ЮТРАНЬ
Пасьля "Госпад – Бог..."
Трапар нядзельны належнага тону.
Слава ...
(Тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх...
Цяпер ...
(Тон 1): Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які
казаў Табе, Дзева:"Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца,
як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў
сабе Творцу ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з
Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім.
Далей – служба нядзельная належнага тону аж да канонаў.
Канон (Тон 1)
Канон нядзельны належнага тону і наступны Крыжа:
Песьня 1
Ірмас: Уваскрасеньня дзень! Узрадуемся, людзі:
сёньня Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба
Хрыстос Бог перавёў нас, якія пяём песьню перамогі.
Катавасія: Некалі слуга Божы Майсей даў нам вобраз
крыжа Твайго, калі ў Чырвоным Моры разьдзяліў ваду кіем сваім і правёў Ізраіля,
пяючы Табе, Хрысьце Божа, вызвольную песьню.
Песьня 3
Ірмас: Хадзеце, будзем піць пітво новае, ня з
каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы
Хрыста, якім мы ўмацоўваемся.
Катавасія: Умацуй мяне, Уладару Хрысьце, на камені
веры крыжом Тваім, каб розуму майму не пахіснуцца ад нападаў ворага, бо Ты
адзіны Сьвяты.
Сядальная песьня (Тон 6):
Крыж Твой сьвяты, Госпадзе, дае ацаленьні тым, што занядужалі ад грахоў.
Пакланяемся яму і молім Цябе: Змілуйся над намі.
Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і
пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.
Сёньня спаўняецца слова прарока: пакланяемся месцу, дзе
стаялі ногі Твае, Госпадзе, і, пакаштаваўшы з дрэва збаўленьня, вызваляемся ад
грахоўных пажаданьняў, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.
Слава ...
Як толькі Крыж Твой, Хрысьце Госпадзе, быў пастаўлены, асновы
сьмерці пахіснуліся. Пекла, якое хціва праглынула Цябе, адпусьціла Цябе са
страхам і трапятаньнем. Ты, Сьвяты, явіў нам збаўленьне, і мы ўзьвялічваем Цябе,
Сыне Божы. Зьмілуйся над намі.
Цяпер ...
Багародзіца Дзева, малі Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, які
быў дабравольна прыбіты да крыжа і ўваскрос з мёртвых, каб Ён збавіў душы нашыя.
Песьня 4
Ірмас: На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай
стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам ясна кажа: Сёньня
збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос, будучы ўсемагутным.
Катавасія: Убачыўшы Цябе на крыжы, сонца
спалохалася і схавала промні свае, усё стварэньне ўславіла Тваю
доўгацярплівасьць, і зямля напоўнілася хвалы Тваёй.
Песьня 5
Ірмас: Устанем рана да сьвітаньня і, замест
духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці,
што асьвятляе ўсім жыцьцё.
Катавасія: Зранку пяём славу Тваю, Добры
Збавіцелю, бо мы атрымалі супакой Крыжом Тваім, якім Ты абнавіў род людзкі і
прывёў усіх нас да незаходнага сьвятла.
Песьня 6
Ірмас: Ты, Хрысьце, зышоў у глыбіні падземныя і
разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра
кіта, устаў з магілы.
Катавасія: Ёна распасьцёр рукі свае ў нутры кіта,
даючы нам вобраз крыжа Твайго, і сілаю Тваёю, Слова, выйшаў адтуль непашкоджаны
.
Кандак Крыжа (Тон 7):
Ужо вогненны меч не сьцеражэ больш варот райскіх, бо яго патушыла дрэва
крыжовае, якім джала сьмерці і перамога пекла зьнішчаныя былі, і Ты, Спасе,
зьявіўся тым, што ў апраметнай, кажучы: "Хадзіце зноў у рай".
Ікас: Тры крыжы паставіў Пілат на Галгоце: два –
для разбойнікаў і адзін – для Жыцьцядаўцы. Убачыўшы яго, пекла сказала тым, што
былі з ім унізе: "Слугі і паплечнікі мае! Хто гэта ўбіў цьвікі ў сэрца маё, хто
зьнячэўку прабіў мяне драўляным кап'ём? Разьдзіраюць мяне яны, і я мучуся,
трывога агарнула нутро маё і пачуцьці. Дух мой увесь дрыжыць, і я вымушанае
адпусьціць Адама і яго нашчадкаў, якіх некалі дало мне дрэва райскае. І вось
дрэва ўводзіць іх зноў у рай".
Песьня 7
Ірмас: Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся
чалавекам, церпіць мукі, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў
красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.
Катавасія: Ты, Хрысьце, што выбавіў юнакоў у печы,
прыняў цела і зышоў на зямлю, быў прыбіты да крыжа і дараваў нам збаўленьне,
адзіны блаславёны, Божа айцоў, і ўсяслаўны.
Песьня 8
Ірмас: Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх
суботаў, уладарны і Гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над
урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.
Катавасія: Некалі вялікі прарок Даніла, укінуты з
ільвамі ў роў, распасьцёр крыжападобна рукі свае і застаўся цэлым, бласлаўляючы
Хрыста праз усе вякі.
Песьня 9
Ірмас: Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо
слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж,
Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Прыпеў: Слава, Госпадзе, крыжу і ўваскрасеньню
Твайму.
Ты, Божа і Жыцьцядаўца, зышоў у магілу, разьбіў усе аковы і
кайданы, і ўваскрасіў памёрлых, якія клічуць: Слава ўваскрасеньню Твайму,
Хрысьце, Збавіцелю ўсемагутны.
Магіла Твая, Хрысьце, дала мне жыцьцё, бо Ты, Уладару жыцьця,
зьявіўшыся, сказаў тым, што ў магілах: Усе палонныя, выходзьце на волю, бо Я
прыйшоў на адкупленьне сьвету.
Усе дрэвы хай усьцешацца, гледзячы на дрэва Крыжовае, якое
сёньня праслаўляецца: Хрыстос, як сказаў некалі Давід, узвысіў яго.
Я памёр праз дрэва, але ў табе, Крыжу Хрыстовы, я знайшоў
дрэва жыцьця. Ты – мой абаронца, надзейная ахова ад нападаў ворагаў. Пакланяюся
табе сёньня і клічу: Асьвяці мяне славаю тваёю.
Весяліся і радуйся, Царква Божая, пакланяючыся сёньня тройчы
сьвятому Крыжу Хрыстоваму, перад якім стаяць у страху анельскія хоры, што
акружаюць яго.
Слава ...
Божа сьвяты, адзіная Існасьць у Трох асобах! Пакланяюся Табе
– Айцу, і Сыну разам з Духам Сьвятым, – адзінаму Пачатку, адзінай Уладзе, што
кіруе ўсім.
Цяпер ...
Ты, Дзева, – гара вялікая, у якой пасяліўся Хрыстос, як
сказаў сьвяты Давід. Дзякуючы Табе, Усеблаславёная, мы былі ўзьнятыя да неба і
атрымалі ўсынаўленьне праз Духа Сьвятога.
Катавасія: Дзева Маці і існая Багародзіца, Ты
нарадзіла бясьсеменна Хрыста Бога нашага, які ўзышоў целам на крыж. Разам з Ім
Цябе мы ўсе, верныя, дастойна ўзьвялічваем.
Экзапастыляр нядзельны. Пасьля:
Слава ...
Гледзячы на выстаўлены сёньня пачэсны Крыж, паклонімся яму і,
цалуючы яго з вераю і любоўю, усьцешымся і папросім дабравольна расьпятага на ім
Госпада, каб Ён зрабіў нас годнымі пакланіцца Ягоным пачэсным мукам і неасудна
дачакацца ўваскрасеньня.
Цяпер ...
Усячыстая Дзева, дай нам, якія сёньня пабожна пакланяемся
Крыжу, на якім Сын Твой распасьцёр усячыстыя рукі свае, дажыць да збавенных
усепачэсных мукаў і пакланіцца сьветламу дню Пасхі Гасподняй, што прыносіць
радасьць усяму сьвету.
Пахвальныя псалмы
Пяць песьняў нядзельных належнага тону. Тады:
(Тон 4): Узьвялічым гучнымі песьнямі пачэсны крыж
і, цалуючы яго, усклікнем: "Крыжу пачэсны, асьвяці нашыя душы і целы сілаю
тваёю, і захавай бесьпечнымі ад усялякіх варожых напасьцяў тых, што пабожна
пакланяюцца табе".
Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і
пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.
Прыйдзіце, зачэрпніце вады ласкі, што дзякуючы крыжу пацякла!
Бачым крыніцу дараваньняў – дрэва сьвятое, напоенае крывёю і вадою Ўладара ўсіх, які быў дабравольна ўзьнесены на ім
і ўзьняў з сабою людзей.
Верш: Бог, Уладар наш спрадвеку, учыніў збаўленьне
пасярод зямлі.
Крыжу ўсяслаўны, ты – умацаваньне Царквы, падтрымка ўладароў,
сіла хрысьціянаў, манахаў пахвала і збаўленьне. Таму сёньня пакланяемся табе і
прасьвятляемся сэрцам і душою боскай ласкаю Таго, хто быў на табе расьпяты,
разбурыў уладу маны і зьнішчыў першасны праклён.
Слава ...
(Тон 8): Госпад у прыповесьці навучыў нас
пазьбягаць высакамернасьці фарысэйскай, і ня мудраваць вельмі, але думаць пра
сутнае. Ён даў нам самога сябе за прыклад, калі спустошыў сябе аж да сьмерці
крыжовай. Таму, аддаючы падзяку Яму, разам з мытнікам усклікнем: "Божа, што,
непадуладны цярпеньням, пацярпеў за нас, вызваль ад згубных страсьцяў і збаў
нас".
Цяпер ...
Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
Вялікае ўслаўленьне.
Падчас сьпеву "Сьвяты Божа..." сьвятар, у
поўнай сьвятарскай вопратцы, у суправаджэньні дыякана кадзіць тройчы вакол
ахвярніка, на якім ляжыць крыж. Пасьля бярэ крыж і разам з дыяканам, які трымае
кадзіла спераду, выносіць крыж паўночнымі дзьвярыма. Стаўшы перад райскімі
дзьвярыма, дыякан кажа ўголас:
Мудрасьць, устаньце!
Сьвятар і дыякан сьпяваюць трапар:
(Тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі
набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі,
і захавай верны Твой народ сілаю Твайго крыжа.
Людзі паўтараюць той самы
трапар двойчы.
Тымчасам сьвятар кладзе крыж на прыгатаваны стол, які
стаіць пасярод царквы, і кадзіць вакол яго тройчы. Пасьля сьвятар і дыякан,
стаўшы перад крыжам, сьпяваюць тройчы, робячы за кожным разам зямны паклон:
Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое
ўваскрасеньне Тваё славім.
Людзі паўтараюць тое самае тройчы, а пасьля сьпяваюць
наступную песьню, падчас якой усе прысутныя па чарзе падыходзяць пакланіцца
Крыжу:
(Тон 2): Прыйдзіце, верныя, паклонімся
жыцьцядайнаму крыжу, на якім Уладар славы Хрыстос дабравольна рукі расьцягнуў,
каб нас вярнуць да першаснага блаславенства, з якога нас хітрасьцю некалі вораг
абакраў і ўчыніў нас выгнаньнікамі, ад Бога далёкімі. Прыйдзіце, верныя,
паклонімся дрэву, якім мы ўдастоіліся скрышыць галовы нябачных ворагаў;
прыйдзіце, усе народы зямлі, каб песьнямі ўсхваліць крыж Гасподні. Радуйся,
Крыжу, поўнае збаўленьне ўпаўшага Адама, табою хваліцца сьвятая Царква і
перамагае ўсе нягоды сілаю тваёю. Сёньня мы, хрысьціяне, са страхам цалуем цябе
і славім да цябе прыбітага Бога, кажучы: "Госпадзе, што быў прыбіты да крыжа,
зьмілуйся над намі, бо Ты добры і Чалавекалюбец".
(Тон 8): Сёньня Ўладар стварэньня і Госпад славы вісіць, прыбіты да Крыжа, і бок Ягоны прабіты кап'ём.
Слодыч Царкоўная каштуе воцату. Вянцом з цярніны вянчаецца і апранецца ў
зьдзеклівую вопратку Той, хто пакрыў неба хмарамі. Рукой глінянай б'ецца Той,
хто сваёй рукой зрабіў чалавека. Церпіць біцьцё па плячах Той, хто пакрывае неба
хмарамі, і прымае аплёўваньні, зьдзек і насьмешкі. Усё цярпліва пераносіць мой
Бог і Збаўца дзеля мяне, грэшнага і асуджанага, каб у добрасардэчнасьці сваёй
збавіць сьвет ад маны.
Слава ...
(Тон 8): Сёньня Недаступны прыродаю робіцца
даступным для мяне і церпіць пакуты, каб збавіць мяне ад цярпеньняў. Той, хто
вяртае зрок сьляпым, аплёўваецца вуснамі злачынцаў і дае свае плечы на біцьцё
дзеля палонных. Калі Ягоная Чыстая Маці ўбачыла Яго на крыжы, Яна з болем
усклікнула: "Гора мне, Дзіця маё! Чаму Ты гэта зрабіў? Ты быў прыгажэйшы за ўсіх
сьмяротных людзей, а цяпер вісіш без жыцьця і выгляду, без усякай красы. Гора
мне, Сьвятло вачэй маіх! Не магу глядзець, як Ты ляжыш, заснуўшы; маё нутро ўсё
параненае, востры меч прабіў сэрца маё. Слаўлю царпеньні Твае, пакланяюся Тваёй
добрасардэчнасьці. Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!"
Цяпер ...
Сёньня спаўняецца слова прарока: пакланяемся месцу, дзе
стаялі ногі Твае, Госпадзе, і, пакаштаваўшы з дрэва збаўленьня, вызваляемся ад
грахоўных пажаданьняў, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.
|