(няпоўны варыянт)
Разьдзел 1.
1. (адсутнічае першая старонка машынапісу: Разьдзел 1: 1-12) 2. 3. 4. 5. 6. 7. 8. 9. 10. 11. 12. 13. Багацьце іх будзе разцягнутае, а дамы спустошаныя: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; панасаджываюць вінаграднікі, але ня будуць піць віна з іх. 14. Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі і сьпяшаецца; чуваць ужо голас дня Госпада. Горка ўсклікае тады нават самы адважны. 15. Днём гневу будзе гэты дзень, днём суму і прыгнёту, днём спусташэньня і разбурэньня, днём цемры і сутунку, днём хмары і імглы; 16. днём трубы і клікаў бойкі супроць абаронных гарадоў і высокіх вежаў. 17. І Я сьцясьню людзей і яны будуць хадзіць бы сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада і разляціцца іх кроў, як пыл, а цела іх, як гной. 18. Ані серабро іх, ані золата іх ня можа ўратаваць іх у дзень гневу Госпада, бо вагнём Ягонага гневу будзе пажортая ўся гэтая зямля, бо раптоўнае зьнішчэньне зробіць Ён усім жыхаром зямлі.
Разьдзел 2.
1. Угледзьцеся ўважна ў сябе, угледзьцеся, няўстрыманы народ, 2. пакуль не прыйшоў загад, дзень праляціць, як мякіна, пакуль не прыйшоў на вас палымнеючы гнеў Госпада, пакуль не прыйшоў на вас дзень гневу Госпада. 3. Шукайце Госпада, усе пакорныя на зямлі, тыя, што выпаўняюць Ягоныя законы; шукайце справядлівасьці, шукайце пакоры, можа быць, што вы схаваецеся ў дзень гнева Госпада. 4. Бо Газа будзе пакіненая і Аскалён апусьцее, Азот будзе выгнаны ў поўдзень і Эпрон будзе выкаранены. 5. Гора жыхарам узморра, народу Крыцкаму. Слова Госпада супроць Вас, Хананэі, зямля Філістынская. Я зьнішчу цябе і ня будзе ў цябе жыхараў, 6. і будзе ўзморра пастырскай аўчарняй і загародкай для быдла. 7. І дастанецца гэтая краіна астаткам Юдавага дому і будуць пасьвіць там, і ў дамох Аскалёну будуць адпачываць вечарам, бо Гаспод Бог наведае іх і верне палон іх. 8. Чуў я зьняважаньне Мааба і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекваліся над Маім народам і ўзьвялічыліся на ягоных межах. 9. Дзеля гэтага жыву Я – гаворыць Гаспод Саваоф, Бог Ізраіля: Мааб будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам крапівы, саляной ямай, пустыняй навекі; астаткі майго народу возьмуць іх, як дабычу, і пазасталыя з людзёў маіх атрымаюць іх. 10. Гэта будзе ім за гордасьць, за тое, што яны зьдзекваліся і ўзьвялічываліся над народам Госпада Саваофа. 11. Страшны будзе для іх Гаспод, бо зьнішчыць усіх багоў зямлі і будуць яму кланяцца, кожны са свайго месца – усе выспы народаў. 12. І вы, Этіопцы, будзеце зьнішчаныя маім мячом, 13. бо выцягну руку маю на поўнач і зьнішчу Асура і ператвару Ніневію ў руіну, у месца сухое, як пустыня 14. І будуць стады адпачываць сярод яе і ўсялякія зьвяры: пэлікан і сава будзе начаваць у рэзьбах яе; голас іх будзе чутны з вакон; зьнішчэньне будзе відно на дзьвярных вушакох, бо ня стане на іх абшыцьця з цэдру. 15. Вось чым будзе вясёлы горад, які жыве бясьпечна, гаворачы ў сэрцы сваім: – я горад і няма іншага, апрача мяне. Як ён стаўся руінаю, лагвом для зьвяроў. Кожны, хто будзе праходзіць міма пасьвішча і махне рукою.
Разьдзел 3.
1. Гора гэтаму нячыстаму і спаганенаму гораду, які робіць гвалты. 2. Ня слухае голасу, ня прыймае павучэньняў, не спадзяецца на Госпада, не набліжаецца да свайго Бога. 3. Князі ягоныя, пасярод яго, як равучыя львы, ягоныя судзьдзі – вячорныя воўкі, не пакідаюць да раніцы ні воднай косьці. 4. Ягоныя прарокі – людзі лёккамысныя і фальшывыя; ягоныя сьвятары паганяць сьвятыню, гвалцяць закон. 5. Гаспод [праведны сярод яго, ня робіць няпраўды, кожную]* раніцу выдае Свой асуд нязьменна, але бяззаконьнік ня ведае сораму. 6. Я зьнішчыў народы, зруйнаваў іх замкі, пустымі зрабіў іх вуліцы, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спустошаныя іхныя гарады, так што няма ніводнага чалавека, няма жыхароў. 7. Я казаў – бойся толькі мяне, прымай павучэньні, каб ня было зьнішчана дабро тваё і не дасягнула благое, якое я пастанавіў аб ім, але яны ахвотна псавалі ўсе свае дзеяньні. 8. Дык чакайце мяне, гаворыць Гаспод, да таго дня у якім уздымуся для пусташэньня, бо азначана мною сабраць народы, склікаць каралеўства, каб выліць на іх Свой гнеў і ўсю ярасьць майго гневу, бо вагнём зьнішчэньня пільнасьці маёй будзе пажортая ўся зямля. 9. Тады я ізноў дам народам чыстыя вусны, каб усе прызывалі імя Госпада і аднадумна Яму служылі. 10. З зарэчных краінаў Этіопіі, тыя што кланяюцца Мне, дзеці разсеяных Маіх прынясуць Мне дары. 11. У той дзень ня будзеш сароміць сябе усялякімі ўчынкамі, якімі ты грашыў супроць мяне, бо на той час выключу з пасярод цябе тых, што весяляцца са славы тваёй і ня будзеш больш вывышацца на Маёй сьвятой гары. 12. Але пакіну пасярод цябе народ пакорны і просты і яны будуць мець давер да Госпада. 13. Астаткі Ізраіля ня будуць рабіць няпраўды, ня будуць гаварыць маны і ня знойдзецца ў іх вуснах здрадлівага языка, бо самыя будуць пасьвіцца і адпачываць і ніхто не патрывожыць іх. 14. Засьпявай дачка Сыёну, сьвяткуй Ізраіль, весяліся і цешся ад усяго сэрца дачка Ерусаліму. 15. Адмяніў Гаспод свой прыгавор над табою, пражануў ворага твайго; кароль Ізраільскі ёсьць валадаром пасярод цябе: больш не пабачыш ужо благога. 16. У той дзень скажуць Ерусаліму: – ня бойся; і Сыёну: – няхай не слабеюць твае рукі. 17. Гаспод Бог твой пасярод цябе. Ён мае сілу збавіць цябе, разьвесяліцца над табою, будзе міласьцівы да цябе і будзе весяліцца аб табе са сьпевам, гаворачы: 18. Сумуючых па ўрачыстых сьвяткаваньнях Я зьбяру; твае яны і на іх цяжыць бярэмя лаянкі. 19. Вось зраблю Я канец усім прыгнятальнікам тваім, а захаваю кульгавае і выгнаных зграмаджу і прыгатоўлю ім славу і імя на ўсёй зямлі, у якой мелі яны крыўду. 20. У той час прывяду вас і тады-ж зьбяру вас; бо дам вам імя і славу паміж усімі народамі зямлі, калі верну палон ваш перад вашымі вачыма, гаворыць Госпад.
Пераклад Леаніда Галяка (не пацьверджана) Дата: каля 1950 г., Нямеччына Паводле машынапісу ў архіве бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан, скрыня "Біблейскія пераклады", тэчка "Пераклады Галяка", 5 ст. (-1) Алічбоўваньне: Алесь Аўдзяюк (с) электронная версія: Алесь Аўдзяюк (с) "Часасловец"
Каментар:
* - радок споўз і не надрукаваўся ў машынапісе, дададзены рэдактарам.
Адносна аўтарства: У сьпісе перакладаў, што ў лісьце Леаніда Галяка да біскупа Сіповіча, гэтая кніга не фігуруе., але лексіка выключна падобная да лексікі Галяка (“Гаспод”-“Госпадавы”, серабро, каралеўства, панасаджываюць, пажорты, і інш.), надрукаваны кірыліцай, у адрозьненьне ад перакладаў Тумаша, таксама і адмысловыя пунктуацыйныя элементы (перадача простай мовы праз “: - ”), прымушаюць і гэты пераклад залічыць да перакладаў Л. Галяка. Ды і ў архіве бібліятэкі Скарыны ён знаходзіцца ў тэчцы перакладаў Галяка. Магчыма, гэта пазьнейшая перасылка тэкстаў для Сіповіча, і таму не ўзгаданая ў галоўным (першым) лісьце. |