Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Субота задушная


 

 

Субота задушная

Вячэрня

На "Госпадзе, Цябе клічу...": тры песьні мучанічныя належнага тону і тры наступныя памёрлым:

(Тон 8). Успамінаючы, верныя, сёньня пайменна ўсіх, што пажыўшы ў веры набожна, адвеку спачылі, усхвалім Збавіцеля і Госпада, шчыра просячы, каб яны маглі даць добры адказ Самому Богу нашаму, калі Ён прыйдзе судзіць усю зямлю; каб у радасьці ім стаць па правай руце Яго сярод праведных у сьветлым хоры сьвятых; і каб быць годнымі Ягонага небеснага валадарства

Сваёй крывёю Ты, Збавіцелю, выкупіў людзей; сьмерцю Тваёю Ты вызваліў нас ад горкай сьмерці, і ўваскрасеньнем Тваім даў нам жыцьцё вечнае. Супакой, Госпадзе, усіх, што набожна спачылі ў пустынях і ў местах, на моры і на зямлі, і на кожным месцы – уладароў, біскупаў і сьвятароў, манахаў і ўсіх людзей у кожным веку і родзе, і зрабі іх годнымі нябеснага валадарства Твайго.

Дзякуючы Твайму, Хрысьце, уваскрасеньню з мёртвых, сьмерць ужо не пануе над тымі, што набожна памерлі. Дзеля гэтага молімся шчыра: супакой у сялібах сьвятых, ва ўлоньні Абрагама, слугаў Тваіх – пачаўшы ад Адама да сёньняшняга дня – айцоў і братоў нашых, родных і прыяцеляў, і ўсіх тых, што ў жыцьці верна служылі Табе, і да Цябе пераставіліся ўсялякім спосабам, і зрабі іх годнымі, Божа, валадарства Твайго.

Слава...: (тон 8). Плачу наўзрыд, калі размышляю аб сьмерці і бачу створаную на падабенства Божае нашую красу, што ляжыць у магіле – непрыглядную, бясслаўную, без ніякага выразу. Што гэта за цуд, што за тайна? Як гэта мы былі аддадзеныя тленнасьці, сталіся сьмерці падуладнымі? Сталася гэта, як напісана, на загад Бога, які памёрлым дае супакой.

Цяпер...: дагматык належнага тону.


Замест пракімена, “Алілуя” з наступнымі вершамі:

Верш. Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.

Верш. Памяць іх жыць будзе з пакаленьня ў пакаленьне.

Верш. Душы іх у шчасьці жыць будуць


Вершапесьні належнага тону

Слава...: (тон 6). Пачаткам і асноваю стаўся нам Твой творчы загад. Захацеўшы скласьці чалавека з бачнай і нябачнай частак, Ты стварыў наша цела з зямлі, і душу ўдыхнуў Тваім Боскім і жыцьцядайным подыхам. Дзеля гэтага, Хрысьце, супакой у краіне жывых, у сялібах праведных, слугаў Тваіх.

Цяпер...: (тон 6). Малітвамі Маці Тваёй, Хрысьце, Прадвесьніка Твайго, прарокаў і апосталаў, сьвятаначальнікаў і мучанікаў, сьвятых айцоў і праведных, і ўсіх сьвятых, супакой памёрлых слуг Тваіх.


Адпушчальныя трапары

(Тон 8). Адзіны Творча і Госпадзе, што глыбінёю мудрасьці Тваёй уладаеш усім і чалавекалюбна даеш карыснае кожнаму з нас, супакой душы заснуўшых слуг Тваіх, бо яны ўсклалі ўсю надзею на Цябе, Творцу і Ўладара, і Бога нашага.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Ты – наша сьцяна і прытулак, і спагадлівая заступніца перад Богам, якога нарадзіла Ты, Багародзіца ўсячыстая, верных збаўленьне.


Пасьля трапароў літанія за памёрлых:

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). І так пасьля кожнага выгаласу

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душаў заснуўшых слугаў Божых..., і каб ім былі дараваныя іхнія правіны вольныя і міжвольныя.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душы іх, дзе праведнікі спачываюць.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў іх у Хрыста, несьмяротнага Ўладара і Бога нашага просім.

Людзі: Дай ім, Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душы заснуўшых слуг Тваіх... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю, імі) словам, учынкам і думкаю, Ты, як добры і Чалавекалюбны Бог, прабач ім. Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас): Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснуўшых слуг Тваіх..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст