Падчас сьпяваньня "Цяпер ...", сьвятар і дыякан з
Евангельлем робяць уваход; стаўшы перад райскімі дзьвярыма, дыякан кажа ціха:
Дыякан: Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, раніцай і ў
поўдзень хвалім і бласлаўляем Цябе, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх:
накіруй малітву нашу быццам кадзіла перад Табою і ня дай ухіліцца сэрцам нашым
да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць улавіць душы нашы;
бо вочы нашы, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе – дык не пасаром нас. Бо
Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому
Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход):
Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Амін.
Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы
несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да
захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа –
Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы,
што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Сьвятар і дыякан уваходзяць у аўтар.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: I твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Дыякан чытае вялікі пракімен (Пс.76:14,15,11,12):
Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты – Бог, што чыніш цуды.
Людзі паўтараюць пасьля кожнага першы верш: "Які бог...."
Верш 1: Ты паказаў сярод людзей сілу Тваю.
Верш 2: Я сказаў: цяпер зразумеў я, што гэта
зьмена волі Ўсявышняга.
Верш 3: Я прыгадаў усё, што Бог учыніў, ад пачатку
прыгадаў цуды Твае.
Пасьля пракімену:
Дыякан: I каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое
Евангельле, Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся;
Госпадзе, зьмілуйся;
Сьвятар: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць
сьвятое Евангельле. Мір усім.
Людзі: I твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Сьвятар: Вечарам таго самага першага дня тыдня,
калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад
гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам". Сказаўшы гэта,
паказаў ім рукі свае і бок. I усьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў
ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта,
дыхнуў на іх, кажучы: "Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць
адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца". Тамаш, адзін з дванаццацёх,
званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Іншыя вучні сказалі яму: "Мы
бачылі Госпада". Але ён адказаў ім: "Калі не пабачу на руках Ягоных ранаў ад
цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўкладу рукі маёй у
Ягоны бок, не паверу". (Ян 20: 19-25)
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
|