Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Субота задушная


 

 

Субота задушная

Ютрань

Канон (тон 8)

Песьня 1. Ірмас. Запяем, людзі, песьню цудоўнаму Богу нашаму, бо Ён вызваліў з няволі Ізраіля, які на ўвесь голас запяяў пераможную песьню: "Пяём Табе, адзінаму Ўладару".

Сёньня чынім памяць усіх, што памерлі ў надзеі жыцьця вечнага, і молімся Хрысту, каб Ён вызваліў іх ад нязгаснага агню.

Глыбінёю судоў Тваіх, Хрысьце, Ты ўсямудра прадзначыў канец жыцьця кожнаму, ягоны час і спосаб. На судзе Тваім збаў усіх, каго пакрыла магіла ва ўсякай краіне.

Ты ўстанавіў межы жыцьця нашага, дык, калі мы прачнемся ад ночы жыцьця, зрабі ўсіх нас – уладароў, сьвятароў і ўсіх людзей Тваіх, – сынамі незаходнага дня.

Слава...: Пяю хвалу тром дасканалым Асобам у адной існасьці: Айцу ненароджанаму, народжанаму Сыну, і Духу Сьвятому – беспачатнай Уладзе і Дзяржаве, адзінаму Боству.

Цяпер...: Сапраўды Ты, Дзева, што мужа ня знала, явілася небам на зямлі, вышэйшай за нябёсы, бо з Цябе зазьзяла на ўвесь сьвет Сонца, Уладар справядлівасьці.


Песьня 2. Ірмас. Глядзіце, глядзіце, Я – Бог ваш, што перад вякамі нарадзіўся ад Айца, а ў апошні час быў зачаты ад Дзевы бяз мужа і, як чалавекалюбны, зьнішчыў грэх праайца Адама.

Глядзіце, глядзіце, Я – Бог ваш, што праведным судом сваім устанавіў межы жыцьця, і перавёў ад тленнасьці да нятленнасьці ўсіх, што заснулі ў надзеі ўваскрасеньня.

Ад усіх куткоў зямлі прымі, Госпадзе, усіх, што ў веры заснулі на зямлі, на моры, у рэках, у горах і ў розных абставінах, і дай ім супакой.

Ты ўсё трымаеш у далоні сваёй, Госпадзе, і ўжо выдаў суд тым, што распаліся на чатыры стыхіі: у дзень Твайго прыйсьця ўзьнімі іх, і ўсё, што яны зграшылі сьведама і нясьведама, прабач ім.

Слава...: Уседасканалая Боская Еднасьць у трох асобах, – Айцец ненароджаны, Сын адзінародны і Дух, што зыходзіць ад Айца і ў Сыне яўляецца, – адзіная існасьць і сутнасьць, збаў усіх нас.

Цяпер...: Невыказнае Тваё зачацьце, Дзева Маці: як гэта Ты нарадзіла і засталася дзеваю? Як нарадзіла Сына, ня ведаючы мужа? Бог-Слова быў Той, хто надпрыродна нарадзіўся ад Цябе.


Песьня 3. Ірмас. Ты, Слова Божае, рукою сваёю ўмацоўваеш нябёсы: умацуй сьветлом пазнаньня Твайго сэрцы нас, якія спадзяемся на Цябе.

Дай, Божа, тым, што прайшлі шлях жыцьця захавалі веру, атрымаць вянец праведнасьці і вечнае шчасьце.

Дай, Хрысьце, тым, што, кіраваныя праўдзіваю вераю, пераплылі бурнае жыцьцёвае мора, даплыць да Твайго ціхага прыстанішча нятленнага жыцьця.

Слава...: У думках спасьцігаю тры асобы ў прастаце неразьдзельнай Боскай еднасьці, быццам патройнае зьзяньне маланкі.

Цяпер...: Неспасьціглы розуму Твой цуд, Чыстая: родзіш бяз мужа і пасьля родаў захоўваеш дзявоцтва. Дзеля гэтага хоры анёлаў і род людзкі славяць Цябе на ўсе вякі.


Сядальная песьня (тон 5). Збавіцелю наш, што дзеля нас пацярпеў Крыж і сьмерць, умярцьвіў пекла і мёртвых узьняў, як чалавекалюбны Бог дай супакой тым, што адышлі ад нас, а ў час Твайго страшнага прыйсьця, Жыцьцядаўца ўсеміласэрны, зрабі іх годнымі Твайго валадарства.

