Мірная літанія
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.
– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
Пасьля літаніі звычайна бывае чытаньне адпаведнай часткі (катызмы) Псалтыра. Калі чытаньняў няма (як напр. у нядзелі вечарам або на сьвяты Гасподнія), людзі адразу пачынаюсь сьпяваць “Госпадзе, цябе клічу”.
У суботу вечарам, і на вялікія сьвяты, апрача сьвятаў Гасподніх, сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:
Шчасьлівы той, хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.
Бо Госпад ведае шлях праведных, а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.
Служыце Госпаду са страхам, слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.
Шчасьлівыя ўсе, што спадзяюцца на Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Устань, Госпадзе, збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.
У Госпада збаўленьне ёсьць, і на людзях Тваіх блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы)
Малая літанія
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Калі чытаецца ўся катызма, яна дзеліцца на тры часткі, або стаяньні, кожнае з якіх заканчваецца ўслаўленьнем: Слава... цяпер... Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа (тройчы), і малой літаніяй. Першая літанія заканчваецца дакладна як вышэй, другая і трэцяя заканчваюцца воклікамі:
Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Бо Ты – Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Вячэрнія песьні (“Песьні пры запаленых сьвечках”)
Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140, потым вершы іншых псалмаў, чаргуючы іх з адпаведнымі песьнямі дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.
Псалом 140
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.
Пачуй мяне, Госпадзе!
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.
Пачуй мяне, Госпадзе.
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.
Пачуй мяне, Госпадзе.
Наступныя вершы, аж да “Вызваль з вязьніцы”, звычайна чытаюцца або зусім прапускаюцца:
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім і сьцеражы дзьверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзямі, якія чыняць бясчынствы: хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.
Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, я ж адзін перайду бясьпечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму распавядаю:
Дух мой зьнемагае ўва мне, Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю, куды ўцякаць: няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, бо яны мацнейшыя за мяне.
Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ўперамежку з вершамі псалмаў, пачынаючы ад наступнага:
(Пс 141) Вызваль з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму.
Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.
Калі ёсьць 8 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць тут:
(Пс 129) З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.
Хай вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго.
Калі ёсьць 6 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць пасьля наступнага верша:
Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
(Пс 116) Хваліце Госпада, усе народы; слаўце Яго, усе людзі.
Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Пахвальная песьня сьвятому, або сьвяту, калі ёсьць.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Пахвальная песьня Багародзіцы або, у сьвяты Гасподнія, сьвяту.
|