеласьцю славіць Бога нашага.
Тры песьні і багародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 31):
Весяліцеся ў Госпадзе і радуйцеся, праведныя.
Верш: Шчасьлівыя, чые астаўленыя бясчынствы і чые
пакрытыя грахі .
Чытаньне кнігі Роду
Каін адышоў ад Госпада. А потым пасяліўся ў краіне Нод, на
ўсход ад Эдэму. Каін сышоўся з жонкай сваёй, і яна зачала і нарадзіла Яноха.
Калі Каін збудаваў горад, ён назваў яго імем сына свайго: Янох. У Яноха
нарадзіўся Гайдад. Гайдад быў бацькам Малялеіла, а Малялеіл – Матусалеха.
Матусалех быў бацькам Ламеха. І ўзяў сабе Ламех дзьве жонкі: імя адной было Ада,
а другой – Сэльля. Ада нарадзіла Іовіля; ён быў прабацькам тых жывёлагадоўцаў,
што жывуць у палатках. Брат ягоны называўся Юваль; ад яго паходзяць усе тыя, што
іграюць на гусьлях і на жалейках. Сэльля таксама нарадзіла Товеля: ён быў
кавалём, які рабіў розныя прылады з медзі і жалеза. Сястра Товеля была Наема.
Ламех сказаў сваім жонкам: "Ада і Сэльля, слухайце, што я кажу вам; будзьце
ўважлівыя да маіх слоў. Я забіў чалавека, які мяне параніў, і дзіця, якое
ўдарыла мяне. Калі Каін быў адпомшчаны ў сем разоў; дык Ламех (будзе
адпомшчаны) ў семдзесят сем". Адам зноў зышоўся з жонкай сваёй, і яна
нарадзіла яму сына, якому дала імя Сэт, кажучы: "Даў мне Бог іншага патомка
ўзамен за Авеля, якога забіў Каін". І ў Сэта таксама нарадзіўся сын. Сэт даў яму
імя Янос. Той пачаў клікаць імя Гасподняе. (4:16–26)
Пракімен (Пс 32):
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Верш: Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці:
хвала пасуе праведным.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Сыне, пі ваду з уласных посудаў – тую, што плыве з тваёй
студні. Хай крыніца твая ня б'е навонкі, і вада не разьліваецца перад табою: хай
служыць табе аднаму, а не іншаму разам з табою. Хай крыніца твая застанецца
чыстай, задаволься жонкай тваёй маладосьці. Мілая ланя і зграбная казуля хай
заўсёды гутарку вядзе з табою, хай будзе перад тваімі вачыма і з табою праз
увесь час. З ёю разам прабывай і будзеш шчасьлівы. Нашто табе ласкі чужое
(жонкі) і абдымкі няведамай? Бо шляхі людзкія – перад вачыма Госпада: Ён
бачыць усе ягоныя сьцежкі. Праступкі ловяць чалавека, ён запутваецца ў путах
праступку. Ён памрэ ненавучаны, будзе блудзіць у велічы бязглуздасьці сваёй.
Сыне, калі ты паручыўся за бліжняга свайго, калі ты падаў руку за чужога,
словамі вуснаў сваіх ты зьвязаў сябе, ты палонены словамі, што выходзяць з губ
тваіх. Рабі, сыне, што кажу табе, каб табе вызваліцца.
(5:15–6:3)
Далей – Літургія Раней Асьвячанах Дароў.
|