Слава...: тое самае.

Цяпер...: Багародзіца чыстая, пакрый слугаў Тваіх покрывам Тваім, акажы ім дапамогу і міласьць, суцішы хваляваньні марных думак, і заняпалую душу маю ўзьнімі. Ведаю, што Ты, Дзева, можаш усё, што хочаш.


Песьня 4. Ірмас. Прарок багавідна прадбачыў, як Ты, Слова, меў прыйсьці ад гары ацененай – прыняць цела ад адзінае Багародзіцы, – і ў страху ўславіў сілу Тваю.

Айцоў, праайцоў, дзядоў і прадзедаў, і ўсіх ад пачатку сьвету да нашых дзён памёрлых у праўдзівай веры і сьвятасьці жыцьця, успомні, Збавіцелю наш.

Усіх верных, што былі ўзятыя раптоўна і нечакана ад гэтага жыцьця, сярод суму і радасьці, у дастаках і бедах – усіх іх супакой, Збавіцелю наш.

Слава...: Дзіва як гэта Бог ёсьць Адзін і Тры, Боства непадзельнае і поўнасьцю прысутнае ў кожнай Асобе! Пакланяемся Айцу, Сыну і Духу Сьвятому – Богу адзінаму.

Цяпер...: Малітвамі Тваімі, Дзева і Маці Госпада, накіруй нас, ахопленых бураю граху, да збавеннага прыстанішча і ратуй нас ад усяго злога.


Песьня 5. Ірмас. Зранку імкнецца дух мой да Цябе, Божа, бо запаветы Твае зьзяюць сьвятлом перад прыйсьцем Тваім: прасьвятлі імі розум наш, Уладару, і накірый на шлях жыцьця.

Сёньня, Госпадзе, спраўляем памяць усіх, што спрадвеку памерлі ў праўдзівай веры, і горача клічам: Дай усім ім супакой разам са сьвятымі Тваімі.

Ты, Госпадзе, ведаеш, што карыснае для тых, каго Ты стварыў, дык выбаві, Божа наш, тых, каму Ты дапусьціў памерці раптоўна і нечакана.

Слава...: Адзінапасадная, беспачатная, патройная Еднасьць, адінства прыроды ў трох асобах, злучы нас у адно ў жаданьні Тваіх запаветаў.

Цяпер...: Ты, Чыстая, явілася больш пачэснай за вогненных сэрафімаў, бо Ты нарадзіла недаступнага для іх Ісуса Спаса, які, прыняўшы цела ад Цябе, абагавіў прыроду народжаных на зямлі.


Песьня 6. Ірмас. Апанаваны шматлікімі грахамі, прыбягаю, як некалі прарок, да Тваёй дабрыні: прымі мяне, чалавекалюбны Госпадзе, і збаў мяне.

Жыцьцядаўча Божа наш, што цярпеньнямі сваімі адмяніў боль сьмерці, слугаў Тваіх, што адвеку заснулі, супакой.

Будзь міласьцівы, Госпадзе, для ўсіх верных ад усякага роду, якіх Ты прыняў, і зрабі іх годнымі давеку разам са слугамі Тваімі славіць Цябе.

Слава...: Тройчы сьвятое і аднапасаднае Боства, Айцец, Сын і Дух Сьвяты: Ты – Бог мой, які сілаю сваёю ўтрымліваеш усё.

Цяпер...: Цешся прабацька Ессе, бо з кораня твайго, ад Чыстае Дзевы, заквітнела кветка жыцьця, Хрыстос-Бог.


Кандак (тон 8). Са сьвятымі супакой, Хрысьце, душы слуг Тваіх, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, але жыцьцё бясконцае.

Ікас. Ты сам адзін несьмяротны...


Песьня 7. Ірмас. Ты, што спачатку зямлю заснаваў і словам сваім нябёсы ўмацаваў, блаславёны Ты давеку, Госпадзе Божа айцоў нашых.

Спраўляем памяць усіх, што адвеку ў праўдзівай веры памерлі, і клічам: Блаславёны Ты давеку, Госпадзе Божа айцоў нашых.

