НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ
Пасьля "Госпад - Бог...":
Трапар уваскросны. Калі Ты зышоў да сьмерці... (Калі няма трапара сьвятому, тады двойчы).
Далей як у канцы вячэрні.
Сядальныя песьні 1. Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай паклаў. Але Ты, Госпадзе, уваскрос на трэці дзень, даючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.
Верш. Устань, Госпадзе, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".
Слава... цяпер...
Ты годная ўсякай пахвалы, Багародзіца Дзева, мы славім Цябе; крыжом Сына Твайго пекла зруйнаванае было, сьмерць умярцьвлёная, мы, памёрлыя, усталі і жыцьця ўдастоіліся, рай атрымалі – даўнюю асалоду. Дзеля гэтага, дзякуючы, славім Яго, як усяўладнага Хрыста Бога нашага і адзінага міласэрнага.
Сядальныя песьні 2. Даўшы паставіць пячаці на магільным камені, Ты даў нам камень веры ва ўваскрасеньні Тваім. Госпадзе, слава Табе.
Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Хор вучняў Тваіх разам з жанчынамі-міраносіцамі цешыцца, сьвяткуючы сусьветную ўрачыстасьць на славу і ў гонар Твайго ўваскрасеньня; з імі і мы ўсклікаем Табе: "Госпадзе Чалавекалюбча, дай людзям Тваім веліч Твайго зьмілаваньня".
Слава... цяпер...
Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева, бо Той, хто прыняў цела ад Цябе, пекла паланіў, Адама паклікаў, праклён зьнішчыў, Эву вызваліў, сьмерць умярцьвіў і нас ажывіў. Дзеля гэтага, славячы Цябе, клічам: "Блаславёны Ты, Хрысьце Божа, што так захацеў. Слава Табе".
Гіпакоі. Прыйшоўшы да магілы, каб памазаць цела Тваё, Хрысьце Божа, жанчыны сумеліся, угледзеўшы ў магіле анёла, які абвясьціў ім, што Госпад уваскрос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.
Узыходныя песьні.
Антыфан 1. Узношу вочы сэрца майго на неба да Цябе, Збавіцелю: збаў мяне зьзяньнем Тваім.
Зьмілуйся нада мною, які шмат і часта грашыў перад Табою, Хрысьце мой, і дай мне змогу пакаяцца ў час.
Слава... цяпер...
Сьвятому Духу належыцца панаваць, асьвячаць і ўздымаць усё стварэньне. Ён – Бог, адзінасутны з Айцом і Сынам.
Антыфан 2. Калі б Госпад ня быў з намі, хто б захаваўся цэлы ад ворага і чалавеказабойцы?
Не аддай слугі Твайго, Збавіцелю, у зубы ворагаў маіх, што, быццам ільвы, паўстаюць на мяне.
Слава... цяпер...
Сьвятому Духу належыцца пашана, бо ў Ім пачатак жыцьця: усё створанае Ён, як Бог, ахоўвае сілаю ў Айцу праз Сына.
Антыфан 3. Тыя, што спадзяюцца на Госпада, – быццам гара сьвятая: не пахіснуцца ад падкопаў ворага.
Тыя, што жывуць набожна, не працягваюць рук сваіх да беззаконьняў, бо Хрыстос не пакідае жэзла свайго на набытку сваім.
Слава... цяпер...
Сьвятым Духам даецца ўсякая мудрасьць: адтуль плыве ласка апосталам, узнагарода мучанікам за цярпеньні, дар прадбачаньня прарокам.
Пракімен. Устань, Госпадзе Божа мой, споўні запавет, які Ты нам даў, і збор людзей акружыць Цябе.
Верш. Госпадзе, Божа мой, на Цябе спадзяюся, збаў мяне.
Канон уваскросны
Песьня 1. Ірмас. Як некалі ў глыбіні марской Магутная Сіла патапіла фараонава войска, так Слова, што сталася целам, злосны грэх зьнішчыла: Усяхвальны Госпад вельмі ўславіўся.
Князь сьвету, якім мы былі зьняволеныя, запаветаў Тваіх, Усядобры, не паслухаў, і крыжом Тваім быў асуджаны: дакрануўся да Цябе, быццам да сьмяротнага, і быў адкінуты сілаю ўлады Тваёй, паказаўшы сваю бясьсільнасьць.
Ты, Збавіцелю роду людзкога і вечнага жыцьця Ўладару, прыйшоў на сьвет і ўваскрасеньнем Тваім разарваў сьмерці путы. Дзеля гэтага хвалім Цябе, бо Ты вельмі ўславіўся.
Багародзічны. Ты, Багародзіца, вышэйшая за ўсе бачныя і нябачныя стварэньні, бо Ты нарадзіла Творцу, які захацеў прыняць цела ва ўлоньні Тваім. Малі Яго з матчынай сьмеласьцю за збаўленьне душ нашых.
