На "Госпадзе, Цябе клічу... ":
(Тон 4): Прабіты ў бок і на дрэве павешаны, Ты
праліў жыцьцё мне, які злосьцю зьмея, праз спажыцьцё з дрэва, быў умярцьвлёны;
дзеля гэтага слаўлю Цябе, Хрысьце, і малю Тваю добрасардэчнасьць: "Дай мне
пакланіцца мукам Тваім".
Ты выгнаў першастворанага з раю, калі той зграшыў; прыбіты да
дрэва, Ты, Збавіцелю , зноў яго туды ўводзіш; дзеля гэтага клічу: "Ад
недамаганьняў маіх сёньня выхапі мяне, ачысьціўшы пастом, пакаяньнем і сьлязьмі,
Ісусе ўсядобры, Збавіцелю душ нашых".
(Тон 5): Славім, Госпадзе, Твой жыцьцядайны Крыж:
ён працьвіў у сьвеце збаўленьнем і ўмярцьвіў сьмерць; дык прыводзім яго да Цябе,
як малітву: у гэтыя сьвятыя дні, умацуй нас у посьце, дай сілу змагацца з
пажаданьнямі, і перамогу над гэтым сьветам, у вялікай Тваёй, Чалавекалюбча,
міласэрнасьці.
Тры песьні і багародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 35):
Госпадзе, на небе міласэрнасьць Твая, і праўда Твая аж да хмараў дастае.
Верш: Справядлівасьць Твая, быццам горы Божыя,
загады Твае, быццам бездань.
Чытаньне кнігі Роду
Вось кніга патомства Адама. Калі Бог стварыў чалавека, Ён
стварыў яго на падабенства Бога. Ён стварыў іх мужчыну і жанчыну, і паблаславіў
іх. І даў імя яму "Адам" калі стварыў яго. І Адам пажыў дзьвесьце трыцаць гадоў,
і нарадзіў сына, які быў верным вобразам ягоным, і назваў яго Сэт. Усіх дзён
Адама пасьля таго, як у яго нарадзіўся Сэт, было семсот гадоў, і нарадзіў ён
сыноў і дачок. І ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць. І памёр.
Сэт, маючы сто пяць гадоў, нарадзіў Яноса. А пасьля нараджэньня Яноса пражыў
васемсот семдзесят гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І памёр Сэт, пражыўшы ўсяго
дзевяцьсот дванаццаць гадоў. Калі Янос меў дзевяноста гадоў, ён нарадзіў
Каінана. І жыў Янос пасьля нараджэньня Каінана васемсот пятнаццаць гадоў і
нарадзіў сыноў і дачок. Янос памёр, пражыўшы дзевяцьсот пяць гадоў. Калі Каінан
меў семдзесят гадоў, ён нарадзіў Малялеіла. І пажыў Каінан пасьля нараджэньня
Малялеіла васемсот сорак гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І калі Каінан пражыў
дзевяцьсот дзесяць гадоў, ён памёр. Калі Малялеіл меў шэсьцьдзесят пяць гадоў,
ён нарадзіў Іярэда. А пасьля нараджэньня Іярэда жыў Малялеіл васемсот сорак
гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. І калі пражыў дзевяцьсот пяць гадоў, памёр. Калі
Іярэд меў сто шэсьцьдзесят два гады, ён нарадзіў Яноха. Пасьля нараджэньня Яноха
Іярэд жыў васемсот трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок. Іярэд пражыў дзевяцьсот
шэсьцьдзесят два гады і памёр. Калі Янох меў шэсьцьдзесят пяць гадоў, ён
нарадзіў Матусалеха. Янох, нарадзіўшы Матусалеха, жыў у прыязьні з Богам яшчэ
трыста гадоў і меў сыноў і дачок. Агульны лік гадоў Яноха трыста шэсьцьдзесят
пяць. Так як Янох жыў у прыязьні з Богам, ён зьнік, бо Бог забраў яго.
(5:1–24)
Пракімен (Пс 36): Госпада слухайся і
захавай шлях Яго.
Верш: Не зайздросьць крывадушным і не пераймай
тых, што чыняць беззаконьне.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Сыне, рабі, як я навучыў цябе, каб вызваліцца: бо ты патрапіў
у рукі паганых дзеля бліжняга твайго. Ідзі, бяжы, націскай на бліжняга, за якога
ты паручыўся. Ня дай зачыніцца вачом тваім, ня дай спачынку павекам тваім. Як
ланя, вырвіся з рукі, як птушка, з пасткі. Ідзі, лянівец, да мурашкі, глянь, як
яна стараецца: ты ж будзь мудрэйшы за яе. Ня знойдзеш над ёю начальніка, ні
стоража, ні гаспадара; а летам яна зьбірае ежу, робіць запасы ў час жніва. Або
ідзі да пчалы, пабач якая з яе работніца, як старанна працуе яна: вынікі працы
яе ўладары і простыя людзі на здароўе спажываюць, усім яна любая і слаўная. Хоць
і сіла ў яе невялікая, але славіцца яна мудрасьцю. Як доўга, лянівец, будзеш
ляжаць? Калі прасьнешся? Крыху пасьпіш, крыху пасядзіш, дрэмлючы, склаўшы рукі.
Потым найдзе на цябе ўбоства, як нейкі валацуга, і бяда – як злы чалавек. Калі ж
ня будзеш лянівым, як крыніца будзе жніво тваё, і бяда ўцячэ ад цябе, як
злодзей. Чалавек неразумны і нікчэмны ходзіць па дрэнным шляху: страляе вачыма,
шоргае нагамі, пальцамі паказвае. У распусным сэрцы кнуе злое: у кожны час такі
чалавек задумвае подступы для гораду. Дзеля гэтага загуба прыходзіць зьнянацку
на яго, у адну хвіліну ён разьбіты, і няма для яго лякарства. Ён цешыцца з
усяго, што ненавідзіць Бог і што выклікае ў Яго агіду: вока гордае, язык
хлусьлівы, рукі, што кроў праведнага праліваюць; сэрца, што кнуе благія намеры,
ногі што бягуць да праступства, сьведка фальшывы, што хлусіць і ўсчынае закалоты
сярод братоў. Сыне захоўвай законы бацькі твайго, і не адкінь навучаньняў маці
тваёй. (6:3–20)
Вершапесьні
(Тон 5): Не пасьціўшыся паводле загаду Творцы,
першаствораныя людзі за непаслушэнства спарадзілі сьмерць і былі аддаленыя ад
дрэва жыцьця і райскае асалоды; таму, верныя, будзем пасьціцца ад тленнай ежы і
згубных пажаданьняў, каб нам ад крыжа боскага атрымаць жыцьцё і разам з
разважным разбойнікам вярнуцца да першай бацькаўшчыны, атрымаўшы ад Хрыста веліч
зьмілаваньня. (Двойчы)
Ня дбаючы пра дачаснае і наважыўшыся на мукі, вы, слаўныя
мучанікі, ня страцілі надзеі блаславёных, і атрымалі ў спадчыне нябеснае
валадарства. Маючы ласку ў чалавекалюбнага Бога, выпрасіце сьвету супакой і
веліч зьмілаваньня.
Крыжабагародзічны: Калі Ягнё і Маці ўбачыла Сына
свайго, які сьпяшаўся на сьмерць, Яна пайшла хутка за Ім, кажучы: "Куды гэта
ідзеш, Сыне любы мой, Хрысьце? Чаго так сьпяшыш, Доўгацярплівы? Ісусе жаданы і
бязгрэшны, шматлітасьцівы Госпадзе, дай слова мне, слузе Тваёй, ня збудзь
маўчаньнем мяне, якая ў невыказны спосаб нарадзіла Цябе, Божа ўсядобры, які даеш
сьвету веліч зьмілаваньня". |