Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІІІ тыдзень посту - чацьвер - увечары


 

 

ІІІ тыдзень посту - чацьвер - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу... ":

(Тон 5): Ты, Збавіцелю, – сапраўдная асалода, – некалі асалодзіў горкія воды Мэрры дрэвам, што было вобразам боскага Крыжа, на якім Ты захацеў быць дабравольна расьпятым. Ты пакаштаваў жоўці і быў прабіты кап'ём у бок, з якога пацякла вада адпушчэньня для абнаўленьня зямнога стварэньня. Славім Тваю невыказную сілу і молімся: "Дай нам страх Твой, Госпадзе, у гэты час посту, прабачэньне правінаў і веліч зьмілаваньня".

Ты, Слова, распасьцёр рукі свае на Крыжы, каб сабраць тых, што былі далёка ад Цябе. Уздымі розум мой ад нізкіх пажаданьняў, абагаці яго дабрадзейнасьцямі, дай сэрцу майму чысты страх Твой, і душы маёй любоў дасканалую, што адкідае цялесную любоў, каб я мог у гэтыя дні дагадзіць Табе ўстрыманасьцю і малітваю, убачыць сьветлы дзень Твайго Ўваскрасеньня і атрымаць веліч зьмілаваньня.

(Тон 1): Прайшоўшы, Хрысьце Слова, трэці тыдзень посту, зрабі нас годнымі бачыць Твой жыцьцядайны Крыж і пакланіцца яму, і ўславіць дастойна моц Тваю, аддаць хвалу цярпеньням Тваім, і дажыць да слаўнага і пачэснага сьвятога ўваскрасеньня, Пасхі Тайнай, дзякуючы якой Адам зноў у рай увайшоў.

Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс 55): Зьмілуйся нада мною, Божа, бо чалавек скрыўдзіў мяне.

Верш: Крыўдзяць мяне ўвесь час ворагі мае.


Чытаньне кнігі Роду

У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другі месяц, семнаццаты дзень месяца, адчыніліся крыніцы вялікай бездані і вокны неба адкрыліся, і дождж на зямлю падаў сорак дзён і сорак начэй. У той самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і сыны Ноя, Сім, Хам і Яфэт, і жонка Ноя, і жонкі сыноў Ноя з імі. Яны, і ўсе зьвяры (зямныя), паводле роду іх, і ўсякая жывёла паводле роду яе, і ўсе паўзуны паводле роду іх, і ўсе птушкі што лётаюць у паветры, паводле роду іх. І ўвайшлі яны ў каўчэг да Ноя па пары (мужчынскага роду і жаночага) ад кожнага стварэньня, што мае дух жыцьця. І ўвайшлі ўсе да Ноя ў каўчэг па пары – мужчынскага роду жаночага, як загадаў Госпад Бог. І зачыніў Госпад Бог за імі каўчэг звонку. І дождж прадаўжаў ісьці сорак дзён і сорак начэй на зямлю, і вада падняла каўчэг высока над зямлёю; і вада ўсё ўзнімалася над зямлёю, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Вада ўзьнімалася вышэй і вышэй, і пакрыла горы высокія, што былі пад небам. Вада ўзьнялася на пятнацаць локцяў, і пакрыла ўсе горы высокія. І памерлі ўсе істоты, што былі на зямлі – птушкі, жывёла, і зьвяры, і паўзуны што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі. І ўсё што мела дух жыцьця, усё, што было на сушы, згінула. Былі вынішчаныя ўсе істоты, што на паверхні зямлі, ад чалавека да жывёлы, паўзуноў і птушак нябесных – усё было вынішчана на зямлі. І застаўся Ной адзін, і тыя што былі з ім у каўчэзе. І вада ўзвышалася над зямлёю сто пяцьдзесят дзён. І ўспомніў Бог Ноя, і ўсіх зьвяроў, жывёлу, і ўсіх птушак і паўзуноў, што былі разам з ім у каўчэзе. І навёў Бог вецер на зямлю, і воды затрымаліся. І зачыніліся крыніцы бездані, і вароты нябесныя: і перастаў дождж з неба, і вада пайшла ўніз пасьля ста пяцідзесяці дзён. (7:11–8:3)


Пракімен (Пс 56): Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною, бо на Цябе спадзяецца душа мая.

Верш: На цень крылаў Тваіх спадзяюся.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Сын мудры – радасьць бацькі, неразумны – горыч для маці. Не прыносіць карысьці няправеднае багацьце, а праўда збаўляе ад сьмерці. Госпад не дапусьціць душы праведнага цярпець голад, але адкіне жаданьні нязбожных. Лянівая рука даводзіць да беднасьці, а старанная рука прыносіць багацьце. Разумны сын, які зьбірае летам; бязьдзейны сын, што сьпіць у часе жніва. Блаславеньне Гасподняе на галаве праведніка, а вусны нязбожных поўныя перадчаснага плачу. Памяць праведнага поўная хвалы, імя нязбожных гіне (бяз сьледу): Мудры сэрцам прымае запаветы, а дурань спатыкнецца вуснамі сваімі. Хто ходзіць беззаганна, ходзіць бясьпечна; хто ходзіць па распусным шляху, будзе пакараны. Хто моргае вокам, прыносіць цярпеньні; хто адкрыта дакарае, наводзіць супакой. У руцэ праведнага крыніца жыцьця; у вуснах нязбожнага крыўда таіцца. Нянавісьць прыносіць закалоты, а любоў пакрывае ўсе грахі. У вуснах разумнага мудрасьць, а палка на хрыбце дурня. Мудрыя захоўваюць веду, вусны дурня – пагроза гібелі. Маёмасьць багатых – іхняя крэпасьць; убоства бедных – іхняя бяда. Высілкі праведнага вядуць да жыцьця, посьпех нязбожнага – да сьмерці. Хто захоўвае навучаньне, той на шляху да жыцьця; блудзіць той, хто пагарджае напамінаньнем. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя; хто распаўсюджвае паклёпы, той дурань. Пры шматслоўі не пазьбегнуць граху; хто стрымлівае вусны свае, той разумны. Чыстае срэбра – язык праведнага; сэрца нязбожных бязвартаснае. Вусны мудрых кіруюць многімі; дурні памруць ад недастатку розуму. Блаславеньне Гасподняе ўзбагачвае і не прыносіць з сабою суму. (10:1–22)


Вершапесьні

(Тон 6): Хрысьце Божа, Жыцьцё ўсіх, павешаны на дрэве Крыжовым, ажыві маю душу, амярцьвелую правінамі; і ня дай, Пастыру добры, згінуць зусім мне, авечцы Тваёй, што адступіў ад Тваіх запаветаў і багацьце бязгрэшнасьці, якое Ты дараваў мне, змарнаваў у грэшных пажаданьнях, стаўшыся агідным благімі ўчынкамі. Але Ты, адзіны Міласэрны, аднаві мяне і пакліч да пакаяньня. (Двойчы)

Мучанікі Твае, Госпадзе, ня выракліся Цябе і не адступілі ад запаветаў Тваіх. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.

Крыжабагародзічны: Бачыўшы, як Цябе расьпінаюць на Крыжы, Маці Твая, Хрысьце, усклікнула: "Што гэта за страшную тайну бачу я, Сыне мой? Як гэта Ты, які даеш жыцьцё, паміраеш, павешаны на дрэве?".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст