Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вянчаньне - новая рэдакцыя


 

 

Вянчаньне - новая рэдакцыя

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (Пракімен, тон 8), (Пс 20: 3б – 4а): Ты ўсклаў на іхнія галовы вянцы з каштоўных каменьняў; жыцьця прасілі ў цябе, і Ты даў ім.

Верш (Пс 20: 6): Бо Ты дасі ім блаславеньне навек вякоў, узьвесяліш іх радасьцю аблічча Твайго.

Сьвятар: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне пасланьня сьвятога Апостала Паўлы да Эфесцаў.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Чытальнік: Браты! Дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, слухайцеся адно аднаго ў страху Божым. Жонкі – сваіх мужоў, як Госпада, бо муж ёсьць галавой жонкі, як і Хрыстос – Галава Царквы, Ён жа і Збаўца цела. Але як Царква паслухмяная Хрысту, так і жонкі мужом – ва ўсім. Мужы, любіце жонак вашых, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём вадою праз слова, каб узяць сабе Царкву ўслаўленую, бяз плямы і заганы, ці нечага падобнага, але каб яна была сьвятой і беззаганнай. Гэтак павінны мужы любіць жонак сваіх, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да свайго цела, але жывіць яго і грэе, як і Госпад Царкву. Бо мы – часткі цела Яго, ад цела Яго і ад касьцей Яго. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адно цела. Тайна гэтая вялікая; я ж кажу аб Хрысьце і Царкве. Дык няхай жа кожны з вас таксама любіць жонку сваю, як самога сябе; а жонка хай шануе мужа свайго. (Эф 5:20-33)

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Верш (Пс 11, 8): Ты, Госпадзе, захаваеш нас і зьберажэш нас ад гэтага роду і давеку.

Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Эвангельле.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Эвангельля паводле Яна.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Таго часу было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісуса была там. Ісус і вучні Ягоныя былі таксама запрошаныя на вясельле. Калі ж не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: "Ня маюць больш віна". Але Ісус адказаў ёй: "Што табе і Мне да гэтага, жанчына? Мой час яшчэ не прыйшоў". Тады Маці сказала слугам: "Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа". Там было шэсьць каменных збаноў, прызначаных для гэбрэйскіх ачышчэньняў, кожны з якіх мог зьмясьціць дзьве або тры меры. Ісус сказаў ім: "Напоўніце збаны вадою". Яны напоўнілі даверху. Тады сказаў ім: "Зачарпніце і занясіце вясельнаму старасьце". Яны панесьлі. Калі той пакаштаваў вады, якая сталася віном – бо ён ня ведаў, адкуль яно, хоць слугі, якія чэрпалі ваду, ведалі, – ён паклікаў маладога і сказаў яму: "Кожны чалавек перш дае добрае віно, а калі нап’юцца, тады дае горшае, ты ж захаваў добрае віно аж дагэтуль". Гэты цуд у Кане Галілейскай быў пачаткам цудаў, зробленых Ісусам. Ён явіў славу сваю і вучні Ягоныя ўверылі ў Яго. (Ян 2:1-11)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы, ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)

Дыякан: Яшчэ молімся за літасьць, жыцьцё, мір, здароўе, збаўленьне і Боскае наведаньне для новапашлюбаваных слугаў Божых (імя) і (імя).

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)

Сьвятар: Бо Ты літасьцівы і чалавекалюбны Бог і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Госпаду, памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Ты ў збавеннай апецы сваёй меў ласку абвясьціць ў Кане Галілейскай высокую годнасьць шлюбу сваім туды прыйсьцем; дык цяпер слугаў тваіх (імя) і (імя), якім Ты паспрыяў зьяднацца адно з адным, захавай у міры і адзінадумстве, абвясьці ім высокую годнасьць шлюбу, зьберажы чысьціню іхняга ложа, паспрыяй ім трываць у беззаганным сужыцьці, і з ласкі сваёй дай ім дасягнуць глыбокае старасьці і з чыстым сэрцам выконваць Твае запаветы.

Бо Ты Бог наш, Бог ласкі і збаўленьня, і Табе славу аддаем, з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю сваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты дзень быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў).

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.

Дыякан: Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

Дыякан: Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

Дыякан: Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага, і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

Дыякан: Папрасіўшы адзінства веры і супольнасьці Духа Сьвятога, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: І зрабі нас годнымі, Уладару, з поўным даверам, без асуджэньня сьмець зьвяртацца да Цябе, Бога Нябеснага, як да Айца, і казаць:

Людзі: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Прыносіцца супольная чаша. Сьвятар бласлаўляе яе і кажа наступную малітву:

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Божа, Ты стварыў усё магутнасьцю сваёю, і ўмацаваў сусьвет, і аздобіў вянец усіх, Табою створаных; і гэтую супольную чашу, якая даецца тым, што злучаюцца ў еднасьці шлюбу, блаславі духоўным блаславеньнем.

(Уголас) Бо блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар бярэ супольную чашу і дае піць з яе тройчы; спачатку жаніху, а потым нявесьце. Пасля абводзіць маладых вакол аналою тройчы, пакрыўшы іхнія зьяднаныя рукі эпітрахілем. Шаферы ідуць за імі (трымаючы вянцы над іхнімі галовамі). У міжчасе людзі сьпяваюць:

Людзі (Тон 5): Ісая, радуйся; Дзева мела ў чэраве, і нарадзіла сына Эмануэля, Бога і чалавека, Сьвітанак – імя Яго; узьвялічваючы Яго, Дзеву ўсхваляем.

Іншы трапар:

(Тон 7): Сьвятыя мучанікі, што добра змагаліся і былі ўвенчаныя, маліцеся Госпаду, каб Ён спагадаў душам нашым. Слава Табе, Хрысьце Божа, апосталаў хвала і радасьць мучанікаў, што прапаведавалі Тройцу адзінасутную.

Сьвятар (здымаючы вянец з жаніха, кажа): Будзь узьвялічаны, жаніху, як Абрагам, і блаславёны, як Ісак, і плодны, як Якуб; хадзі ў міры і выконвай у праведнасьці запаветы Божыя.

(Здымаючы вянец з нявесты, кажа): І ты, нявеста, будзь узьвялічаная, як Сара; і ўсьцешся, як Рэбэка, і будзь плодная, як Рахіль. Цешся з мужа свайго і захоўвай межы закону, бо так даспадобы Богу.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Божа, наш Божа, Ты прыйшоў у Кану Галілейскую і блаславіў там шлюб, блаславі і гэтых слугаў Тваіх, якія провідам Тваім злучыліся ў еднасьці шлюбу. Блаславі іхнія ўваходы і выхады, напоўні іхняе жыцьцё ўсялякім дабром, прымі вянцы іхнія ў Тваё валадарства і захавай іх незаплямленымі, беззаганнымі, і бездакорнымі на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Айцец, Сын, і Сьвяты Дух, усесьвятая, і адзінасутная, і жыцьцядайная Тройца, адзінае Боства і валадарства, хай блаславіць вас і дасьць вам даўгалецьце, дабрадзетнасьць, посьпех ў жыцьці і ў веры; і хай напоўніць вас усякім дабром, што ёсьць на зямлі і зробіць вас годнымі асалоды абяцаных дабротаў; малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Амін.

Дыякан: Мудрасьць.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа наш, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які сваім прыйсьцем ў Кану аб’явіў высокую годнасьць шлюбу, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, сьвятых богавенчаных і роўных апосталам валадароў Канстантына і Алены, сьвятога вялікамучаніка Пракопа і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст