Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІІІ тыдзень посту - аўторак - увечары


 

 

ІІІ тыдзень посту - аўторак - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу... ":

(Тон 3): Госпадзе, што крыжом забіў хітрага ворага, збаў ад ягонай спакусы мяне, грэшнага; ачысьці мяне пастом і дай мне чыніць волю Тваю, каб мне ўбачыць, Уладару, Твае пачэсныя цярпеньні.

Я быў паранены зброяй асалоды, Госпадзе, і стаўся быццам мёртвы; ацалі мяне і ажыві маю пакорную душу, Уладару, што быў прабіты кап'ём, і ў дабрыні Тваёй зрабі мяне, прабітага стралою ворага, удзельнікам Тваіх пачэсных цярпеньняў.

(Тон 2): Прасьветлім пастом душы, каб стацца годнымі без асуджэньня бачыць Крыж Твой, Госпадзе, і пакланіцца яму са страхам і любоўю, бо ён асьвятляе Твае дабравольныя цярпеньні, да якіх у дабрыні Тваёй дай нам дажыць, Чалавекалюбча.

Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс 47): Вялікі Госпад і поўны славы ў горадзе Бога нашага.

Верш: У горадзе Госпада сіл, у горадзе Бога нашага.


Чытаньне кнігі Роду

Сказаў Госпад Бог Ною: "Увайдзі ты з усёй сям'ёю ў каўчэг; бо Я пераканаўся, што ты праведны перада Мною ў гэтым пакаленьні. І ад усякай жывёлы чыстай вазьмі па сем – мужчынскага полу і жаночага, – а ад жывёлы нячыстай па два – мужчынскага полу і жаночага. І ад усіх птушак нябесных чыстых вазьмі па сем – мужчынскага полу і жаночага, а ад усіх птушак нячыстых па дзьве – мужчынскага полу і жаночага, каб захаваць племя іх на зямлі. Вось яшчэ сем дзён, і навяду дождж на зямлю праз сорак дзён і сорак начэй; і вынішчу ўсё, што існуе, што Я стварыў, з твару зямлі". І зрабіў Ной усё, што загадаў яму Госпад Бог. (7:1–5)


Пракімен (Пс 48): Вусны мае кажуць мудрасьць, разважнасьць – роздум сэрца майго.

Верш: Пачуйце гэта ўсе народы.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Сыне, паслухай мяне, шчасьлівыя тыя, што захоўваюць мае шляхі. Паслухайце маёй навукі і будзьце мудрымі, і не адкідайце яе. Шчасьлівы той, хто слухае мяне, хто чакае кожны дзень ля варот маіх, стаіць ля парогу дзьвярэй маіх. Бо той, хто знайшоў мяне, знайшоў жыцьцё і атрымаў ласку ў Бога; а той, хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй: усе, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць. Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно сваё і прыгатавала стол. Паслала слуг сваіх клікаць моцным голасам на пачастунак, кажучы: "Хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне". А тым, што жадалі мудрасьці, казала: "Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, якое я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці". Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаваньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае прадоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (8:32–9:11)


Вершапесьні

(Тон 2): Увесь жывёльны і земнародны, асьмельваюся назваць Айцом Цябе, Творча і Госпадзе. Хоць і нашy вобраз Твой, я зграшыў: забыўшыся на Твае запаветы, я жыў блудна і растраціў багацьці Твае. Але Ты не адрокся ад мяне і захацеў, каб Твой адзінародны Сын дзеля мяне крыж і сьмерць пацярпеў. Дык асьвяці мяне і зьяднай з сабою, Чалавекалюбча. (Двойчы)

Хоры мучанікаў супрацівіліся мучыцелям сваім, кажучы: "Мы – воі Уладара сіл! І хоць аддасьце нас на агонь і мукі, ня вырачэмся Тройцы".

Крыжабагародзічны: Калі Цябе, Спасе, Жыцьцё ўсіх, беззаконныя прыбілі да дрэва крыжовага, тады Чыстая і Беззаганная Маці Твая, стоячы побач, з плачам казала: "Гора мне, Сыне любы, сьвятло вачэй маіх! Як гэта Ты, які зямлю на водах павесіў, дазволіў распяць сябе сярод разбойнікаў?".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст