Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 18 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятога Яўмена біскупа


 

 

18 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятога Яўмена біскупа

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

Сьвята (тон 4). Калі Ты, Уладару, быў узьнесены на Крыжы, Ты ўзьнёс з сабою заняпалую Адамаву прыроду. Дзеля гэтага, узносячы пачэсны Крыж Твой, Чалавекалюбча, просім паслаць нам сілу Тваю з вышыні і клічам: „Збаў, найвышэйшы і міласэрны Божа, тых, што шануюць пачэснае і сьветлае боскае ўзвышэньне Крыжа Твайго!“

Псалміст бачыў здалёк падножак, дзе стаялі чыстыя ногі Твае, Госпадзе; мы ж сёньня аддаем пашану пачэснаму Крыжу Твайму і, узносячы яго набожна, молім Цябе і клічам: „Найвышэйшы Божа, які ўсё Крыжом Тваім боскім асьвяціў, зрабі нас годнымі Тваёй невыказнай ласкі і міласэрнасьці“.

Быццам непераможнай зброі, неадольнаму шчыту і боскаму скіпетру, пакланяемся Крыжу Твайму чыстаму, Хрысьце, якім сьвет быў збаўлены і Адам радасьць атрымаў; і, спраўляючы ўспамін ягонага боскага ўзвышэньня, славім яго ў песьнях і просім ачышчэньня.

Сьвятога (тон 8). Ачысьціўшы душу і цела ад пажадлівасьці, ты, Яўмене, стаўся жыльлём Духа Сьвятога і, памазаны сьвятарскім алеем, ты быў выдатным заступнікам і суразмоўцам анёлаў, і славы Гасподняе спадкаемцам, і малельнікам за тых, што славяць цябе.

Слава твайго жыцьця, што зьзяла дабрадзейнасьцямі і сьветласьцю цудаў, разышлася па ўсіх кутках зямлі, блаславёны сьвятаначальніку; і ты, цудатворца слаўны, стаўся сьветачам беззаганным, грамадзянінам нябесным і спаўжыхаром сьвятых і анёлаў.

Асьвячэньне Крыту, Гартынскага першасьвятара, Царквы непахісную аснову, сьветач верных, сьвятаначальніка Яўмена, вялікага цудамі і слаўнага шматлікімі сіламі, які прасьвятліў сэрцы тых, што сядзелі ў змроку, звонкімі галасамі ўшануем.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстантыну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душаў нашых.

Вершапесьні

(Тон 2). Сёньня ўзвышаецца Крыж Хрыстовы, жыцьцядайнае дрэва, на якім Ён сам быў прыбіты, клічучы ўсіх да сябе.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Радуйся, верных боская ахова, неадольная сьцяна, Крыжу Гасподні, якім мы ўзьнесеныя былі ад зямлі.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Прыйдзіце ўсе, будзем цалаваць жыцьцядайнае дрэва, на якім распасьцёрся Хрыстос для збаўленьня ўсіх.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Майсей даў нам правобраз сілы Крыжа Твайго, Хрысьце, перамогшы ў пустыні ворага Амалека. Калі ён крыжом узьнімаў рукі свае, людзі мацнелі духам. Сёньня тое самае спаўняецца на нас: Крыж узвышаецца і дэманы ўцякаюць, і ўсё стварэньне вызваляецца ад тленнасьці, бо дзеля Крыжа ўсе ласкі пацяклі на нас. Дзеля гэтага з радасьцю падаем ніцма перад Табою і клічам: „Якія вялікія творы Твае Госпадзе. Слава Табе!“

Адпушчальныя трапары

Сьвятога (тон 7). Ты ўпрыгожыў пастом жыцьцё тваё, бедных палюбіў і раздаў ім усю маёмасьць тваю; у дабрадзейнасьцях зазьзяў, быццам сонца, пацяшаючы тых, што плачуць і разганяючы сум. Дык цяпер і нам выпрасі малітвамі тваімі – просім цябе, ойча Яўмене, – у Хрыста адпушчэньне грахоў.

Слава... цяпер...

Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст