На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Верш: Хай нязбожныя ўпадуць у сеці свае: я ж адзін
перайду бясьпечна.
(Тон 8): Я, няшчасны, трапіў у палон думак маіх,
быццам у рукі разбойнікаў. Розум мой абакрадзены, і я сам люта пакалечаны; з
душой параненай і пазбаўленай усіх дабрадзейнасьцяў ляжу голы на ростанях
жыцьця. Сьвятар убачыў мяне ў вялікіх болях, падумаў, што я безнадзейна хворы, і
прайшоў міма, ня глянуўшы на мяне. Ня ў змозе цярпець мае душагубныя мукі, лявіт
таксама прайшоў міма. Але Ты, Хрысьце Божа мой, які прыйшоў не з Самарыі, але
ўцелавіўся ад Марыі, у чалавекалюбстве Тваім ацалі мяне і вылі на мяне веліч
міласэрнасьці Тваёй.
Верш: Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада
малюся.
Тое самае.
Верш: Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму
расказваю.
Калі ёсьць якая дабрадзейнасьць і пахвала, дык належыць яна
сьвятым: яны схілілі галовы свае пад меч дзеля Цябе, які нахіліў неба і зышоў да
нас; кроў пралілі сваю дзеля Цябе, які спустошыў сябе дзеля нас, прыняўшы выгляд
слугі; упакорыліся аж да сьмерці, прыпадабніўшыся ўбоству Твайму. Малітвамі іх у
мностве міласэрнасьці Тваёй, Божа, зьмілуйся над намі.
Верш: Дух мой зьнемагае ўва мне, Ты ж ведаеш усе
сьцежкі мае.
Ты, Госпадзе, паказаў нам вучняў Тваіх, як духоўнае неба.
Малітвамі іх захавай нас ад усялякага зла зямнога, і пастом узьнімі нашыя думкі
да разуменьня Мукаў Тваіх, бо Ты міласэрны і Чалавекалюбец.
Верш: На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на
мяне.
Час посту дае нам змогу рабіць справы, прыемныя Богу.
Заплачам ад усяго сэрца і ўсклікнем Збавіцелю: "Малітвамі вучняў Тваіх,
шматміласэрны Госпадзе, збаў нас, якія са страхам і пашанаю пяём хвалу Твайму
вялікаму чалавекалюбству".
Верш: Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б
мне спагадаў.
Усяхвальныя апосталы, заступнікі сьвету, лекары нядужых,
ахоўнікі здароўя, ахоўвайце нас у гэты час посту, каб з Божай дапамогай нам
захаваць супакой між сабою; захавайце наш розум свабодным ад пажаданьняў, каб
нам усім пяяць песьню хвалы Пераможцу Хрысту, які ўваскрос.
Верш: Няма куды бегчы: няма нікога, хто б
парупіўся аб душы маёй.
(Тон 4): Я змарнаваў жыцьцё з блудніцамі і
мытнікамі: як мне пакаяцца на старасьць у грахох маіх? Творца ўсяго і Лекару
хворых, Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: "Ты мая надзея,
мой удзел на зямлі жывых".
Я ўгінаюся пад цяжаром безуважнасьці і валяюся ў балоце,
прабіты стралою д'ябальскаю. Я апаганіў вобраз Твой ува мне, але Ты, Госпадзе,
які навяртаеш безуважных і збаўляеш грэшнікаў, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне.
Верш: Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі
нешчасьлівы.
Сам зямны, я рабіў зямное і быў каменем спатыкненьня для
людзей. Уступіўшы на Твой загад у шлюб, я зграшыў і апаганіў ложа маё. Але Ты,
Госпадзе, які стварыў мяне з зямлі, не пагардзі стварэньнем Тваім і, перш як мне
згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Вызваль мяне ад ворагаў маіх, бо яны
мацнейшыя за мяне.
Я дбаў аб маім целе і быў забойцам душы, стаўся пасьмеішчам
для дэманаў і нявольнікам грэшных асалодаў. У добрасардэчнасьці Тваёй пашкадуй
мяне, Праганіцелю дэманаў, Госпадзе, і, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Вызваль з вязьніцы душу маю, каб мне
дзякаваць імю Твайму.
Больш за ўсіх людзей я сьвядома зграшыў, таму цяпер я
пакінуты ўсімі і бездапаможны. Цялесныя думкі – мае праціўнікі, – азмрочваюць
мяне. Сонца тых, што ў цемры, Праваднік усіх, што зблудзілі, Госпадзе, перш як
мне згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне
пакажаш спагадлівасьць Тваю.
Душа мая будзе жыць і славіць Цябе, Госпадзе, – сказаў
прарок. – Знайдзі мяне, заблудную авечку Тваю, і залічы да выбранага статку
Твайго; дай мне час пакаяцца, каб з плачам усклікнуць Табе: "Госпадзе, перш як
мне згінуць зусім, збаў мяне".
Верш: З глыбіні клічу Цябе Госпадзе: Госпадзе,
пачуй голас мой.
Зграшыў я, Хрысьце Божа мой, зграшыў, адкінуўшы прыказаньні
Твае. Будзь міласэрны да мяне, Дабрачынца мой, каб мне пазьбегнуць цемры, бачыць
душэўнымі вачыма і ў страху ўсклікнуць Табе: "Госпадзе, перш як мне згінуць
зусім, збаў мяне".
Верш: Хай вушы Твае будуць уважлівыя да голасу
маленьня майго.
Зьвяры дзікія атачылі мяне, але Ты, Уладару, выхапі мяне ад
іх, бо Ты ж хочаш, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды.
Разам з усімі клічу, Творча і Госпадзе: "Перш як мне згінуць зусім, збаў мяне".
Верш: Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш,
Госпадзе: Госпаде, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
Дабрачынца, Збавіцелю і Адкупіцелю мой, будзь мне ацаленьнем;
не адкінь мяне, але глянь спагадліва на мяне, які ляжу ў правінах маіх, і
ўзьнімі мяне ўсемагутнай сілаю Тваёй, каб мне абвяшчаць цуды Твае і клікаць:
"Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне".
Верш: Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе,
Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Як неразумны слуга, я схаваў талент, дадзены мне, зарыўшы яго
ў зямлю. За гэта я быў асуджаны як бескарысны, і ня сьмею больш прасіць Цябе
прабачэньня. Але ў дабрыні Тваёй зьмілуйся нада мною, каб мне клікаць:
"Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне".
Верш: Больш чым сьвітаньня чакае страж начны,
больш чым сьвітаньня хай Ізраіль чакае Госпада.
Жанчына, якая цярпела на крывацечу, дакранулася да вопраткі
Тваёй, і Ты асушыў крыніцу цярпеньняў яе. Прымі цяпер мяне, які прыбліжаюся да
Цябе з непахіснай вераю, і ацалі мяне, як некалі яе. Госпадзе, перш як мне
згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго
збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
Ты, Госпадзе, які словам стварыў неба і зямлю, сядзеш на
пасадзе, перад якім усім трэба будзе стаць і вызнаць грахі свае. Перш чым гэты
дзень прыйдзе, прымі мяне ў каяньні. Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне.
Верш: Хваліце Госпада ўсе народы, слаўце Яго ўсе
людзі.
Глянь на мяне спагадлівым вокам і будзь мне міласэрным,
адзіны Збавіцелю; дай маёй беднай душы ваду аздараўленьня; ачысьці мяне і абмый
брыдоту ўчынкаў маіх, каб мне клікаць: "Госпадзе, перш як мне згінуць зусім,
збаў мяне".
Верш: Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі
і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Д'ябал прыгатаваў меч, каб улавіць няшчасную душу маю; ён
зрабіў мяне, Міласэрны Госпадзе, чужынцам для сьвятла пазнаньня аблічча Твайго.
Але Ты магутнай сілаю Тваёю выхапі мяне з ягоных сецяў. Госпадзе, перш як мне
згінуць зусім, збаў мяне.
Верш: Я ўзьнёс вочы мае да Цябе, які жывеш у небе:
як вочы слуг узіраюцца на рукі гаспадароў сваіх, і як вочы служкі на рукі
гаспадыні сваёй, так вочы нашы ўзьнесеныя да Госпада Бога нашага, пакуль Ён
зьмілуецца над намі.
Я стаўся нявольнікам усіх грэшных пажаданьняў, адкінуў Закон
і Сьвятое Пісаньне. Ацалі мяне ўсяго, Дабрачынца мой, які дзеля мяне стаўся як
я, і адвярні мяне ад благіх пажаданьняў. Госпадзе, перш як мне згінуць зусім,
збаў мяне.
Верш: Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над
намі, бо мы перапоўненыя зьнявагай; асабліва душа наша поўная насьмешак магутных
і пагарды гордых.
Блудніца сьлязьмі абмыла Твае пачэсныя ногі і клікала ўсіх
прыблізіцца да Цябе, каб атрымаць адпушчэньне грахоў. Дай і мне ейную веру,
Збавіцелю, каб я мог усклікнуць: "Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне".
Верш: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
(Так пасьля наступных сьціхіраў)
Ачысьці брыдоту душы маёй, Ты, што дзеля мяне зьбяднеў і
стаўся дзіцяткам. Я слабы і зламаны: зышлі на мяне кроплю міласэрнасьці Тваёй;
абмый мой бруд і ацалі немачы мае. Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне.
Умацуй душу маю, Уладару, каб я мог прыбегчы да Цябе і вечна
служыць Табе; Ты мой апякун і заступнік, памочнік і абаронца. Зрабі, Слова
Божае, мяне дастойным клікаць са сьмеласьцю: "Госпадзе, перш як мне згінуць
зусім, збаў мяне".
Будзь нашай непарушнай абароннай сьцяною, Ісусе Збавіцелю,
наш міласэрны Божа, бо мы трапілі ў палон дрэнных нораваў і ўчынкаў. Узьнімі
стварэньні Твае, Дабрачынца наш, і ў спагадлівасьці Тваёй прыміры нас з сабою.
Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне.
Я стаўся як блудны сын, змарнаваў усё багацьце, і сёньня
цярплю голад. І вось вяртаюся ў Твой дом, добры Ойча. Прымі мяне, як некалі яго,
і зрабі ўдзельнікам застольля твайго, каб мне клікаць: "Госпадзе, перш як мне
згінуць зусім, збаў мяне".
Праз зайздрасьць князь зла выгнаў з раю першастворанага.
Разбойнік, які на крыжы ўсклікнуў: "Успомні мяне", зноў атрымаў рай. Дык і я з
вераю і страхам клічу: "Успомні мяне". Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне.
Працягні руку Тваю, Божа, як некалі Пятру, і ўзьнімі мяне з
бездані, даруй мне ласку і зьмілаваньне, малітвамі ўсебеззаганнае Маці, якая бяз
семя нарадзіла Цябе, і ўсіх сьвятых Тваіх. Госпадзе, перш як мне згінуць зусім,
збаў мяне.
Прымі мяне, Ягнё, што бярэш на сябе грэх мой, каб я кожны
дзень славіў Цябе. У Твае рукі аддаю сябе поўнасьцю з душой і целам, – і, як
належыцца, дзень і ноч клічу: "Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў мяне".
Слава ...: Невыказны ў спагадлівасьці, доўгацярплівы і
добры Госпадзе! Ты бязгрэшны і міласэрны. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, каб
мне з удзячнасьцю радасна ўсклінуць: "Госпадзе, перш як мне згінуць зусім, збаў
мяне".
Цяпер ...: Невыказная спагадлівасьць! Цудоўнае і
дзівоснае нараджэньне! Як гэта Дзева носіць як немаўля на руках сваіх Цябе,
Творцу і Бога свайго? Дабрачынца мой, які захацеў прыняць цела ад Яе, Госпадзе,
перш як мне згінуць зусім, збаў мяне.
Пракімен (Пс. 93):
Бог адплаты, Госпад: Бог адплаты зазьзяў.
Верш: Устань, Судзьдзя зямлі, адплаці гордым па
заслугах іх.
Чытаньне кнігі Роду
Калі Аўраму было дзевяноста дзевяць гадоў, Госпад зьявіўся
яму і сказаў: "Я Бог твой, дагадзі мне і будзь беззаганным, бо хачу пакласьці
саюз між Мною і табою, і дам табе шматлікае патомства". Аўрам паў ніц на зямлю,
а Бог працягваў гаварыць: "Вось мой саюз з табою: будзеш айцом многіх народаў. І
ад гэтага часу ня будзеш называцца Аўрам, але імя тваё будзе Абрагам, бо ўчыню
цябе бацькам многіх народаў. Зраблю цябе бязьмерна пладавітым, і будзеш бацькам
шматлікіх народаў, і цары будуць сярод нашчадкаў тваіх. Мой саюз, які заключаю з
табою і тваімі нашчадкамі, будзе трываць з пакаленьня ў пакаленьне, будзе саюзам
вечным, і Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх. І аддаю табе і нашчадкам тваім
краіну, у якой прабываеш, усю зямлю Ханаанскую, на ўласнасьць давеку, і буду ім
Богам". І сказаў (яшчэ) Бог Абрагаму: "Захавай саюз мой ты і ўсе нашчадкі твае
праз усе пакаленьні". (17:1-9)
Пракімен (Пс. 94):
Сьпявайце Госпаду песьню новую: слаў Госпада, уся зямля.
Верш: Сьпявайце Госпаду, блаславіце імя Яго.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Разумны сын – радасьць бацькі; дурань маці сваю зьневажае.
Дурасьць – радасьць бязглуздага; разумны ідзе простым шляхам. Недахоп роздуму
нішчыць намеры; добра, калі ёсьць шмат дарадчыкаў. Выказваньне вуснаў сваіх
цешыць чалавека, як мілае слова, сказанае дарэчы. Сьцежка вядзе мудрага ўгару,
каб пазьбегнуць апраметнай, што ўнізе. Госпад разбурыць дом гордых і ўмацуе мяжу
ўдавы. Агідныя Госпаду паганыя намеры; чыстыя словы мілыя Яму. Хто нажываецца
няправедна, руйнуе дом свой; будзе жыць, хто ненавідзіць хабар. Сэрца праведнага
разважае, перш чым даць адказ; з вуснаў няправедных цячэ злосьць. Госпад далёкі
ад благіх людзей; Ён выслухоўвае малітвы праведных. Ласкавы погляд весяліць
сэрца; добрая вестка ўмацоўвае цела. Вуха, якое слухае збавеннай рады, прабывае
між мудрых. Хто адкідае напамінаньні, душу сваю калечыць; хто слухае заўвагаў,
набіраецца розуму. Страх Гасподні – школа мудрасьці; пакора апярэджвае славу. У
сэрцы чалавека родзяцца задумы; але ад Госпада – адказ языка. У вачох чалавека
ўсе сьцежкі яго чыстыя, але Госпад судзіць дух. Здайся на Госпада ў тваіх
справах, і ўсе задумы твае зьдзейсьняцца. Госпад зрабіў усё для ўласнай мэты;
нават грэшніка на дзень бяды. Сэрца гордае агіднае Госпаду: яно напэўна не
пазьбегне пакараньня. Міласэрнасьцю і справядлівасьцю грэх выпраўляецца, а
страхам Гасподнім адхіляецца зло. Калі ўчынкі людзкія Госпаду мілыя, то Ён
прымірыць з сабою нават ворагаў. Лепш мець крыху, але справядліва, чым
несправядлівыя вялікія прыбыткі. Сэрца людзкое абмяркоўвае дарогу, а Госпад
кіруе крокамі яго. (15:20-16:9)
Далей Літургія Раней Асьвячаных Дароў.
|