У страшнае Тваё другое прыйсьце, Добры Хрысьце, паставі па правай руце авечак Тваіх, якія ў праўдзівай веры ў гэтым жыцьці верна служылі Табе і да Цябе адышлі.

Залічы, Хрысьце, слугаў Тваіх да ліку абраных Тваіх, каб ім клікаць: Блаславёны Ты давеку, Госпадзе Божа айцоў нашых.

Слава...: Уславім Бога, адзінага прыродаю ў трох асобах – Айца, Сына, і Сьвятога Духа, – быццам патройнае сонца, што зьзяе адзіным сьвятлом.

Цяпер...: Разам з Давідам славім Цябе Дзева, і называем Цябе Гарою Божаю, у якой пасялілася ў целе Слова і абагавіла нас духоўна ў сабе.


Песьня 8. Ірмас. Госпада, які явіў хвалу сваю на сьвятой гары і паказаў Майсею ў вогненным кусьце тайніцу Заўсёды Дзевы, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.

Госпадзе славы, што перш скрышыў цень сьмерці і з магілы зазьзяў, быццам сонца, зрабі ўсіх, што памерлі ў веры, сынамі ўваскрасеньня Твайго давеку.

Калі сядзеш на пасадзе і загадаеш стаць на суд усім, сабраным з усіх куткоў зямлі, тады пашкадуй усіх, Хрысьце, у міласэрнасьці Тваёй.

Славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Бога.

Узьвялічваю ў песьнях Цябе, Бога, адзінага прыродаю, патройнага асобамі, Айца, і Сына, і Духа ўсесьвятога, і слаўлю беспачатную моц валадарства Твайго давеку.

Цяпер...: Ты, Багародзіца Дзева, явілася запячатанай Крыніцаю жывога струменя: нарадзіўшы бяз мужа, Ты поіш верных вадой несьмяротнасьці давеку.

Хвалім, бласлаўляем Госпада і пакланяемся Яму.

Катавасія.


Песьня 9. Ірмас. Нараджэньне ад Дзевы, яўленае некалі заканадаўцу (Майсею) ў выглядзе вогненнага куста, дзеля нашага збаўленьня, нязмоўкнымі песьнямі ўзьвялічым.

Дай, Госпадзе, усім, што ад веку памерлі ў веры і надзеі, цешыцца ў жыльлі, дзе сьвятыя ў радасьці прабываюць.

Дай, Слова, усім пайменна, што ад веку памерлі ад кожнага роду, стаць неасудна перад Табою ў дзень Твайго прыйсьця.

Слава...: Адзіны ў Тройцы Божа, Табе належыцца няспынная хвала. Айцец, Сын і Дух Сьвяты – адзін Бог прыродаю, хоць кожны мае поўню Боства ў нязьлітнай сьветласьці асобаў.

Цяпер...: Вышэй за розум сынараджэньне Тваё, Беззаганная: бо невыказна родзіш Спрадвечнага, малаком корміш Таго, хто корміць сьвет, і на руках трымаеш Хрыста, адзінага нашага Збаўцу, які трымае ўсё.


Экзапастыляр

Ты, што валодаеш жывымі і мёртвымі, супакой слугаў Тваіх у сяленьнях абраных, бо хоць яны і зграшылі, але не адракліся ад Цябе.

Слава...: Супакой, Госпадзе, слугаў Тваіх у краіне жывых, дзе няма ні болю, ні суму ні ўздыханьняў; ачысьці ў чалавекалюбстве Тваім тых, што ў жыцьці зграшылі, бо Ты адзіны бязгрэшны і міласэрны – Уладар жывых і мёртвых.

Цяпер...: Марыя, Нявеста Божая! З боганатхнёнымі прарокамі, хорамі мучанікаў, іерархаў, блаславёных і праведнікаў, малі няспынна Хрыста за нас, слугаў Тваіх, каб нам быць спадкаемцамі нябеснага валадарства.


Пахвальныя псалмы

(Тон 8). Прыйдзіце, браты, перад канцом глянем на пыл, на немач і ўбоства нашай прыроды. Глянем на наш канец, на органы посуду нашага цела, і пераканаемся, што чалавек – пыл, тленнасьць і страва для чэрвяў: косьці ягоныя сохнуць, і няма ў ім подыху жыцьця. Увойдзем у магілы: дзе падзелася слава, дзе вонаквая краса? Дзе красамоўны язык, дзе бровы і вочы? Усё – пыл і цень, які мінае. Дык пашкадуй нас, Госпадзе.

Чаму чалавек ашуквае сябе, хвалячыся? Чаму марна турбуецца? Ён – пыл, і ў пыл хутка вернецца. Чаму не размышляе пра пыл і гліну, і што ён адданы на гніцьцё і тленнасьць. Калі мы, людзі, з гліны, дык чаму так трымаемся зямлі? Калі ж мы – радня Хрысту, дык чаму не сьпяшаемся да Яго і, адкінуўшы гэтае прамінальнае і даснае жыцьцё, не імкнемся да жыцьця нятленнага, якім ёсьць сам Хрыстос, прасьвятленьне душаў нашых.

Ты, Спасе, стварыў Адама рукою Тваёю і паставіў яго на мяжы нятленнасьці і сьмяротнасьці. Праз ласку Ты зрабіў яго ўдзельнікам жыцьця, вольным ад тленнасьці, і вярнуў да пешршаснага стану. Цяпер, Уладару, слугаў Тваіх, якіх Ты забраў ад нас, супакой разам з праведнымі, з хорамі абраных Тваіх; запішы іхнія імёны ў кнізе жыцьця, узьнімі іх на голас арханёла і гук трубы, і зрабі іх годнымі валадарства Твайго.

Хрыстос уваскрос, разьвязаў путы Адама першастворанага і зьнішчыў сілу пекла. Дык сьмела, усе мёртвыя: сьмерць умярцьвлёная, пекла палоненае разам з ёю, і Хрыстос, які быў укрыжаваны і ўваскрос, пануе. Ён дараваў нам нятленнасьць, Ён узьнімае нас і дае ўваскрасеньне, і робіць годнымі Ягонай славы і радасьці ўсіх, што шчыра і непахісна ўверылі ў Яго.

Слава...: (тон 2). Кожны чалавек вяне як кветка, прамінае і прападае як цень. Калі ж заграе труба, усе мёртвыя ўстануць як ад землятрусу і выйдуць насустрач Табе, Хрысьце Божа. Тады, Уладару, дай усім слугам Тваім, якіх Ты забраў ад нас, каб яны маглі жыць вечна ў сяленьнях сьвятых Тваіх.

Цяпер...: Радуйся, Багародзіца Марыя, хорам непахісны і сьвяты, як кажа прарок: "Хорам Твой сьвяты, дзівосны ў справядлівасьці".


Вершапесьні

Мёртвым з актойха належнага тону.

(Тон 5). У дабрыні Тваёй прасьвятлі, Хрысьце, зьзяннем Твару Твайго памерлых. Пасялі іх у месцы пажыўным, ля водаў Твайго чыстага і блаславёнага супакою, ва ўлоньні прабацькі Абрагама, дзе зьзяе сьвятло Тваё і цякуць крыніцы ласкі, дзе сьвяткуюць хоры праведнікаў і цешацца з Твае дабрыні. Разам з імі супакой слугаў Тваіх і дай ім веліч зьмілаваньня.

Слава...: (тон 6). Пакаштаваўшы плоду ў раі, Адам заняпаў, бо быў атручаны зьмяіным ядам. Такім чынам сьмерць увайшла, паядаючы ўвесь род людзкі. Але Ўладар прыйшоўшы, перамог зьмея і даў нам супакой. Дык усклікнем Яму на ўвесь голас: "Пашкадуй, Збаўца, тых, каго Ты ўзяў ад нас, і дай ім супакой з абранымі Тваімі!"

Цяпер...: Ты, Хрысьце – Бог наш, які ўсё мудра стварыў і ўладкаваў: пасылаў прарокаў прадказацьТваё прыйсьце; і апосталаў, якія прапаведавалі веліч Тваю. Адны прадказалі прыйсьце Тваё, другія хрышчэньнем прасьвятлілі народы, а мучанікі ў пакутах атрымалі жаданае. Усе яны разам з Маці Тваёю моляць Цябе: "Супакой, Божа, душы тых, каго Ты забраў да сябе!" І мяне, Збавіцелю мой, які за мяне пацярпеў, зрабі годным валадарства Твайго.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст