На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 6): Пасярод зямлі, Ты, Шчодры, пацярпеў мукі
і крыж, і даў усім збаўленьне і несьмяротнасьць; дзеля гэтага, у палове посту
сёньня пакланяемся Крыжу Твайму, Слова Божае, радасна цалуем яго і,
прасьветленыя боскімі дабрадзейнасьцямі, спадзяемся бачыць цярпеньні і
жыцьцядайнае ўваскрасеньне Тваё, адзіны Шматміласэрны.
Ты, Госпадзе, рукою Майсея горкую ваду Мэрры салодкаю зрабіў,
памёр прыбіты да крыжа, быў прабіты кап'ём і жоўцю поены. Дзеля гэтага малюся
Табе і прашу: "Адгані ад думак маіх горкія пажаданьні, асалодзь мой розум мёдам
пакаяньня і ўчыні мяне паклоньнікам Тваіх пачэсных мукаў".
(Тон 1): Маючы перад вачыма вялікі Крыж – якога
некалі Майсей прадставіў, распасьцёршы рукі і перамогшы Амалека, – дакранемся да
яго чыстымі думкамі і вуснамі, бо на ім Хрыстос, узьнёсшыся, умярцьвіў сьмерць.
Мы ж, удастоеныя такой ласкі, баганатхнёнымі песьнямі славім Збавіцеля ўсіх і
просім даць нам дачакацца збавеннага ўваскрасеньня.
(Тон 4): Прыйдзіце, паклонімся сёньня хадайніку
жыцьця нашага, Крыжу Хрыста Бога, якім сьмерць была зьнішчаная і ўваскрасеньне
ўсім нам аб'явілася. Дык усклікнем Збавіцелю нашаму: "Божа наш, які дзеля нас
дабравольна цярпеў, каб збавіць усіх, слава Табе!".
Непераможная зброя хрысьціянаў, пачэсны Крыж Твой, Хрысьце
Збавіцелю, даецца нам: ім ворагі нашыя перамагаюцца і супакой даецца Царкве
Тваёй. Сёньня цалуем яго і горача ўсклікаем: "Учыні нас дастойнымі часьці
сьвятых Тваіх".
Ачысьціўшы сьлязьмі пачуцьці душэўныя і прасьвятліўшыся
пастом, прыйдзіце, паклонімся крыжоваму дрэву, якім уздымы душагубных
пажаданьняў суцішаюцца; усклікнем Таму, хто быў распяты на ім: "Дай нам,
Збавіцелю, бачыць зьзяньне Твайго ўваскрасеньня і пакланіцца яму".
Слава ... цяпер ...
(Тон 8): Сёньня Ўладар стварэньня і Госпад славы да крыжа прыбіваецца, у бок
прабіваецца; каштуе жоўці і воцату Слодыч царкоўная; вянцом з церняў карануецца
Той, які пакрыў неба хмарамі; апранаецца ў ганебную вопратку, церпіць аплявухі
ад нячыстай рукі Творца чалавека; б'ецца па плячах Той, хто апранае неба ў
хмары; пляваньні і раны прымае, і зьнявагі, і церпіць усё дзеля мяне,
асуджанага, Збавіцель мой і Бог, каб збавіць сьвет ад спакусы ў
добрасардэчнасьці сваёй.
Пракімен (Пс 67):
Сьпявайце Госпаду, слаўце імя Яго.
Верш: Дарогу падрыхтуйце Яму ў пустыні.
