01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
9.1. Аб паслузе, якая праводзіцца для сьвятых, няма мне патрэбы пісаць,
2. бо ведаю пра вашу руплівасьць, якой хвалюся вамі сярод Македонцаў: "Ахая прыгатавана ад мінулага года". Ды так ваша заклапочанасьць заахвоціла многіх да спаборніцтва.
3. Паслаў затым братоў, каб у гэтым выпадку мая спахвала вамі не была пустой, але як ужо казаў - былі вы прыгатаванымі.
4. Бо каб прыбылі са мною Македонцы, ды каб засталі вас непрыгатаванымі, засаромілі б нас - ня хочацца казаць - і вас па гэтай прычыне.
5. Дык вось палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся падрыхтаваць абяцаны дар, як шчодрае багаславенства, а не як вымушаны датак.
6. Бо так ёсьць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе.
7. Таму хай кожны дае, як дыктуе (рашыўся) сэрца ягонае, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасьцю дае - Бог любіць.
8. Магутны Бог можа шчодра абдзяліць вас усякімі ласкамі - дарамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы дастатак. Ды каб вам заставалася яшчэ на добрыя ўчынкі (дабрадзейнасьці).
9. Як напісана: "Раздаў, даў убогім, справядлівасьць ягоная будзе трываць вечна".
10. А Той, Хто дае насеньне сейбіту, а хлеб да яды ды зерне ваша размножыць і павялічыць плён справядлівасьці вашай.
11. Багатыя ўсім, поўныя прастадушнасьці (прастаты), якая прынукае нас да дзякаваньня Богу.
12. Гэта нашая паслуга ня толькі паможа сьвятым у бядзе, але яшчэ заахвоціць іх да частых падзякаў Богу.
13. Дзеля практыкі (спосабу) такое абслугі будуць яны хваліць Бога за тое, што паслухмяны веры вашай у Эвангеліі Хрыста, ды ў прастадушнасьці сябруеце з імі і з усімі.
14. У сваіх маленьнях за вас выяўляюць міласьць дзеля шчодрай у вас ласкі Бога.
15. Хай будзе падзяка Богу за невыслаўны дар Ягоны!
|