Песьня 3. Ірмас. Царква народаў, што раней была няплоднай, быццам пустыня, зацьвіла як кветка прыйсьцем Тваім, Госпадзе. У ёй умацавалася сэрца маё.
Усё стварэньне зьмянілася ад цярпеньняў Тваіх, убачыўшы, як Ты, які заснаваў усё Боскім загадам, прыняў вобраз убогага, і быў аддадзены ў рукі беззаконных на зьдзекі.
Ты, Хрысьце, рукою Тваёю стварыў мяне з пылу на вобраз Твой і, калі я быў зноў вернуты ў пыл за грахі, зышоў у пекла і ўзьняў мяне з сабою.
Багародзічны. Анельскія хоры зьдзівіліся, Усячыстая, і сэрцы людзей сумеліся, убачыўшы Тваё сынараджэньне. Дзеля гэтага ў веры шануем Цябе як Багародзіцу.
Песьня 4. Ірмас. Не хадайнік, не анёл, але сам Ты, Госпадзе, прыйшоў ад Дзевы і збавіў мяне, чалавека. Дзеля гэтага клічу: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Ты, Божа мой і Ўладару, стаў на судзе, як падсудны і, усклікнуўшы, вынес прысуд усім народам. Мукамі Тваімі, Хрысьце, Ты ўчыніў збаўленьне сьвету.
Мукамі Тваімі, Хрысьце, вораг быў абяззброены, і зыходам Тваім у пекла муры праціўнікаў разбураныя, і лютасьць мучыцеляў зьнішчаная.
Багародзічны. Мы, усе верныя, ведаем Цябе, Уладарка Багародзіца, як прыстанішча збаўленьня і непарушную сьцяну: бо Ты малітвамі Тваімі збаўляеш ад бедаў душы нашыя.
Песьня 5. Ірмас. Хадайнікам Бога і людзей Ты быў, Хрысьце Божа: Табою, Уладару, мы атрымалі доступ з ночы няведаньня да Крыніцы сьвятла, Айца Твайго.
Ты, Хрысьце Ўладару, сілаю Тваёю скрышыў, быццам кедры, хістаньні народаў, калі захацеў на кіпарысе, хвоі і кедры быць целам узьнесеным.
Ты, Хрысьце, быў пакладзены мёртвы і без дыханьня ў глыбокай яме. Ранамі Тваімі Ты ўзьняў з магілаў мёртвых, што там ляжалі забытыя.
Багародзічны. Малі Сына і Госпада Твайго, Дзева чыстая, даць супакой тым, што спадзяюцца на Цябе, і вызваленьне палонным ад нападаў праціўнікаў.
Песьня 6. Ірмас. З бездані грахоў маіх неспасьціглую бездань міласэрнасьці Тваёй клічу: ад тленнасьці, Божа, уздымі мяне.
Праведнік быў асуджаны як злачынец, і да дрэва прыбіты з беззаконнымі, даруючы крывёю сваёю адпушчэньне правінаў.
Адным чалавекам – першым Адамам – сьмерць прыйшла на сьвет; адзіным Сынам Божым уваскрасеньне зьявілася.
Багародзічны. Ты, Дзева, нарадзіла, ня ведаючы мужа, і засталася Дзеваю давеку, явіўшы нам вобраз сапраўднае боскасьці Сына і Бога Твайго.
Кандак. Ты ўваскрос з магілы, усемагутны Спасе, і пекла, угледзеўшы такі цуд, спалохалася, і мёртвыя ўсталі. Усё стварэньне, бачачы гэта, радуецца з Табою, і Адам цешыцца з усімі, і ўвесь сьвет, Спасе мой, вечна Цябе славіць.
Ікас. Ты, Збавіцелю, сьвятло тых, што ў цемры, уваскрасеньне і жыцьцё ўсіх людзей; Ты, Слова, усіх уваскрасіў з сабою, разбурыўшы ўладу сьмерці і скрышыўшы вароты пякельныя; мёртвыя ўбачылі цуд і зьдзівіліся, і ўсё стварэньне ўсьцешылася з уваскрасеньня Твайго, Чалавекалюбча. Дзеля гэтага аддаючы хвалу спагадлівасьці Тваёй, Спасе мой, увесь сьвет вечна Цябе славіць.
Песьня 7. Ірмас. Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля ўзьняў высока полымя; расу духоўную паслаў набожным юнаком Хрыстос блаславёны і ўсяслаўны.
У Тваёй добрасардэчнасьці, Уладару, Ты ня мог глядзець, як чалавек мучыцца сьмерцю, і таму прыйшоў і збавіў яго Тваёй крывёю, сам стаўшыся чалавекам. Ты – блаславёны і ўсяслаўны Бог айцоў нашых.
Убачыўшы Цябе, Хрысьце, апранутага ў вопратку адплаты, вартаўнікі пякельныя жахнуліся, бо Ты, Уладару, прыйшоў зьнішчыць бяздумнага раба-мучыцеля. Ты – блаславёны і ўсяслаўны Бог айцоў нашых.
Багародзічны. Мы ведаем Цябе як сьвяцейшую за ўсіх сьвятых, бо Ты, адзіная Дзева беззаганная і Маці, што мужа ня знала, нарадзіла нязьменнага Бога і для ўсіх верных праліла нятленнасьць боскім сынараджэньнем Тваім.
Песьня 8. Ірмас. Некалі печ вогненная ў Бабілёне халдэяў спаліла, а верных на загад Бога акрапіла расою, і яны запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Убачыўшы маю цялесную вопратку, чырвоную ад Тваёй крыві, Хрысьце, анельскія хоры жахнуліся, задрыжэлі ад Твайго доўгацярпеньня і ўсклікнулі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Ты, Шчодры, уваскрасеньнем Тваім апрануў сьмяротнасьць маю ў несьмяротнасьць. Дзеля гэтага ўдзячныя выбраныя людзі радасна ў песьнях славяць Цябе і ўсклікаюць: "Сьмерць сапраўды пераможаная!".
Багародзічны. Ты, Багародзіца ўсячыстая, зачала бяз семя ва ўлоньні і ў невыказны спосаб нарадзіла Неразьдзельнага з Айцом. Славім Цябе, бо Ты – збаўленьне ўсіх нас.
Песьня 9. Ірмас. Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.
Цудоўнае дрэва ўсячыстага Крыжа Твайго, Збавіцелю наш Хрысьце, пасаджанае на месцы пакараньня, быццам у раі, напоенае боскай крывёю і вадою з боку Твайго, быццам з боскае крыніцы, прарасьціла нам жыцьцё.
Ты, Усясільны, укрыжаваньнем Тваім дужых зьвёў уніз, а заняпалую людзкую прыроду, што ляжала ў пякельнай бездані, узьнёс і пасадзіў на Айцоўскім пасадзе. Дзеля гэтага пакланяемся Табе, які маеш прыйсці з ёю зноў, і ўзьвялічваем Цябе.
Траечны. Уславім верна ў песьнях патройную Еднасьць, Тройцу адзінасутную, непадзельную Боскую прыроду, трохсьветлую незаходную Зорку, адзіную нятленную, што зьзяе нам сваім сьвятлом.
Пахвальныя псалмы
Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.
Усё, што жыве і ўсякае стварэньне пяе хвалу Табе, Госпадзе, бо Ты зьнішчыў крыжом сьмерць, каб явіць людзям Тваё з мёртвых устаньне, адзіны Чалавекалюбча.
Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.
Хай скажуць гэбрэі, як яны не ўпільнавалі Ўладара? Чаму камень не зьбярог Каменя жыцьця? Хай аддадуць Пахаванага, або хай паклоняцца Ўваскросламу і скажуць з намі: "Слава велічы дабротаў Тваіх, Збавіцелю наш, слава Табе!"
Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
Радуйцеся, людзі, і весяліцеся, бо анёл зьявіўся на магільным камені і аб'явіў добрую вестку, кажучы: "Хрыстос уваскрос з мёртвых, Збаўца сьвету, поўны ўсялякай духмянасьці. Дык радуйцеся, людзі, і весяліцеся!".
Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.
Перад Тваім зачацьцем, Госпадзе, анёл прынёс Поўнай ласкі прывітаньне "Радуйся!". Анёл таксама адваліў камень ад Тваёй слаўнай магілы ў час уваскрасеньня Твайго. Першы сум перамяніў на радасьць; другі замест сьмерці абвясьціў нам Уладара Жыцьцядаўца. Таму мы клічам: "Госпадзе, Дабрачынца наш, слава Табе!".
Верш. Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце Яго на струнах і жалейцы.
Жанчыны палілі мірам са сьлязамі магілу Тваю; але іхнія вусны напоўніліся радасьцю, калі казалі: "Госпад уваскрос!".
Верш. Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Хай народы і людзі хваляць Хрыста Бога нашага, бо Ён дзеля нас крыж пацярпеў і тры дні ў магіле прабыў. Хай паклоняцца Ягонаму ўваскрасеньню з мёртвых, якім Ён прасьвятліў усе канцы зямлі.
Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
Ты, Хрысьце, быў расьпяты і пахаваны, як сам захацеў, але як Бог і Ўладар Ты сьмерць перамог і ўваскрос у славе, і даў сьвету вечнае жыцьцё і веліч зьмілаваньня.
Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Апячатаўшы камень, вы, нягоднікі, далі магчымасьць нам бачыць большы цуд. Вартаўнікі зразумелі, што Ён устаў з магілы, а вы загадалі ім: "Скажыце, што калі мы спалі, вучні прыйшлі і ўкралі Яго мёртвага, дый яшчэ голага!". Ён устаў у сіле як Бог і пакінуў у магіле пахавальныя палотны. Дык прыйдзіце і гляньце, як Ён перамог сьмерць і зламаў пячаці, і даў людзкому роду вечнае жыцьцё і багацьце зьмілаваньня.
Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.
Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
|