ЛІТУРГІЯ РАНЕЙ АСЬВЯЧАНЫХ ДАРОЎ
На "Госпадзе, Цябе клічу..." – Песьні з пахвальных псалмаў і вершапесьняў ютрані. (Тон 1): Як я, нягодны, прыйду на бяседу сьвятых Тваіх? Калі наважуся ўвайсьці ў хорам, вопратка мая выкрые мяне, бо яна не сьвяточная, і анёлы, зьвязаўшы, выкінуць мяне. Ачысьці бруд душы маёй, Госпадзе, і збаў мяне ў чалавекалюбстве Тваім! (Тон 2): Агорнуты душэўнай лянотай, я задрамаў, і ў ліхтары маім не хапіла алею дабрадзейнасьцяў. Я стаўся падобным да неразумных дзеваў, і марную час у бязьдзейнасьці. Не зачыні мне Тваёй спагадлівасьці, Уладару, але, узьняўшы мяне ад змрочнага сну, разам з мудрымі дзевамі ўвядзі ў хорам Твой, дзе чуваць чыстыя галасы тых, што сьвяткуюць і няспынна клічуць: "Госпадзе, слава Табе!". (Тон 4): Ты, душа мая, чула пра асуджэньне таго, хто схаваў свой талент. Дык не хавай Слова Божага, абвяшчай Ягоныя цуды, памнажай дары ласкі, каб увайсьці ў радасьць Госпада твайго! (Тон 6): Прыйдзіце, верныя, будзем пільна служыць Уладару, які раздае багацьці слугам сваім. Хай кожны з нас, паводле меры атрыманага дару, памножыць талент ласкі. Хай адзін знойдзе мудрасьць, робячы добрыя ўчынкі; другі хай служыць навукаю; іншы зноў хай дзеліцца вераю сваёй з тымі, хто яе ня мае, а іншы хай раздае багацьці ўбогім. Так мы памножым дадзеныя нам скарбы і, як верныя распарадчыкі ласкі, удастоімся вечнай радасьці, удзельнікамі якой зрабі нас, Хрысьце Божа, у чалавекалюбстве Тваім. Калі Ты, Ісусе, Пастыру добры, прыйдзеш у славе з анельскімі сіламі і сядзеш на пасадзе судовым, не адлучы мяне ад прысутнасьці Тваёй. Ты прымеш тых, што стаяць па правай руцэ Тваёй, а тых, што па левай, адкінеш ад сябе. Не загубі мяне, агрубелага грахамі, разам з казламі, але ў чалавекалюбстве Тваім залічы да авечак, што будуць стаяць па правай руцэ Тваёй. Ты, Жаніху, які красою пераўзыходзіш усіх людзей, паклікаў нас на духоўную бяседу ў хорам Твой. Мукамі Тваімі сарві з мяне лахманы грахоўныя і, упрыгожыўшы вопраткаю славы і красы Тваёй, зрабі мяне ўдзельнікам сьветлага валадарства Твайго ў міласэрнасьці Тваёй. Слава ... Цяпер ... (Тон 7): Уладар даручае табе, душа мая, талент: прымі яго са страхам, і зрабі, каб ён прынёс прыбытак. Дапамагай бедным, і Госпад будзе тваім прыяцелем: калі Ён прыйдзе ў славе сваёй, ты станеш па правай руцэ Яго і пачуеш блаславёныя словы: "Увайдзі, верны слуга, у радасьць Госпада твайго". У велічы міласэрнасьці Тваёй, Збавіцелю, зрабі мяне, заблуднага, годным такой радасьці.
Пракімен (Пс 131): Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй. Верш: Успомні, Госпадзе, Давіда і ўсе ягоныя стараньні.
Чытаньне кнігі Выхаду (2:5-10) Пайшла дачка Фараона на раку купацца, а яе служанкі хадзілі сабе па беразе ракі. Убачыла яна кошык у чароце і паслала служанку, каб прынесла яго. Адчыніўшы кошык, яна ўбачыла дзіцятка малое, якое плакала. Зьлітаваўшыся з яго, сказала: "Гэта маленькі гэбрэй". Сястра ж дзіцяці сказала тады дачцы фараона: "Калі хочаш, пайду пашукаць сярод гэбрэйскіх жанчынаў карміцельку, якая б выкарміла дзіця". "Ідзі", – сказала дачка фараона. Дзяўчына пабегла і паклікала маці дзіцяці. Дачка фараона сказала ёй: "Вазьмі дзіця і выкармі яго для мяне, а я табе за гэта заплачу". Тады жанчына ўзяла дзіця і выкарміла яго. Калі ж хлопчык вырас, завяла яго да дачкі фараона, і ён быў ёй за сына. I дала яму імя Майсей, кажучы: "З вады я выцягнула яго".
Пракімен (Пс 132): Як добра, як міла, калі браты жывуць разам. Верш: Быццам алей духмяны на галаве, што сьцякае па барадзе, барадзе Аарона, аж да краёў вопраткі яго.
Чытаньне кнігі Ёва (1:13-22) Аднаго дня, калі сыны і дочкі елі і пілі ў доме старэйшага брата, прыйшоў пасланец да Ёва і сказаў: "Валы аралі і асьліцы пасьвіліся паблізу; але вось кінуліся на іх разбойнікі і забралі іх, а слуг усіх пазабівалі мячом. Адзін я выратаваўся, каб прыйсьці расказаць табе". Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў другі і кажа: "Агонь з неба зышоў і папаліў авечак з пастухамі. Адзін я застаўся, каб расказаць табе". Калі ён яшчэ гаварыў, прыбег трэці і кажа Ёву: "Хальдэйцы, згуртаваныя ў тры загоны, напалі на вярблюдаў і забралі іх, а слуг павыбівалі мячом. Я адзін выратаваўся, каб расказаць табе аб гэтым". Калі яшчэ ён гаварыў, прыйшоў іншы, кажучы: "Сыны і дочкі твае гулялі і пілі ў доме старэйшага брата. Аж вось падзьмуў моцны вецер з пустыні, пахіснуў чатырма кутамі дому, і дом заваліўся на дзяцей, і яны загінулі. Я адзін выратаваўся, каб табе абвясьціць гэта". Ёў, устаўшы, разарваў на сабе вопратку, абстрыг валасы, упаў на зямлю, пакланіўся і сказаў: "Голы я выйшаў з улоньня маці, голы і вярнуся туды. Госпад даў, Госпад і ўзяў. Няхай імя Гасподняе будзе блаславёнае!". I ва ўсім гэтым Еў не зграшыў і не сказаў нічога неразважлівага супраць Бога.
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (24:36 – 26:2) Сказаў Госпад вучням сваім: "Пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ані Сын – адзін толькі Айцец. Як было ў дні Ноя, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага. Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг. I не разумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: такое будзе і прыйсьце Сына Чалавечага. Тады два будуць у полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца. Дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, другая пакінецца. Дык будзьце пільныя, бо ня ведаеце, у якую гадзіну прыйдзе Госпад. Ведайце і гэта, што калі б ведаў гаспадар, у каторую варту прыйдзе злодзей, то пільнаваў бы і ня даў бы падкапаць свайго дому. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую не спадзяецеся, прыйдзе Сын Чалавечы. Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над сваёй чэлядзьдзю, каб даваў ежу ў пару? Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта. Сапраўды кажу вам, што над усёй сваёй маёмасьцю паставіць яго. Калі ж той нядбайны слуга скажа ў сэрцы сваім: гаспадар ня прыйдзе хутка, і пачне біць іншых слугаў, сваіх таварышаў, есьці і піць з п'яніцамі, то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой ня ведае, і адлучыць яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады Нябеснае валадарства будзе падобнае да дзесяці дзеваў, што, узяўшы сьветачы, выйшлі насустрач маладому. Пяць з іх было неразумных, а пяць мудрых. Неразумныя, узяўшы свае сьветачы, ня ўзялі алею; мудрыя ж узялі алею ў посудах разам са сьветачамі. А калі малады затрымаўся, яны ўсе задрамалі і паснулі. Апоўначы пачуўся крык: «Вось малады ідзе, выходзьце насустрач яму!». Тады ўсхапіліся ўсе тыя дзевы і паправілі свае сьветачы. Неразумныя сказалі мудрым: «Дайце нам вашага алею, бо нашыя сьветачы гаснуць». А разумныя сказалі ў адказ: «Каб не забракла нам і вам, пайдзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе». Пакуль яны хадзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы зачыніліся. Пасьля ж прыходзяць апошнія дзевы і кажуць: «Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!». А ён сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам, ня ведаю вас». Дык будзьце пільныя, бо ня ведаеце ні дня, ані гадзіны, калі прыйдзе Сын Чалавечы. Гэтак і адзін чалавек, ад'язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і перадаў ім сваё дабро. I даў ён аднаму пяць талентаў, другому – два, а трэцяму – адзін, кожнаму паводле ягонай сілы. I тут жа ад'ехаў. Той, хто ўзяў пяць талентаў, пусьціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць. Гэтак жа і той з двума зарабіў яшчэ два. А той, што атрымаў адзін, адышоўшыся, схаваў срэбра гаспадара свайго, закапаўшы у зямлю. Пасьля доўгага часу прыязджае гаспадар тых слугаў і зводзіць з імі рахунак. I, падышоўшы, той, хто атрымаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: «Гаспадар, пяць талентаў ты даў мне: вось другія пяць я зарабіў на іх». Ягоны гаспадар сказаў яму: «Добра, верны і добры слуга! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе: увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». I, падышоўшы, той, хто атрымаў два таленты, сказаў: «Гаспадар, два таленты ты даў мне: вось другія два, якія я зарабіў на іх». Ягоны гаспадар сказаў яму: «Добра, верны і добры слуга: у малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе. Увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». I, падышоўшы, той, што атрымаў адзін талент, сказаў: «Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек суровы, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў; і я збаяўся і, адышоўшы, схаваў твой талент у зямлю: вось маеш тваё». Ягоны гаспадар сказаў яму ў адказ: «Нядобры і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе даць маё срэбра ліхвярам, а я, прыехаўшы, узяў бы сваё з лішкам. Вазьміце ж ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і ў яго будзе ўдосталь; а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзятае. А лянівага слугу выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы сваёй. I зьбяруць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. I паставіць Ён авечак па правай руцэ сваёй, а казлоў – па левай. Тады скажа Ўладар тым, што па правай руцэ Яго: «Хадзіце, блаславёныя Айца Майго, атрымайце ў спадчыну валадарства, прызначанае вам ад заснаваньня сьвету. Бо Я быў галодны, і вы далі мне есьці; быў сасьмяглы, і вы далі мне піць; быў падарожны, і вы прынялі мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне». Тады адазвуцца Яму праведнікі, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, сасьмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым або ў вязьніцы і адведалі Цябе?». I Ўладар скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: што зрабілі вы аднаму з найменшых братоў Маіх, Мне зрабілі». Тады скажа тым, што па левай руцэ Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д'яблу і анёлам яго. Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы ня далі Мне піць; быў падарожны, і вы ня прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне». Тады адазвуцца яны, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, або падарожным, або голым, калі хворым або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?». Тады Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам.чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых найменшых, Мне не зрабілі». I пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае". I калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён сваім вучням: "Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне".
Далей – звычайны парадак Літургіі раней асьвячаных дароў. |