ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...") – шэсьць песьняў
нядзельных належнага тону, пасьля –
чатыры наступныя:
(Тон 5): Зазьзяй, Крыжу Гасподні, промнямі ласкі ў
сэрцах тых, што шануюць цябе. З любоўю абдымаем цябе, жаданьне сьвету ўсяго. Ты
асушыў нашыя сьлёзы суму, і мы, выбаўленыя ад сьмяротнай пасткі, вярнуліся да
бясконцай радасьці. Пакажы нам славу тваёй красы і дай узнагароду за
ўстрыманасьць слугам Тваім, якія ў веры шукаюць заступніцтва Твайго і велічы
зьмілаваньня.
Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, Царквы раю дзівосны, дрэва
нятленнасьці, што ўзрасьціла нам асалоду вечнае славы. Ты – прагнаньне бесаў і
радасьць анёлаў, Табою цешыцца мноства верных. Ты – неадольная зброя, аснова
непарушная, уладароў перамога, сьвятароў пахвала. Дай нам дачакацца мукаў
Хрыстовых і велічы зьмілаваньня.
Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла,
брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона: табою тленнасьць была
зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да
неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых
сапраўдная краса, прыстанішча збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.
Прыйдзі, першая пара людзей, што хітрасьцю чалавеказабойцы
ўпала з вышыняў, пакаштаваўшы дрэва горкую слодыч. Вось сапраўды пачэснае дрэва
зьяўляецца: дык прыйдзіце, радасна цалуйце яго і ўсклікніце з вераю: "Ты – наша
абарона, найпачэсны Крыжу, блаславёнае дрэва, нябесны парастак. Пакаштаваўшы
плоду твайго, мы вярнуліся зноў у першы рай і атрымалі нятленнасьць і веліч
зьмілаваньня".
Слава ...
(Тон 3): Хрысьце, Божа наш, што з уласнай волі
прыняў укрыжаваньне дзеля агульнага ўваскрасеньня роду людскога і крыжовым пяром, абмачыўшы пальцы ў
чырвані крыві Тваёй, у велічы чалавекалюбства Твайго, уладарна падпісаў нам усім
адпушчэньне: не пакінь нас цяпер, каб нам не аддаліцца зноў ад Цябе; але
зьмілуйся, адзіны Доўгацярплівы, над Тваімі людзьмі ў бядзе, і захавай нас ад
усякіх напасьцяў, бо Ты ўсё можаш.
Цяпер ...
Дагматык належнага тону.
Вершапесьні
нядзельныя належнага тону.
Слава ... цяпер ...
(Тон 4): Госпадзе, які дапамог лагоднаму Давіду
чужынца перамагчы, будзь абаронцам прававерных хрысьціянаў і крыжовай зброяю
перамажы нашых ворагаў. Пакажы нам, Добрасардэчны, Твае даўнейшыя міласьці, каб
зразумелі ўсе, што Ты – сапраўды Бог наш. Спадзеючыся на Цябе, перамагаем усе
нягоды і молімся Найчыстай Маці Тваёй, каб нам атрымаць веліч зьмілаваньня
Твайго.
Адпушчальныя трапары
Трапар нядзельны належнага тону.
Слава ... цяпер ...
Трапар Крыжа (Тон 1):
Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой
Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю
Твайго крыжа.
|