|
|
|
|
|
|
Вялікі Панядзелак |
ЮТРАНЬ
Пачатак звычайны Вялікапоснай ютрані. Пасьля шасьці псалмаў, Мірнай літаніі і "Алілуя":
Трапар (Тон 8):Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным. Дык глядзі, душа мая, не засьні сном ленасьці, каб ня быць аддадзенай агню і не застацца вонках Валадарства, але ачуняй і кліч голасна: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы збаў нас. (Тройчы)
Сядальная песьня 1 (Тон 1): Сёньня сьвятыя Цярпеньні зьзяюць на ўвесь сьвет сьвятлом збаўленьня, бо вось Хрыстос у міласэрнасьці сваёй ідзе на мукі. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, дабравольна аддае сябе на ўкрыжаваньне, каб збавіць род людзкі.
Слава ... Цяпер ..: Тое самае.
Сядальная песьня 2 (Тон 1): Нябачны Судзьдзя, як Ты стаўся бачным у целе, як гэта Ты ідзеш да беззаконных людзей, каб быць забітым і скасаваць наш прысуд мукамі сваімі? Дзеля гэтага хвалу, узьвялічваньне і славу аднадушна аддаем Табе, Слова.
Слава ... Цяпер ...: Тое самае.
Сядальная песьня 3(Тон 8): Сёньняшні дзень нам сьветла абвяшчае пачатак мукаў Госпада. Прыйдзіце, сьвяталюбцы, сустрэнем яго песьнямі: Вось Творца ідзе, каб прыняць крыж, зьнявагі і раны, і быць асуджаным Пілатам. Ён прымае біцьцё па галаве ад слугі, і усё церпіць, каб збавіць чалавека. Дык усклікнем Яму: "Чалавекалюбны Хрысьце Божа, даруй адпушчэньне правінаў тым, што пакланяюцца з вераю ўсячыстым мукам Тваім".
Слава ... Цяпер ...:Тое самае.
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (21:18-43) У той час Ісус, вяртаючыся ў горад, захацеў есьці. I, убачыўшы смакоўніцу пры дарозе, прыйшоў да яе і нічога не знайшоў на ёй, апроч аднаго лісьця; і кажа ёй: "Няхай на табе ня будзе плоду давеку". I смакоўніца адразу засохла. Вучні, убачыўшы, зьдзівіліся, кажучы: "Як гэта адразу засохла смакоўніца?". Ісус сказаў ім у адказ: "Калі будзеце мець веру і не ўсумніцеся, то ня толькі са смакоўніцай гэта зробіце, але калі і гэтай гары скажаце: Падыміся і кінься ў мора, – станецца. I ўсё, чаго б вы ні прасілі ў малітве з вераю, атрымаеце". Калі Ён прыйшоў у сьвятыню, падышлі да Яго, пакуль Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: "Якою ўладаю гэта робіш, і хто Табе даў гэтую ўладу?". Ісус жа сказаў ім у адказ: "Спытаюся і Я ў вас: калі адкажаце Мне, то і Я вам скажу, якой уладаю гэта раблю. Янаў хрост адкуль быў: з неба ці ад людзей?". А яны разважалі між сабою: "Калі скажам «з неба», то Ён скажа нам: «Чаму ж вы не паверылі?». Калі ж скажам «ад людзей» — баімся народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока". I адказалі Ісусу: "Ня ведаем". Сказаў і Ён ім: "I Я не скажу, якой уладаю раблю гэта. А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. Падышоўшы да першага, сказаў: "Сыне, ідзі сёньня працаваць у маім вінаградніку". Той адказаў: "Іду, ойча", – і не пайшоў. I падышоўшы да другога, сказаў тое самае. А той адказаў: "Не хачу", а потым раскаяўся і пайшоў. Хто з двух выканаў бацькаву волю?". Яны кажуць: "Апошні". Кажа ім Ісус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы ўвойдуць перад вамі ў валадарства Божае. Паслухайце і другую прыповесьць. Быў адзін гаспадар, які насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго мурам, выкапаў вінапрэс, збудаваў вежу — і здаў яго вінаградарам і паехаў. Калі ж надышоў час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць свой плён. Вінаградары, схапіўшы слугаў, аднаго зьбілі, а іншага камянямі прыбілі. Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш чым першых: і зрабілі з імі тое самае. Пасьля паслаў ён да іх свайго сына, кажучы: «Пасаромеюцца майго сына». А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца. Хадзем, заб'ем яго і авалодаем ягонаю спадчынаю». I, схапіўшы яго, выкінулі вон з вінаградніка і забілі. Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?". Яны кажуць Яму: "Злыдняў гэтых аддасьць лютай сьмерці, а вінаграднік перадасьць іншым вінаградарам, якія будуць даваць яму плады ў свой час". Кажа ім Ісус: "Хіба ж вы не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся асноваю вугла; ад Госпада гэта, і ёсьць дзіўнае ў нашых вачох?». Таму кажу вам, што адымецца ад вас Божае валадарства і дасца людзям, якія будуць прыносіць свае плады".
