Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІV тыдзень посту - чацьвер - увечары


 

 

ІV тыдзень посту - чацьвер - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4): Удастоіўшыся цалаваць найблаславёны Крыж Твой, Госпадзе, якім Ты збавіў нас, славім Тваю добрасардэчнасьць і молімся шчыра: "Дай, Збавіцелю, усім нам радасьць збаўленьня Твайго, каб нам у пакаяньні бачыць Твае пачэсныя мукі і ўваскрасеньне".

Пацярпеўшы сьмерць на Крыжы, Ты ўмярцьвіў сьмерць і ўваскрасіў мёртвых жыцьцядайным словам Тваім; дзеля гэтага малю Цябе: "Амярцьвлёную грахом душу маю ажыві, Госпадзе, даючы мне скруху і вызваленьне ад зла ў гэтыя дні посту Твайго, Чалавекалюбча".

Удастоіўшыся бачыць і цалаваць Крыж Твой сьвяты, молім Цябе, Божа Збавіцелю наш, дай нам, умацаваным пастом, дачакацца ўсячыстых мукаў Тваіх, пакланіцца Твайму ўкрыжаваньню, кап'ю, губцы і трысьціне, якімі Ты даў нам несьмяротнасьць і да першаснага салодкага жыцьця вярнуў у чалавекалюбстве Тваім. Дзеля гэтага сёньня з удзячнасьцю славім Цябе.

Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс 75): Памаліцеся і аддайце хвалу Госпаду Богу нашаму.

Верш: Вядомы Бог у Юдэі, у Ізраілі вялікае імя Яго.


Чытаньне кнігі Роду

Вось нашчадкі сыноў Ноя, паводле іх сваяцтва і паводле народу. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі пасьля патопу. Жыхары ўсёй зямлі мелі адну мову, гэта значыць (ужывалі) тыя самыя словы. А калі ішлі на ўсход, прыйшлі на раўніну Сэннар і там пасяліліся. І сказалі адзін аднаму: "Хадзем, зробім цэглу і выпалім яе ў агні". А калі ўжо мелі цэглу замест каменя і смалу замест вапна, сказалі: "Збудуем сабе горад і вежу, верх якое будзе даставаць да неба, і зробім сабе імя перад тым, як нам разысьціся па зямлі". А Госпад зышоў з неба, каб паглядзець на горад і вежу, якую будавалі (людзі), і сказаў: "Усе яны – адзін народ і маюць адну мову, і таму пачалі будаваць. У будучыні нічога ня будзе немагчымым для іх, што б не захацелі зрабіць. Дык, зышоўшы, памяшаем ім языкі, каб не разумелі адзін аднаго!". Так Госпад параскідаў іх адтуль па ўсёй зямлі, і яны ня скончылі гораду і вежы. Дзеля гэтага назвалі горад Бабэль (памяшаньне), бо там Госпад зьмяшаў мову жыхароў зямлі, і адтуль расьсеяў іх па ўсім сьвеце. (10:32–11:9)


Пракімен (Пс 76): Я ўзьняў голас мой да Бога і клічу: голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.

Верш: Шукаю Бога ў дзень суму майго.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Жаданьні праведных – для душы асалода; учынкі нязбожных далёкія ад розуму. Хто з мудрым прабывае, мудрым стаецца; хто сябруе з дурнем, сабе шкодзіць. Няшчасьце ідзе сьледам за грэшнікамі; а шчасьце зьяўляецца ўзнагародай праведных. Добры чалавек пакіне спадчыну ўнукам; маёмасьць нязбожных дастаецца праведніку. Багатае жніво бывае і на ніве бедных; ад беспарадку прападае добрае поле. Хто шкадуе розгу, ня любіць сына; хто кахае яго (сына), той карае яго ў час. Праведнік мае ўдосталь ежы; жывот нязбожных церпіць нястачу. Мудрыя жонкі дом будуюць; неразумныя разбураюць яго ўласнымі рукамі. Хто жыве сумленна – шануе Госпада; пагарджае Ім той, хто зышоў з Ягонай дарогі. У вуснах дурня біч гордасьці; вусны мудрых ахоўваюць іх. Дзе не стае валоў, там жолаб пусты; шмат прыбытку ад сілы валоў. Праўдзівы сьведка ня хлусіць; фальшывы сьведка распаўсюджвае ману. Распусьнік дарэмна шукае мудрасьці; разумнаму веда прыходзіць лёгка. (13:20–14:6)


Вершапесьні

(Тон 6): Ад Госпада, які ўпакорыў сябе аж да расьпяцьця і сьмерці дзеля цябе, бяры прыклад, душа мая: у дабрадзейнасьцях не вывышайся, не асуджай бліжняга, і не лічы сябе, як фарысэй высакамерны, праведнаю; але, зразумей веліч правінаў тваіх і, памятаючы аб іх, як мытнік усклікні: "Божа, ачысьці мяне грэшнага і збаў мяне!". (Двойчы)

Мучанікі Твае, Госпадзе, не адракліся ад Цябе і не адступілі ад запаветаў Тваіх. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.

Крыжабагародзічны: Калі ўсячыстая Маці Твая, Хрысьце, убачыла, як Цябе расьпінаюць на крыжы, Яна ўсклікнула: "Што гэта за страшную тайну бачу я, Сыне мой? Як гэта Ты, які даеш жыцьцё, паміраеш, павешаны на дрэве?".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст