Малы уваход і трапары
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
Сьвятар: На зборах вашых блаславіце Бога, Госпада,
усе нашчадкі Ізраіля!
Людзі: Сыне Божы, што ўваскрос з мёртвых, збаў
нас, якія пяём Табе: Алілуя.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
(Тон 4). Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны, што былі
з Марыяй, убачылі камень, адвалены ад магілы, і пачулі ад анёла: "Нашто шукаеце
сярод мёртвых, быццам чалавека, Таго, хто жыве ў вечным сьвятле? Гляньце, вось
пахавальныя покрывы; дык ідзіце і сьвету абвяшчайце, што Госпад уваскрос і
зьнішчыў сьмерць, бо Ён Сын Бога, які збаўляе род людзкі".
Кандак (Тон 8): Хоць Ты,
Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна,
Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся!", і Тваім апосталам
супакой даруючы, Ты, што даеш памерлым уваскрасеньне.
Замест "Сьвяты Божа": Усе вы, што ў Хрыста
ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя.
Апостал і Евангельле
Пракімен: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень
радасьці і вясельля для ўсіх нас.
Верш: Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо
вечная міласэрнасьць Яго.
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў (1:1-9)
Першую кнігу напісаў я, Тэафілю, аб усім, што Ісус рабіў і
чаму навучаў ад пачатку аж да дня, у якім узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога
настаўленьні апосталам, якіх выбраў і якім даў мноства доказаў, што Ён жывы,
зьяўляючыся ім на працягу сарака дзён пасьля сваіх мукаў і гаворачы аб
Валадарстве Божым. I вось, будучы з імі, загадаў ім не адыходзіць ад Ерусаліму,
але чакаць абяцаньня Айца, "аб якім вы чулі ад Мяне. Бо Ян хрысьціў вадою, а вы
праз некалькі дзён будзеце ахрышчаныя Духам Сьвятым". Яны, зышоўшыся разам,
пыталіся ў Яго: "Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш валадарства Ізраіля?" А
Ён адказаў ім: "Ня вам ведаць час і пару, якія Айцец устанавіў сваёй уладаю,
але, калі зыдзе на вас Дух Сьвяты, атрымаеце Ягоную сілу і будзеце Мне сьведкамі
ў Ерусаліме, і ва ўсёй Юдэі, і Самарыі, і аж да краю зямлі".
Алілуя: Ты, Госпадзе, уваскросшы, зьлітуешся над
Сыёнам, бо ўжо час паказаць спагаду Тваю яму, бо ўжо прыйшоў час.
Верш: Госпад з неба глядзіць, бачыць усіх сыноў
людзкіх.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна (1:1-18)
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было
Слова. Яно было спрадвеку ў Бога, і ўсё праз Яго сталася, і без Яго нічога не
сталася з таго, што сталася. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом для
людзей. I сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра яго не агарнула. Быў чалавек пасланы
ад Бога, імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў для сьведчаньня аб сьвятле, каб усе
ўверылі праз яго. Ён ня быў сьвятлом, але (быў пасланы) каб сьведчыць аб
сьвятле. Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе кожнага чалавека, што
прыходзіць на сьвет. На сьвеце было, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не
пазнаў. Да сваіх прыйшло, і свае ня прынялі Яго. Тым жа , што Яго прынялі, дало
моц стацца дзецьмі Божымі – тым, што ўверылі ў Ягонае імя, – што не ад крыві,
ані ад пажаданьня цела, ані ад мужа, але ад Бога нарадзіліся. I Слова сталася
целам, і пасялілася сярод нас. I мы бачылі славу Ягоную, славу Адзінароднага ад
Айца, поўнага ласкі і справядлівасьці. Ян сьведчыць аб Ім і кліча, кажучы: "Той,
аб якім я казаў, што ідзе пасьля мяне, вышэйшы за мяне, бо быў раней за мяне".
Ад Ягонай паўнаты мы ўсе атрымалі – ласку за ласку. Бо Закон быў дадзены праз
Майсея, а ласка і праўда прыйшлі праз Ісуса Хрыста.
Ёсьць звычай на Вялікдзень чытаць Евангельле на некалькіх
мовах.
Задастойнік: Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая
Дзева, радуйся! I зноў кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з
магілы і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся!
Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя
зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся,
Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Прычасьце верных:
Дыякан: Са страхам Божым, вераю і любоўю
падыходзьце.
Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць
зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Пасьля прычасьця:
Замест "Мы бачылі...": Хрыстос уваскрос з
мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Замест "Хай нашы вусны...": Хрыстос уваскрос з
мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Пасьля заамбоннай малітвы
Замест "Хай будзе імя Гасподняе...":
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё
дараваў. (Тройчы
Заканчэньне
Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе
на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер, і заўсёды і, на вякі
вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю
сьмерць зваяваў.
Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Сьвятар робіць водпуст: Хрыстос праўдзівы
Бог наш, які ўваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах
жыцьцё дараваў, малітвамі ўсячыстае свае Маці, між сьвятымі айца нашага Яна
Залатавуснага, арцыбіскупа Канстантынопальскага і усіх сьвятых, хай зьмілуецца
над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Тады кажа ўголас: Хрыстос Уваскрос!
Людзі адказваюць: Сапраўды ўваскрос!
Гэта паўтараецца тройчы. Пасьля:
Людзі (сьпяваюць): Хрыстос уваскрос
з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
(Тройчы)
I нам дараваў жыцьцё вечнае: пакланяемся Ягонаму
трохдзённаму ўваскрасеньню.
|