Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІV тыдзень посту - панядзелак - увечары


 

 

ІV тыдзень посту - панядзелак - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8): Пражыўшы палову посту, узмоцненыя Крыжом, узьнесенага на ім сярод зямлі Збавіцеля і Бога нашага славім, усклікаючы: "Дай нам бачыць цярпеньні Твае, Уладару, і пачэснае ўваскрасеньне, і даруй нам ачышчэньне і веліч зьмілаваньня".

Утаймуем пажаданьні цялесныя, абмежуем ежу і адвернемся ад асалодаў, цалуючы верна дрэва Крыжовае. Бачнае для ўсіх і годнае ўсякай пахвалы, яно асьвячае ўсіх Боскай ласкаю. Дык усклікнем Госпаду: "Дзякуем Табе, Добрасардэчны, які Крыжам збаўляеш душы нашыя".

Паклонімся сёньня Крыжу і ўсклікнем: "Радуйся, дрэва жыцьця; радуйся, скіпетр сьвяты Хрыстовы; радуйся, людзей слава нябесная; радуйся, уладароў пахвала; радуйся, умацаваньне веры; радуйся, зброя непераможная; радуйся, прагнаньне ворагаў; радуйся, зьзяньне сьветлае, збаўленнае сьвету ўсяго; радуйся, мучанікаў вялікая слава, сіла праведнікаў; радуйся сьветласьць анёлаў; радуйся, усепачэсны Крыжу!".

Тры песьні і багародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс 63): Пачуй, Божа, голас мой, калі буду клікаць Цябе.

Верш: Ад страху варожага захавай душу маю.


Чытаньне кнігі Роду

Сказаў Госпад Бог: "Я раздумаўся, і больш ня буду праклінаць зямлю за чалавека, бо думкі сэрца людскога благія ад маладосьці яго; дзеля гэтага ня буду больш ніколі вынішчаць усё жывое, як гэта Я ўчыніў. Будзе час сяўбы і жніва, холад і зной, лета і зіма, дзень і ноч так доўга, як будзе існаваць зямля". І блаславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў: "Расьціце і размнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю. Хай вас баяцца і дрыжаць перад вамі ўсе зьвяры лясныя (і ўсе жывёлы), усе птушкі нябесныя і ўсё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: аддаю іх у вашыя рукі. Усё, што жыве і рухаецца, будзе вам ежаю, так як і зялёныя расьліны – даю вам усё. Толькі нельга вам есьці мяса з крывёю жыцьця. Я буду дапамінацца і вашай крыві, вашай душы ад усякага зьвера, буду дапамінацца і крыві чалавека ад рукі чалавека, бліжняга вашага. Хто пралье кроў людскую, таго кроў (таксама) пральецца: бо чалавек быў створаны на вобраз Божы. Вы ж расьціце і размнажайцеся, і распаўсюджвайцеся па ўсёй зямлі, хай яна напоўніцца вамі". (8:21–9:7)


Пракімен ( Пс 64): Пачуй нас, Божа, Збавіцелю наш.

Верш: Табе, Божа, належыцца хвала на Сыёне.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Сын праведны родзіцца да жыцьця, пагоня за грахом – сьмерць. Крывадушныя сэрцам агідныя Богу, але мілыя Яму тыя, чый шлях беззаганны. Можна ручацца, што няправедны не застанецца непакараны, патомства ж праведных выратуецца. Жанчына прыгожая і бязглуздая, быццам залатое кальцо ў носе сьвіньні. Жаданьнем праведных ёсьць толькі дабро, няправедных чакае гнеў. Адзін ёсьць шчодры і заўсёды багаты; іншы, хоць скупы, усё роўна бедны. Дабрадзейная душа будзе мець усяго ўдосталь; хто дае піць другім, і сам будзе напоены. Хто хавае ў сябе хлеб, таго народ праклінае; бласлаўляе тых, што прадаюць. Хто імкнецца да дабра, знаходзіць ласку (у Бога); хто шукае зла, да яго яно і прыходзіць. Той, хто спадзяецца на сваё багацьце, упадзе; а праведнікі, як лісьце, будуць зелянець. Хто разбурае дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і дурань будзе слугою мудрага. Плод праведніка – дрэва жыцьця; душы беззаконных перадчасна гінуць. Калі праведніка чакае заплата на зямлі, тым больш грэшнікаў і нягоднікаў. Хто любіць напамінаньні, любіць веду; хто ня церпіць вымовы, той дурань. Добры атрымае ласку ў Госпада; чалавека крывадушнага Ён асудзіць. Чалавек не ўмацуе сябе беззаконьнем; а корань праведных застанецца непарушным. Дабрадзейная жонка – вянец мужа свайго; а бессаромная – гнільлё косьцяў яго. Намеры праведных справядлівыя; а думкі нязбожных вераломныя. Словы нязбожных – засада для крывапраліцьця; вусны праведных – ратунак для іх. (11:19–12:6)


Вершапесьні

(Тон 8): Шматслоўны фарысей апаганіўся, пахваліўшыся, а мытнік пакорны памаліўся ў цішыні і атрымаў апраўданьне. Зразумей розьніцу між тымі двумя, душа мая, навучыся пакоры і абдымі яе: бо Хрыстос пакорным абяцаў даць ласку ў чалавекалюбстве сваім. (Двойчы)

Мучанікі Гасподнія, просім вас, маліце Бога нашага і выпрасіце душам нашым багацьце дабротаў і ачышчэньне ад шматлікіх правінаў.

Багародзічны: Я прыбягаю пад Тваю апеку, Дзева сьвятая Багародзіца, шукаючы збаўленьня, бо ведаю, што Ты, Чыстая, можаш дапамагчы мне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст