ПАНЯДЗЕЛАК РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Пакуль жывеш на зямлі, кайся, душая мая, бо пыл у магіле не пяе і не выбаўляе ад грахоў; усклікні Хрысту Богу: "Сэрцазнаўча Божа, зграшыла я Табе, але Ты, перш як асудзіць, пашкадуй і збаў мяне.
Як доўга, душа мая, будзеш заставацца ў грахох, як доўга будзеш адкладаць пакаяньне? Прыгадай суд, які цябе чакае і ўсклікні Хрысту Богу: "Сэрцазнаўча бязгрэшны Госпадзе, зграшыла я, але Ты зьмілуйся нада мною".
Слава... цяпер...
Прытулак і сіла нашая, Багародзіца, магутная памочніца сьвету, малітваю Тваёю збаўляй слугаў Тваіх ад усіх бедаў, адзіная Блаславёная.
Сядальная песьня 2. На страшным судзе буду без абвінаваўцаў абвінавачаны, бяз сьведкаў – засуджаны, бо будуць адкрытыя кнігі сумленьня і ўсе таемныя ўчынкі стануцца яўнымі. Таму, перад тым як на гэтым усенародным відовішчы будзеш дасьледваць усе мае ўчынкі, Божа, ачысьці і збаў мяне.
Ты, Госпадзе, ведаеш бездань маіх правінаў, дык працягні руку сваю, як некалі Пятру, і збаў мяне.
Вершапесьні
Разгублены розум мой засяродзь, Госпадзе, і аледзянелае сэрца маё ачысьці, і дай мне, як Пятру, пакаяньне, як мытніку – уздыханьні, і як блудніцы – сьлёзы, каб мне голасна клікаць: "Божа, збаў мяне, бо Ты адзіны добрасардэчны і чалавекалюбны!"
Часта грашу, нават калі малюся, бо вусны мае пяюць, а ў душы думаю пра непрыстойнае. Дай мне паправу, Госпадзе, пакаяньнем і збаў мяне.
Прыйдзіце, людзі, ушануем памяць сьвятых пакутнікаў, бо яны сталіся подзівам для анёлаў і людзей, і прынялі перамогу ад Хрыста, і моляцца за душы нашыя.
Слава... цяпер...
Сьвятая, усячыстая слава нябесных хораў, пахвала апосталаў і спаўненьне прарокаў, прымі, Уладарка, нашыя малітвы. |