Чытаньне кнігі Роду
Бог сказаў Ною і сыном яго гэтыя словы: "Вось Я заключаю саюз
Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі, і з усякаю жывою істотаю, што з вамі – з
птушкамі, з жывёламі і з усімі зьвярамі, што пры вас, якія выйшлі з каўчэгу, з
усякімі зьвярамі на зямлі. І заключу саюз Мой з вамі, што ніколі больш ня будзе
ніякая істота жывая зьнішчаная водамі патопу, і ня будзе больш патопу для
спусташэньня зямлі". І сказаў Госпад Бог: "Вось знак саюзу, які Я ўстанавіў між
Мною і між вамі і між усякай душою жывою, якая з вамі, на вякі вечныя. Я
пастаўлю вясёлку Маю на хмарах, каб яна была знакам вечнага саюзу між Мною і між
зямлёю. І вось калі Я навяду хмару на зямлю, то зьявіцца вясёлка Мая на хмары, і
Я ўспомню Мой саюз, што між Мною і між вамі, і між усякай душой жывой, з кожным
чалавекам; і ня будзе больш вада патопу для вынішчэньня ўсякай істоты. І будзе
вясёлка Мая на хмары, і Я ўбачу яе, і ўспомню вечны саюз між Богам і між зямлёю,
і між жывой істотай усякага роду на зямлі". І сказаў Бог Ною: "Вось знак саюзу,
які Я заключыў між Мною і між усякай істотаю, што на зямлі".
(9:8–17)
Пракімен ( Пс 68):
Хай помач Твая, Божа, ахоўвае мяне.
Верш: Хай убачаць убогія і ўзрадуюцца.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Хваляць чалавека за разважнасьць, а распусны сэрцам будзе ў
пагардзе. Лепшы просты (чалавек), які жыве з працы рук сваіх, як той,
што, ня маючы хлеба, выдае сябе за вялікага пана. Праведны клапоціцца аб
патрэбах жывёлы сваёй; а сэрца няправеднага лютае. Хто працуе на зямлі, будзе
мець удосталь хлеба; а хто праводзіць час у бязьдзейнасьці, той бязглузды. Хто
знаходзіць прыемнасьць у марнаваньні часу за віном, той пакіне свой дом у
няславе. Няправедны цешыцца і жадае зла, корань праведных непахісны. Няправедны
патрапляе ў пастку з прычыны вуснаў сваіх, праведнік выбаўляецца ад бяды. Той,
хто глядзіць ласкава, будзе памілаваны; а той, хто не дае праходу ў варотах,
крыўдзіць другіх. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, заплата
ягоная паводле ўчынкаў рук яго. Шлях дурня просты ў вачох яго, разумны слухае
рады. Дурань адразу паказвае свой гнеў, разважны прамоўчвае зьнявагу.
Праўдамоўны кажа тое, што ведае; фальшывы сьведак – ашуканец. Неразважная
гутарка раніць, быццам востры меч; язык мудрых аздараўляе. Язык праведных трывае
вечна, а хлусьлівы – толькі хвілінку. У сэрцах крывадушных хітрасьць; у
міратворцаў – радасьць. Праведніка не сустрэне ніякае зло; у няправедных поўна
няшчасьцяў. Хлусьлівыя вусны агідныя Госпаду, праўдамоўныя мілыя Яму.
(12: 8– 22)
Вершапесьні
(Тон 3): Пераўзышоўшы мытніка ў правінах, я не
бяру прыкладу з ягонага пакаяньня; не атрымаўшы дакору фарысея, я пераймаю
ягоную высакамернасьць; але дасканаласьцю пакоры Тваёй, Хрысьце Божа, які
бесаўскую высакамернасьць перамог на крыжы, зрабі мяне чужым для дрэнных учынкаў
першага і гордасьці другога, і ўмацуй у душы маёй добрыя намеры абодвух, і збаў
мяне.(Двойчы)
Прарокі, апосталы Хрыстовыя і мучанікі навучылі ўсіх славіць
адзінасутную Тройцу і, прасьвятліўшы заблудныя ў мане народы, учынілі сыноў
людскіх саўдзельнікамі анёлаў.
Слава ... цяпер ...
Бачачы Цябе, Тварца і Ўладара ўсіх, голага на Крыжы павешанага, усё стварэньне ў страху зьмянілася і
заплакала; сонца памеркла, зямля ўскалыхнулася, камяні раскалоліся, заслона ў
сьвятыні разарвалася, мёртвыя з магілаў усталі і анельскія сілы ў страху
ўсклікнулі: "Што за цуд! Судзьдзя ўсіх асуджаецца і дабравольна церпіць для
збаўленьня і абнаўленьня сьвету". |