Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Трубу з золата каваную, боганатхнёны арган багаслоўя, мора невычэрпнае догматаў, умацаваньне царкоўнае, розум нябесны, глыбіню мудрасьці, залатую чашу, з якой мёдам цякуць салодкія рэкі вучэньня і пояць усё стварэньне, у звонкіх песьнях усхвалім.
Зорку незаходную, што сваімі промнямі прасьвятляе ўвесь сьвет, прапаведніка пакаяньня, залатыя вусны, што асушаюць макрату роспачы і арашаюць сэрцы, сатлелыя ад грахоў, – Яна, дастойна званага залатаслоўным, ушануем.
Зямны анёл, нябесны чалавек, ластаўка дабраслоўная і шматгалосная, скарбніца дабрадзейнасьцяў, скала непарушная, прыклад верным, мучанікам падобны, спаўжыхар анёлаў сьвятых, роўны норавам з апосталамі, Ян Залатавусны хай будзе ўзьвялічаны ў песьнях.
(Тон 1). Яне Залатавусны, ты пераймаў Хрысьціцеля ва ўстрыманасьці, і Ільлю вялікага ў пастох і чысьціні. Роўны абоім у руплівасьці, ты сьмела казаў праўду цару, як сапраўдны пастыр Царквы Хрыстовае.
Баганатхнёныя словы вучэньняў тваіх, Ойча, абляцелі зямлю і прасьвятлілі ўвесь сьвет. Ты паказаў нам шлях да пакаяньня, і клопатам пра бедных даў прыклад спаўненьня Евангельля Хрыстовага.
Чыстае і лагоднае сьвятло душы тваёй, мудры ойча Яне Залатавусны, быццам сонечныя промні, зьзяе цнотамі, і ўсяму сьвету асьвятляе шлях да дабрадзейнасьцяў.
Слава...
(Тон 6). Праведны і блаславёны ойча сьвяты, пастыру добры і вучню Начальніка пастыраў Хрыста, што паклаў душу сваю за авечкі, усяхвальны Яне Залатавусны, прасі сёньня Госпада дараваць нам малітвамі тваімі веліч зьмілаваньня.
Цяпер...
Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве яго. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць мудрасьць чым золата і срэбра. Яна больш вартасная за каштоўныя камяні, усё, чаго б ты не жадаў, не зраўняецца з ёю. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць; закон і міласэрнасьць на языку ў яе.
Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля парогу варот маіх чувае. Бо хто мяне знайшоў, знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць, разважлівасьць блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я люблю тых, што мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважлівасьці і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы гавару, шчырасьць адчыняе вусны мае. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых, хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык – дрэва жыцьця, а крывадушны губіць душу. (10:7-8;3:13-16;8:6,34-35,4,12, 14, 17,5-9; 1:23; 15:4)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Вусны праведнага крынічаць мудрасьць, вусны мужоў мудрых ведаюць ласку. Вусны мудрых навучаюць мудрасьці, іхняя праведнасьць выбаўляе іх ад сьмерці. Калі праведны муж памірае, надзея ягоная не сканчваецца. Сын праведны родзіцца да жыцьця, і ў дабрыні сваёй зьбірае плады праведнасьці. Сьвятло для праведнага сьвеціць заўсёды, і ад Госпада атрымлівае ён ласку і славу. Язык мудрых добрае зьведае, у іхніх сэрцах спачыне мудрасьць. Любіць Госпад чыстых сэрцам, даспадобы Яму тыя, што ходзяць беззаганым шляхам. Мудрасьць Гасподняя прасьвятляе твар разумнага. Яна нават апярэджвае тых, што жадаюць пазнаць яе. Той, хто зранку шукае яе, не адчуе стомленасьці, і той, хто ня сьпіць дзеля яе, не зазнае суму. Яна сама абыходзіць і шукае годных яе, і ласкава зьяўляецца ім на шляху. Злосьць ніколі не пераможа мудрасьці. Дзеля гэтага я палюбіў і шукаў яе ад маладосьці маёй, і хацеў узяць яе сабе за нявесту. Уладар усіх палюбіў яе: яна – тайніца Божага розуму, і абранніца твораў Яго. Учынкі яе – дабрадзейнасьці: яна навучае чысьціні і розуму, справядлівасьці і мужнасьці, за якіх няма нічога больш патрэбнага ў жыцьці чалавека. Калі ж нехта хоча дасьведчыць большага, мудрасьць ведае мінулае і прадбачыць будучае; разумее тонкасьці словаў і дае развязкі загадкам; распазнае знакі і цуды, і наступствы часоў і гадоў. Яна – добры дарадчык для ўсіх, бо ў яе несьмяротнасьць, і асалода ў сяброўстве з ейнымі навучаньнямі. Дзеля гэтага я зьвярнуўся да Госпада, памаліўся Яму, і сказаў ад усяго сэрца майго: Божа айцоў і Госпадзе міласьці, Ты стварыў усё словам сваім, і мудрасьцю сваёю паставіў чалавека, каб ён панаваў над усімі істотамі, створанымі Табою, і кіраваў сьветам у сьвятасьці і справядлівасьці. Дай мне мудрасьць, што сядзіць побач з Табою на пасадзе Тваім, і не адлучы мяне ад дзяцей Тваіх, бо я слуга Твой, і сын слугі Тваёй. Пашлі мне яе (мудрасьць) з нябёсаў, ад сьвятога жыллья Твайго, ад пасаду славы Тваёй, каб яна была са мною і навучыла мяне ўсяго, што прыемна Табе. Хай яна кіруе маім розумам, і захоўвае мяне ў славе Тваёй. Бо намеры людзкія ўсе марныя, і думкі іхнія памылковыя. (Прып. 10; Мудр. 6,8,9)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні
(Тон 5). Радуйся, залаты баганатхнёнты арган Царквы, чалавекалюбны прапаведнік, які паказаў нам розныя прыклады пакаяньня; розум у золата апраўлены, ластаўка залатавусная; галубка, што зьзяе залатымі дабрадзейнасьцямі, струмень, з якога цякуць залатаносныя воды боскага вучэньня; вусны, якім даручана Боскае чалавекалюбства. Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці.
Радуйся, ойча сірот, пакрыўджаных хуткі памочнік, апякун бедных, карміцель галодных, настаўнік тых, што зграшылі, багапрыемны і пачэсны лекар душаў; пэўнае веданьне багаслоўя, выясьненьне пісаньняў духоўных, дзейны ахоўнік закону; вернае правіла паступаньня, мудрасьць высокая відзеньняў і дзеяньняў: Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць.
Радуйся, Залатавусны – кліча Царква, – бо ты зазьзяў на ўвесь сьвет дабрадзейнасьцямі і пэрлавымі словамі ясьней за промні сонечныя; больш мудры за мудрых, выдатны красамоўца, праўдзівых дагматаў абаронца, ілжы выкрывальнік, настаўнік пакаяньня; радуйся, ціхае мора розуму, што, быццам другі Павал вялікі, вуснамі і розумам пацёк за Хрыстом. Малі Яго даць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Слава...
(Тон 6). Труба залатагалосная, залатаслоўны Залатавусны, азалаці сэрцы верных залатацечнымі вучэньнямі тваімі: голас настаўленьняў тваіх, ойча сьвяты, па-прарочаму загучаў і прасьвятліў усе канцы зямлі.
Цяпер...
Багародзічны (тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёлам нязмоўкна ўсклікаем "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, заступніца, абарона і збаўленьне душаў нашых!
Адпушчальныя трапары.
Трапар сьвятога (тон 8). Ласка, што з вуснаў тваіх зазьзяла, быццам полымя, сусьвет асьвяціла, бескарысьлівасьці скарбы сьвету прыдбала, вышыню пакорлівасьці нам паказала. Ойча Яне Залатавусны, настаўніку наш, малі Слова Хрыста Бога збавіць душы нашыя.
Багародзічны (тон 8). Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.
|