На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). "Ідзіце і гляньце на Ісуса Мэсію, пра
якога Майсей пісаў, і якому трэба згодна з законам прыйсьці: вось Ён у вялікай
добрасардэчнасьці зьявіўся на зямлі і са мной ля студні як чалавек размаўляў;
сапраўды Ён – Хрыстос, які прыйшоў на сьвет", – Самаранка казала жыхарам Сыхару.
Жыхары гораду напіліся, быццам салодкай вады, словаў, што
цяклі з вуснаў жанчыны, і пайшлі хутка да студні, з якой цякла шчодра вада, каб
бачыць Крыніцу вечную, што асьвяжае змарнелыя душы.
Убачыўшы Крыніцу ў вобразе чалавека, жыхары гораду сказалі
жанчыне: "Цяпер ужо верым не дзякуючы словам Тваім. Мы самі пазналі, што Ён –
Збаўленьне і Вызваленьне вечнае сьвету".
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Каля студні Якуба сустракае Ісус
самаранку, і Той, які хмарамі спавівае зямлю, просіць у яе вады. Што за цуд!
Той, каго носяць хэрувімы, размаўляе з блудніцай; просіць вады Той, хто над
водамі зямлю павесіў; вады шукае Той, хто напаўняе вадою крыніцы і азёры. Ён
жадае прыцягнуць да сябе зьняволеную ненавісным ворагам і напаіць жывою вадою
тую, якая мучылася грэшнай гарачкаю, як адзіны добрасардэчны і Чалавекалюбны.
Вершапесьні
(Тон 4). Маючы заўжды на дапамогу крыж
Твой, Хрысьце, мы лёгка нішчым варожыя сеці.
Верш. Я ўзьнёс вочы мае...
Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж, прадзедаў праклён адмяніў і,
зышоўшы да пекла, вечных вязьняў вызваліў і дараваў несьмяротнасьць людзкому
роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і збавеннае ўваскрасеньне Тваё.
Верш. Зьмілуйся над намі...
Адухоўленыя ахвяры, цэлапаленьні духоўныя, мучанікі
Гасподнія, дасканалыя Божыя ахвярапрынашэньні, Богу ведамыя авечкі, што Бога
знаюць і загарадзь якіх недаступная ваўкам: маліцеся, каб нам разам з вамі на
ціхіх водах знайсьці супакаеньне.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Госпад кажа самаранцы: "Калі б ты ведала,
што такое дар Божы і хто той, што просіць у цябе напіцца вады, ты б сама прасіла
ў яго і ён даў бы табе піць, каб ты не мела смагі давеку".
Трапары адпушчальныя
Трапар сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар нядзельны (тон 4).
Сьветлую весьць аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад
анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць
пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". |