Псалом 50.
Малітва: "Збаў, Божа, людзей Тваіх..."
Трысьпеў (Тон 2)
Песьня 1
Ірмас: Госпаду, які непраходнае бурнае мора Боскім загадам высушыў і загадаў ізраільскім людзям ісьці праз яго пехатою, пяём, бо Ён уславіўся.
Прыпеў: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Невыказная спагадлівасьць Слова Божага: сам Хрыстос Бог стаўся чалавекам. Будучы прыродаю Богам, Ён прыняў выгляд слугі, аб'явіўся вучням сваім і ўславіўся.
Багаты Боствам, Я прыйшоў паслужыць Адаму, які зьбяднеў; Я стварыў яго, а цяпер дабравольна прыняў ягоны выгляд і, будучы Богам, непадуладным цярпеньням, прыйшоў аддаць жыцьцё Маё як выкуп за яго.
Кандак (Тон 8): Якуб плача па Язэпе, якога страціў. Тымчасам ягоны праведны сын здабыў павагу ў караля і сядзеў на калясьніцы. Ён не паддаўся салодкім спакусам егіпцянкі і быў праслаўлены Богам, які бачыць сэрцы людзей і дае нятленны вянец.
Ікас: Заплачам горкімі сьлязьмі разам з Якубам і прыгадаем годнага памяці цнатлівага Язэпа, які, хоць палонены целам, захаваў душу свабоднаю і быў пастаўлены кіраваць усім Ягіптам. Так вось Бог дае слугам сваім нятленны вянец.
Песьня 8 Ірмас: Нясьцерпны агонь, што падтрымліваўся няспынна палівам, адхінуўся ад чыстых целаў і душаў сьвятых юнакоў; і, калі полымя крыху сунімалася, быў чутны іхні сьпеў: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".
"Людзі будуць знаць, што вы вучні мае, калі будзеце захоўваць Мае запаветы, – сказаў Госпад, ідучы на мукі, прыяцелям сваім. – Захавайце мір між сабою і з іншымі людзямі; будзьце пакорнымі, каб быць ўзвышанымі; і, ведаючы Мяне як Бога, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі".
Вашая ўлада не павінна быць такой, як у паганаў. Іхняя самаўпэўненая гордасьць і насільле – гэта ня тое, што Я ўстанавіў. Хай першы з вас будзе як апошні. Прызнайце Мяне Госпадам, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.
Песьня 9 Ірмас: Ты, Хрысьце, узьвялічыў Багародзіцу, якая нарадзіла Цябе і ад якой Ты прыняў цела, падуладнае, як і наша, цярпеньням, але вольнае ад граху. Дзеля гэтага называем Яе шчасьліваю і славім Цябе.
"Адкіньце ўсякі бруд і грэшныя жаданьні, каб атрымаць разуменьне, годнае Боскага валадарства, – Ты, Мудрасьць усіх, сказаў апосталам сваім, – і будзеце зьзяць у славе ярчэй за сонца".
"Гляньце на Мяне, – Ты, Госпадзе, сказаў вучням сваім, – пакіньце гордыя думкі, здавольцеся малым, піце чашу, якую Я п'ю, каб быць праслаўленымі ў валадарстве Айца Майго".
Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне.
Пахвальныя псалмы
(Тон 1): Ідучы на дабравольную муку, Госпад сказаў вучням сваім: "Вось уваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены, як напісана аб Ім". Дык хадзеце, пойдзем разам з Ім з ачышчаным розумам; будзем укрыжаваныя разам з Ім, і памрэм дзеля Яго для асалодаў гэтага жыцьця, каб нам жыць разам з Ім і пачуць Ягоныя словы: "Ужо больш не ўваходжу ў зямны Ерусалім, але ўзыходжу да Айца майго і Айца вашага, і да Бога майго і Бога вашага; і Я ўздыму вас да Ерусаліму высокага ў нябесным валадарстве". (Двойчы)
(Тон 5): Вось мы, верныя, дажылі да збавенных мукаў Хрыста Бога нашага; уславім Ягоную доўгацярплівасьць, каб у сваёй дабрасардэчнасьці Ён узьняў нас, амярцьвелых грахом, бо Ён добры і Чалавекалюбец. (Двойчы)
Слава ... Цяпер ...
(Тон 5): Ідучы на мукі, Ты, Госпадзе, умацоўваў веру вучняў сваіх. Адвёўшы іх у бок, Ты казаў ім: "Ці ж ня памятаеце, што Я раней казаў вам? Напісана, што прарок толькі ў Ерусаліме можа быць забіты. Цяпер прыйшоў час, пра які Я вам казаў. Вось буду выдадзены ў рукі грэшнікаў; яны назьдзекуюцца з Мяне і прыб'юць да крыжа; і, аддаўшы на пахаваньне, будуць глядзець на Мяне з агідаю, як на мёртвага. Але вы ня падайце духам, бо на трэці дзень уваскросну і дам усім верным радасьць і жыцьцё вечнае".
Вершапесьні
(Тон 5): Маці сыноў Забэдэявых не зразумела тайніцы невыказнага провіду Твайго, Госпадзе, і прасіла Цябе даць ейным сыном гонар дачаснага валадарства. Ты ж, замест гэтага, абяцаў прыяцелям Тваім, што і яны будуць піць са сьмяротнае чашы, з якой Табе першаму трэба было пакаштаваць, каб ачысьціць людзей ад граху. Таму голасна клічам: "Збаўленьне душаў нашых, слава Табе!".
Ты, Госпадзе, навучаў вучняў Тваіх дасканаламу разуменьню, кажучы: "Ня будзьце як пагане, якія пануюць над слабейшымі. Хай так ня будзе сярод вас, вучні мае, бо Я дабравольна зьбяднеў. Дык хай першы сярод вас будзе слугою ўсім, уладар як падуладны, а найбольшы як найменшы. Бо і Я сам прыйшоў, каб паслужыць Адаму ў ягонай беднасьці і даць жыцьцё Маё як выкуп за многіх, якія ўсклікаюць: Госпадзе, слава Табе!".
(Тон 8): Баючыся лёсу смакоўніцы, якая зьвяла, бо ня мела пладоў, пастараемся, браты, прынесьці Хрысту, што дае нам веліч зьмілаваньня, годныя плады пакаяньня.
Слава ... Цяпер ...
(Тон 8): Зьмяя знайшла другую Эву ў егіпцянцы, якая лісьлівымі словамі хацела спакусіць Язэпа. Але той, пакінуўшы сваю вопратку, уцёк ад граху. Хоць быў голы, як першы чалавек перад сваім падзеньнем, ён не адчуваў сораму. Малітвамі яго, Хрысьце, зьмілуйся над намі.
Далей – парадак ютрані ў Вялікі Пост
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|