Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 6). Усьведаміўшы, што дзеяньне – шлях да сузіраньня, а сузіраньне – канец і мэта Богу любага дзеяньня, ты, блаславёны, прасіў Хрыста паказаць табе невыказную славу Айца, бо таго жадае кожная разумная істота. Жаданьне тваё было споўненае, і ты пазнаў пячаць Айца ў Сыне. Малі Хрыста за збаўленьне душаў нашых. (Двойчы)
Як некалі Майсей, ты захацеў бачыць Бога, і ўбачыў Ягоны вобраз, што прыняў нашае падабенства. Айцец пазнаецца праз Сына, бо адзіная існасьць Сына і Айца, і тоеснасьць іх славіцца ўсімі, таксама валадарства і сіла, слава і пакланеньне. (Двойчы)
Ты быў арганам, поўным Боскага натхненьня і сказаньняў Духа Сьвятога, і абвяшчаў усім Збавіцелева евангельле вогненным языком сваім; ты спаліў усю спакусу, як сухую траву, годную толькі быць укінутаю ў агонь; а Ўладара і Госпада Хрыста, які пануе над усімі, ты, богавідча Піліпе, прапаведаваў на ўвесь сьвет. (Двойчы)
Слава...: (тон 6). Ты, Піліпе, загарэўся зьзяньнем ад вялікага Сьвятла і стаў сусьветным сьветачам. Жадаючы пазнаць Айца сьвятла, ты знайшоў Яго ў Сыне – Сьвятле ад Сьвятла, раўназначнай Пячаці раўнадастойнага Пачатку. Малі Яго, Апостале, каб тым, што атрымалі пячаць, збавіцца Боскай крывёю.
Цяпер...: (Дагматык, тон 6). Хто цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра
Пётра, апостал Ісуса Хрыста, прыхадням спасярод расьцярушаньня ў Понце Галятыі, Кападокіі, Асыі, і Бітыніі, згодна з прадведаньнем Бога Айца, выбраным згодна з тым, як прадбачыў Бог Айцец, каб ім быць асьвячанымі ў Духу, стацца паслухмянымі і акропленымі крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і супакой. Хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, праз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста, нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для вас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы ахоўваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму з прычыны розных выпрабаваньняў. (1:1-6)
Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра
Мілыя мае, Хрыстос пацярпеў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы ішлі па сьлядох Ягоных; Ён не зрабіў ніякага граху і ня было ў Ім подступу. Ён, зьневажаны, не зьневажаў узаемна; церпячы мукі, не пагражаў, але перадаў Таму, хто судзіць справядліва. Ён грахі нашы ў целе сваім панёс на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі мы аздароўленыя. Бо вы былі як заблудныя авечкі, але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ўладара душ вашых. Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жонак сваіх былі здабываныя, бачачы ваша чыстае, багабойнае жыцьцё. Няхай будзе аздобаю вашаю не вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці стройнасьць вопраткі, але нутро сэрца чалавека поўнае непарушнага супакою і лагоднага духа, што вельмі цэнна перад Богам. Гэтак аздаблялі сябе сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом. Гэтак і Сара пакаралася Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы – дзеці яе, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага страху. Таксама і вы, мужы, жывеце разумна, лічачыся са слабейшай жаночай істотаю, і шануючы жонак вашых, як сунасьледніц з вамі ласкі, гэта значыць жыцьця, каб не было вам перашкодаў у малітвах вашых. Нарэшце будзьце ўсе згоднымі, спачувальнымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ветлівымі. Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу; наадварот: бласлаўляйце, ведаючы, што вы на тое пакліканыя, каб унасьледваць блаславеньне. (2:21-3:9)
Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра
Мілыя мае, калі Хрыстос цярпеў за нас цялесна, то і вы ўзбройцеся той жа думкаю, што той, хто церпіць мукі ў целе, перастае грашыць, каб рэшту часу ў целе пражыць ужо не паводле людзкога пажаданьня, але згодна з Божай воляю. Бо даволі ўжо, што вы раней паводзілі сябе паводле волі паганаў, прабываючы ў нячыстасьці, пажаданьнях, у злоўжываньні віна, абжорстве, п'янстве і нягодным служэньні ідалам. Затым яны і дзівяцца, што не плывеце разам з імі па той рацэ распусты, і абмаўляюць вас. Яны здадуць справу Таму, хто хутка будзе судзіць жывых і памёрлых. Бо на тое і для мёртвых была абвешчаная добрая вестка, каб яны, падуладныя суду як людзі ў целе, жылі ў Духу. Дый усяму блізкі канец. Дык будзьце мудрымі і цьвярозымі, каб магчы трываць у малітве. Найбольш за ўсё майце шчырую любоў адзін да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў. Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў. Як добрыя распарадчыкі разнароднае ласкі Божае, служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў. Калі хто мае дар мовы, хай гаворыць словы быццам Божыя; калі хто паслугоўвае, хай служыць у моцы, якую дае Бог, каб ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, якому слава і сіла на вякі вякоў. Амін. (4:1-11)
Вершапесьні
(Тон 1). Голас нябесных вяшчяньняў тваіх, блаславёны, разышоўся па ўсёй зямлі і напоўніў яе вучэньнем, дзякуючы якому мы вызнаем і славім Сына як адзінасутнага з Айцом і Духам.
Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.
Як сьветланоснага апостала Хрыстовага і пачэсны сьветач Царквы, мы сёньня шануем цябе, Піліпе блаславёны, прасьвятляючыся душою і выбаўляючыся ад бедаў малітвамі тваімі, усяхвальны.
Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Ты, пачэсны Піліпе, скончыў твой подзьвіг крыжом мучаніцтва і атрымаў вянец перамогі. Увайшоўшы ў нябеснае валадарства, цяпер прабываеш разам з Хрыстом і молішся за нашае збаўленьне.
Слава...: (тон 2). З вуснаў тваіх, мудры апостале Піліпе, быццам з чашы духмянай пацякло для верных жыцьцядайнае пітво. Жадаючы дзейна ўзьняцца да богасузіраньня, ты пайшоў за Хрыстом і стаўся Ягоным прапаведнікам. Бясплодную і бязьдзетную паганскую ніву ты засеяў зернем навукі Хрыстовае і зрабіў пладавітаю. Маліся цяпер, каб нам выбавіцца ад бедаў і напасьцяў, бо ты можаш шмат, прабываючы разам з Богам.
Цяпер...: (тон 2). Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся Той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.
Адпушчальныя трапары
Трапар (тон 3). Сьвет упрыгожваецца, Этыёпія, прасьветленая табою, богапрапаведніку Піліпе, радасна зьзяе і сьвяткуе памяць тваю. Ты ўсіх навучыў верыць у Хрыста і закончыў жыцьцёвы шлях у спосаб, годны Евангельля. Дзякуючы табе этыёпская рука сьмела працягваецца да Бога. Малі Яго, каб Ён дараваў нам багацьце зьмілаваньня.
Багародзічны (тон 3). Цябе, хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і, як Чалавекалюбец, ад тленнасьці выбавіў нас.
|