Вячэрня
На "Госпадзе, Цебе клічу...": тры песьні сьвята;
пасьля:
(Тон 4). Праведны і нязлосны, шчыры і беззаганны ў
веры, ты, Ёве, ухіляўся ад усякай дрэннай рэчы; такім ты быў вядомы ўсім,
аздоблены дабрадзейнасьцямі, і зьзяючы набожнасьцю. Таму мы шануем цябе і
сьвяткуем сёньня тваю пачэсную памяць.
Багацьцем дабрадзейнасьцяў, быццам каралеўскай пурпураю, ты,
шматпакутны Ёве, упрыгожыўся, быццам Боскім вянцом, міласэрнасьцю і
справядлівасьцю; ты перамог страсьці, што апанавалі цябе; і да непрамінальнага
валадарства пераставіўся, каб быць разам з Уладаром праз усе вякі.
Мы ўсе пазналі Ёва, як непераможнага ў спакусах: маючы цела,
пакрытае ранамі, ён застаўся непарушным як стоўп, даючы ўсім прыклад мужнасьці і
скрышыўшы джала хітрых намераў д'ябальскіх. Дык усхвалім яго як умацаваньне
набожных, багамудрага і беззаганнага ўгодніка Гасподняга.
Слава... цяпер...: сьвята
Адпушчальны трапар
Трапар (тон 1).
Бачачы багацьце дабрадзейнасьцяў Ёва, вораг праведнасьці захацеў разграбіць іх,
але, разбурыўшы стоўп цялесны, скарбаў духа ўкрасьці ня змог: ён знайшоў там
моцна ўзброеную беззаганную душу, затое мяне голага паланіў. Дык выйдзі мне
насустрач, Збавіцелю, і ад спакусаў ворага выбаў мяне. |