Ютрань
Пачатак звычайнай нядзельнай ютрані належнага тону. Евангелье
чарговае ўваскроснае. Пасьля Пс 50 замест "Малітвамі апосталаў..." сьпяваецца
"Пакаяньня дзьверы..."
Канон уваскросны належнага тону, таксама нядзелі мытніка
і фарысэя (Песьня 9). Катавасія: "Адчыню вусны мае..." ( катавасія Стрэчаньня
перад 10 лютага)
Пасьля трэцяй песьні:
Сядальная песьня (тон 4).
Пакора ўзвысіла мытніка, які, у жаху ад сваіх нягодных учынкаў,
усклікнуў да Творцы: "Ачысьці мяне!" А самаўпэўненасьць прывяла да ўпадку
шматмоўнага фарысэя. Дык будзем пераймаць добрыя прыклады і пазьбягаць дрэнных.
Слава...: Пакора некалі ўзвысіла мытніка, які быў
апраўданы, калі з плачам усклікнуў "Ачысьці мяне!" Дык і мы, што ўпалі ў бездань
грахоў, будзем браць прыклад з яго. Усклікнем да Збавіцеля з глыбіні сэрца:
"Зграшылі мы, але Ты ачысьці нас, Адзіны чалавекалюбны!"
Цяпер...: Усебеззаганная ўсячыстая Ўладарка, пачуй хутка
нашыя малітвы і занясі іх да Сына Твайго і Бога, выбаві ад бедаў тых, што
прыбягаюць да Цябе, адхілі подступы і скрышы дзёрзкасьць ворагаў, што нападаюць
на слугаў Тваіх.
Пасьля шостай песьні:
Кандак (тон 4). Сьцеражэмся ганарлівай
пахвальбы фарысэя і навучымся ад мытніка вышыні словаў пакорлівых; усклікнем у
каяньні: "Збавіцелю сьвету, будзь спагадлівы да слугаў Тваіх!"
Іншы кандак (тон 3).
Як мытнік, прынясем уздыханьні Госпаду і, грэшныя, прыступімся да Яго як
да Ўладара: Ён – Бог, спрадвечны з Айцом, – прыняў цела дзеля нас, каб збавіць
людзей і даць адпушчэньне ўсім, хто каецца.
Ікас. Упакорым сябе, браты, уздыханьнямі і плачам
парушым наша сумленьне, каб нам явіцца вернымі і бязьвіннымі на вечным судзе і
атрымаць адпушчэньне. Там, у дзівосным Эдэме, Творца якога – Хрыстос, Бог
спрадвечны з Айцом, ня будзе ні болю, ні суму, ні ўздыханьняў, але сапраўдны
жаданы супакой.
Канон мытніка і фарысэя
Песьня 9 (тон 6). Ірмас.
Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анёльскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы
Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага
разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.
Прысьпеў. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Прымем збавенную навуку Хрыстовую, што пакора – шлях да
ўзвышэньня; адкінуўшы пустую пыхлівасьць, будзем пераймаць мытніка і з пакорным
сэрцам маліцца Богу.
Адкікнем душэўную гордасьць і навучымся праведнасьці і
пакоры, ня будзем старацца апраўдаць сябе, узьненавідзім пустое самахвальства, і
разам з мытнікам будзем маліць Бога.
Пазьбягайма фарысэйскіх пахвалак, якімі ён асуджаў бліжняга,
але, як мытнік, прынясем Творцу малітвы аб міласьці, каб нам атрымаць ад Бога
зьмілаваньне і прасьвятленьне.
Абцяжаны мноствам правінаў, я пераўзышоў мытніка ў благіх
учынках і зрабіў сваім фарысэева пустое самахвальства, і таму няма ўва мне
нічога добрага. Але Ты, Госпадзе, пашкадуй мяне.
Удастой, Спасе, Твайго блаславенства тых, што дзеля Цябе
сталіся ўбогімі духам. Верныя Тваім загадам, прыносім Табе дух скрушлівы. Ты ж,
прымі і збаў усіх, што пакланяюцца Табе.
Слава...: Мытнік увайшоў у сьвятыню, памаліўся Богу і быў
апраўданы; ён маліўся з уздыханьнямі, сьлязьмі і скрушлівым сэрцам і, атрымаўшы
адпушчэньне, адкінуў цяжкае бярэмя грахоў.
Цяпер...: Дай нам, якія шануем Цябе, Усячыстая, і
ўзьвялічваем сынараджэньне Тваё, славіць у песьнях і бласлаўляць Цябе, Адзіная
Блаславёная: Ты – пахвала хрысьціянаў і добрапрыемная заступніца перад Богам.
Экзапастыляр чарговы ўваскросны, тады:
Слава...: Уцякайма ад благога самахвальства фарысэя, і
навучымся дасканалай пакоры ад мытніка, каб нам узвысіцца разам з ім да Бога.
Усклікнем: "Ачысьці слугаў Тваіх, Хрысьце Божа, што нарадзіўся ад Дзевы, з
уласнай волі пацярпеў крыж і ўзьняў з Сабою сьвет сілаю сваёю".
Цяпер...: Творца ўсяго і Бог, усяхвальная Багародзіца, з
Твайго бязьвіннага ўлоньня прыняў цела, стаўся чалавекам і поўнасьцю абнавіў
нашую сатлелую прыроду, зьбярогшы Цябе пасьля родаў такою, якою Ты была раней.
Дзеля гэтага мы з вераю хвалім Цябе і клічам: "Радуйся, Слава сьвету!"
Пахвальныя псалмы
Чатыры сьціхіры нядзельныя належнага тону, і наступныя:
(Тон 1). Ня будзем, браты, маліцца па-фарысэйску,
бо той, хто сябе ўзвышае, будзе ўпакораны. Лепш упакорымся перад Богам і,
посьцячы, усклікнем разам з мытнікам: "Божа, ачысьці нас, грэшных!"
Фарысэй, апанаваны пыхаю, і мытнік, прыгнечаны пакаяньнем,
прыйшлі да Цябе, адзінага Ўладара. Першы з іх пахваліўся і быў пазбаўлены
дабротаў; другі нічога не казаў і ўдастоіўся ласкаў. У чалавекалюбстве Тваім,
Хрысьце Божа, умацуй ува мне жаль за грахі.
Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца
рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
(Тон 3). Зразумей, душа мая, розьніцу між мытнікам
і фарысэем: узьненавідзь пыхлівую гордасьць аднаго, і пераймай мілую Богу
малітву другога. Усклікні: "Божа, ачысьці мяне, грэшнага, і зьмілуйся нада
мною!"
Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім,
апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Узьненавідзім, верныя, самахвальства фарысэя, і пераймайма
пакорную малітву мытніка, упакорым сябе і ў каяньні ўсклікнем: "Божа, ачысьці
нас ад нашых грахоў!"
Слава...: (тон 8).
Ты, Госпадзе, асудзіў фарысэя, які апраўдваўся, хвалячыся сваімі ўчынкамі, і
апраўдаў мытніка, які ўпакорыўся і са стогнамі прасіў ачышчэньня; бо Ты не
зважаеш на гордыя мудраваньні, і не пагарджаеш скрушлівымі сэрцамі. Таму і мы ў
скрусе прыходзім да Цябе, які пацярпеў за нас, і просім даць нам адпушчэньне і
веліч зьмілаваньня.
Цяпер...: Найблаславёная Ты...
|